В аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна завяршыўся рамонт неагатычнага касцёла Святых Пятра і Паўла — помніка архітэктуры XIX стагоддзя. Аднак праведзеныя работы выклікалі пытанні ў даследчыкаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Як паведамляе Telegram-канал «Спадчына», падчас рамонту знішчылі элементы гістарычнага інтэр’еру храма, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Што змянілася падчас рамонту

Паводле звестак аўтараў канала, у алтарнай частцы цалкам дэмантавалі гістарычны драўляны насціл з прыступкамі і балюстраду, якія захаваліся з XIX стагоддзя і былі зафіксаваныя на архіўных фотаздымках 1930-х гадоў. Замест іх зрабілі новы бетонны подыум.

Акрамя таго, інтэр’ер касцёла цалкам перафарбавалі ў белы колер. Хоць пад познімі пластамі фарбы маглі захоўвацца больш раннія дэкаратыўныя роспісы, якія імітавалі мармур.

У касцёле каля магілы Багушэвіча гістарычную падлогу замянілі на бетон. На рамонт паскардзіліся ў Мінкульт
Прыступкі ў касцёле з бетону. Фота: t.me/spadczyna

«У 1930-я гады архітэктурная дэкарацыя алтара была распісана пад мармур, пасля яе замазалі савецкай алейнай фарбай. Цяпер, замест навуковай расчысткі і рэстаўрацыі, і алтар, і ўсе сцены, і ўсе скляпенні проста пафарбавалі ў белы. Самае неверагоднае ў гэтай гісторыі тое, што касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як “Петрапаўлаўскі касцёл. Арнаментальныя роспісы інтэр’ера”. Гэта значыць, інтэр’ерныя роспісы — паўнавартасны элемент помніка архітэктуры, але сёння ў інтэр’еры няма ніводнага фрагмента гэтых роспісаў», — гаворыцца ў публікацыі.

У касцёле каля магілы Багушэвіча гістарычную падлогу замянілі на бетон. На рамонт паскардзіліся ў Мінкульт
Арган, пафарбаваны ў белы колер. Фота: t.me/spadczyna

У белы колер таксама пафарбавалі арган, размешчаны на хорах.

З інтэр’еру, як адзначаецца, зніклі некаторыя абразы з бакавых алтароў, а таксама гістарычныя абразы-стацыі ў характэрных рамах з крыжамі, якія былі бачныя на даваенных фотаздымках.

У касцёле каля магілы Багушэвіча гістарычную падлогу замянілі на бетон. На рамонт паскардзіліся ў Мінкульт
Так выглядалі скляпенні касцёла раней. Фота: скрын з відэа «Святыні Беларусі»

Скаргі накіравалі ў Мінкульт і пракуратуру

Аўтары Telegram-канала «Спадчына» паведамілі, што накіравалі звароты ў Міністэрства культуры і пракуратуру Гродзенскай вобласці. Яны просяць праверыць, ці выдаваліся неабходныя дазволы на правядзенне работ, а таксама забавязаць уласніка аднавіць страчаныя элементы інтэр’еру. Акрамя таго, на іх думку, навуковы кіраўнік аб’екта і мясцовыя ўлады павінны былі спыніць работы пры ўзнікненні пагрозы захаванасці помніка.

Улады ацанілі рамонт інакш

У той жа час вынікі рамонту станоўча ацанілі на старонцы Ашмянскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра ў Facebook. Там абноўлены інтэр’ер называюць «зіхатлівым» і адзначаюць, што рамонтныя работы «вярнулі святыні сапраўдны бляск, захаваўшы яе велічную і ўрачыстую атмасферу». У публікацыі таксама гаворыцца, што пасля рамонту Жупранскі касцёл стаў «яшчэ больш прывабным месцам для вернікаў і турыстаў».

У касцёле каля магілы Багушэвіча гістарычную падлогу замянілі на бетон. На рамонт паскардзіліся ў Мінкульт
Інтэр’ер касцёла раней. Фота: t.me/spadczyna

Гісторыя касцёла ў Жупранах

Касцёл Святых Пятра і Паўла ў аграгарадку Жупраны — помнік архітэктуры неаготыкі XIX стагоддзя і гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. Першыя згадкі пра каталіцкую парафію адносяцца да сярэдзіны XVI стагоддзя, аднак цяперашні мураваны храм пачалі будаваць у 1854 годзе. З-за падзей паўстання 1863–1864 гадоў будаўніцтва зацягнулася, а завяршылі яго толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў.

Побач з касцёлам знаходзіцца магіла беларускага паэта, публіцыста і аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Тут жа ўсталяваны помнік пісьменніку, а сам храм лічыцца адным з галоўных месцаў памяці, звязаных з яго імем. Менавіта ў гэтым касцёлі ў 1900 годзе прайшло адпяванне Багушэвіча.