На таргі выставілі комплекс былой гальшанскай амбулаторыі, які знаходзіцца на вул. Барунскай. Участак размяшчаецца ў зоне нерухомых матэрыяльна-культурных каштоўнасцей. Інфармацыя аб аўкцыёне з’явілася на пляцоўцы «БУТБ-Имущество». 

У комплекс былой амбулаторыі ўваходзіць тэрапеўтычнае аддзяленне, дэзкамера, кухня-лабараторыя, будынак дзіцячай-кансультацыі, а таксама хлеў, пральня і кацельня.

Пераможца аўкцыёну зможа пераабсталяваць комплекс пад новы аб’ект аховы здароўя або прадастаўленне сацыяльных паслуг. Пачаць працы пакупнік абавязаны на працягу пяці гадоў з моманту заключэння дагавора куплі-продажу.

Аўкцыён адбудзецца 15 ліпеня 2026, стартавая сума лота – 26,980 руб.

Згодна з апісаннем комплексу, ён знаходзіцца ў зоне нерухомых матэрыяльна-культурных каштоўнасцей. У ахоўнай зоне ўладальнік не мае права мяняць вышыню будынка, кардынальна відазмяняць фасад, а таксама вешаць шыльды або кандыцыянеры без папярэдняга ўзгаднення праектнай дакументацыі з Мінкультам.

У 1964 годзе намаганнямі ўрача Альфонса Лаўрыновіча будынак па вул. Барунскай аддалі пад лякарню. Пазней шпіталь стаў адным з лепшых у вобласці – тут былі свае рэнтген і працэдурны кабінеты, амбулаторыя, а таксама тры аддзяленні: тэрапеўтычнае, хірургічнае і дзіцячае.

Ужо ў 90-я Лаўрыновіч дабіваўся будаўніцтва новага будынка, але не хапіла фінансавання. У выніку сучасную амбулаторыю ў Гальшанах пабудавалі ў 2017 годзе.

Чытайце таксама: Для рэканструкцыі гета ў Навагрудку стварылі наглядальны савет. Праект крытыкавалі яўрэйскія арганізацыі