У Навагрудку пачалася маштабная рэканструкцыя драўлянага кляштара назарэцянак на вуліцы 1 Мая, пабудаванага ў 1933 годзе. Будынак знаходзіцца ў цэнтры горада, недалёка ад Фарнага касцёла. Паводле слоў відавочцаў, на аб’екце ўжо дэмантавалі арыгінальную ашалёўку, вокны і дзверы, вядзецца разборка даху, а цагляную прыбудову знеслі цалкам. Пры гэтым, як сцвярджаецца, на месцы адсутнічае пашпарт аб’екта.

Пра тое, што стары драўляны будынак разбіраюць, піша Telegram-канал «Спадчына».

Будынак не мае афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму фармальна ўласнік можа праводзіць работы без абмежаванняў, нягледзячы на яго гістарычнае значэнне.

Гістарычнае і духоўнае значэнне будынка

Драўляны будынак мае асаблівае значэнне для горада і звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Тут жылі 11 сясцёр-назарэцянак на чале з Марыяй Стэлай (Адэляй Мардасевіч). У жніўні 1943 года яны добраахвотна прапанавалі свае жыцці ў абмен на вызваленне каля 120 арыштаваных жыхароў Навагрудка і мясцовага святара.

Пасля гэтага сясцёр вывезлі ў лес і расстралялі. Усе людзі, за якіх яны заступіліся, перажылі вайну.

У 2000 годзе Ян Павел II прылічыў навагрудскіх назарэцянак да ліку блажэнных мучаніц. Вядома, што адна з сясцёр — Малгажата Банась — не была пакараная смерцю.

У Навагрудку часткова разабралі старадаўні драўляны кляштар: рэканструкцыя выклікае пытанні
Рэканструкцыя кляштара. Фота: t.me/spadczyna

Пасля вызвалення Беларусі яна разам з манашкамі з Вільні дамаглася эксгумацыі целаў забітых навагрудскіх сясцёр. Іх целы перапахавалі 19 сакавіка 1945 года побач з Фарным касцёлам, абрад праводзіў той самы выратаваны ксёндз Зянкевіч.

Пасля ад’езду святара ў Польшчу сястра Малгажата засталася ў Навагрудку адна. Яна аж да сваёй смерці ў 1966 годзе даглядала касцёл і магілу. Каб не дапусціць яго закрыцця, яна арганізавала па нядзелях і святах набажэнствы без святара.

У Навагрудку часткова разабралі старадаўні драўляны кляштар: рэканструкцыя выклікае пытанні
Так выглядаў будынак. Фота: Яндэкс-карты

Рамонт будынка выклікае занепакоенасць

Нягледзячы на значнасць аб’екта, ён дагэтуль не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта выклікае трывогу ў мясцовых жыхароў і відавочцаў таго, што адбываецца. Паколькі рэканструкцыя можа прывесці да страты сапраўднага аблічча будынка.

Работы працягваюцца, аднак афіцыйнай інфармацыі пра праект рэканструкцыі і яго мэты пакуль няма, адзначаецца ў Telegram-канале «Спадчына».

У Навагрудку часткова разабралі старадаўні драўляны кляштар: рэканструкцыя выклікае пытанні
Від на Фарны касцёл і будынак кляштара. Фота: t.me/spadczyna

Мяркуючы па ўсім, будынак належыць рымска-каталіцкай манаскай супольнасці — Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта: адрас супольнасці супадае з адрасам гэтага аб’екта.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы