Аўтары Telegram-канала «Спадчына» звярнулі ўвагу, што ў Петрапаўласкім касцёле ў Жупранах Ашмянскага раёну правялі «сапраўдны еўрарамонт»: дэмантавалі гістарычны драўляны насціл, таксама кудысьці зніклі абразы з бакавых алтароў. Ксёндз касцёлу адрэагаваў на крытыку архітэктараў. 

Что адбылося з касцёлам?

Касцёл у негатычным стылі ў Жупранах будавалі ў 1853—1875 гады — будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Але падчас сучасных рэстаўрацыйных прац цалкам дэмантавалі гістарычны драўляны насціл з прыступкамі і драўлянай балюстрадай. 

«Замест аднаўлення аўтэнтыкі будаўнікі без захавання гістарычных абрысаў залілі новы бетонны подыум», — пішуць аўтары «Спадчыны». 

Архітэктары таксама адзначаюць, што ў 1930-я гады архітэктурную дэкарацыю алтара распісалі пад мармур, а пасля яе замазалі савецкай алейнай фарбай. 

«Цяпер, замест навуковай расчысткі і рэстаўрацыі, і алтар, і ўсе сцены, і ўсе скляпенні проста пафарбавалі ў белы. Самае неверагоднае ў гэтай гісторыі тое, што касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей», — выказваюцца аўтары. 

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей касцёл патрапіў менавіта з-за арнаментальных роспісаў інтэр’ера — гэта значыць, што размалёўкі з’яўляюцца паўнавартасным элементам помніка архітэктуры. Але цяпер паверх іх — белая фарба. 

«Сёння ў інтэр’еры няма ніводнага фрагмента тых роспісаў. У белы колер пафарбавалі нават арган на хорах. Бясследна зніклі некаторыя абразы з бакавых алтароў, а таксама гістарычныя абразы-стацыі ў характэрных рамах з крыжыкамі, якія таксама прысутнічалі на даваенных здымках», — піша «Спадчына». 

Што адказаў ксёндз на крытыку? 

У Instagram парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі вырашыў адказаць на пытанне, чаму касцёл цяпер унутры белы.

Ляшнеўскі кажа, што пры рэстаўрацыі помніка архітэктуры ёсць навуковы кіраўнік, які «сочыць, каб рэстаўрацыя была без пашкоджанняў для помніка». 

«Паводле намераў нашага кіраўніка <…> ў касцёл запрасілі групу рэстаўратараў з майстэрні «Басталія» пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча Мядзведзева, якія павінны былі разабрацца, які колер быў першапачатковым», — кажа Ляшнеўскі. 

Таксама спецыялісты высвятлялі, у якія колеры касцёл фарбавалі пазней. У выніку высветлілі некалькі фарбаў, але першапачатковым колерам быў той, што падобны да белага. 

«Таму мы вырашылі, што будзем маляваць касцёл так, як ён быў памаляваны першапачаткова. Пра тое, што ён першапачаткова быў белы, сведчыць і запіс у інвентарнай кнізе касцёла», — кажа ксёндз.

Ксёндз таксама патлумачыў, чаму цяпер на сценах касцёла не відаць тыя роспісы, якія былі там на фота ў 1930-я:

«Гэтыя ж спецыялісты з фірмы «Басталія» зрабілі зандажы на скляпеннях алтарнай часткі і на нашым галоўным алтары. Паводле фотаздымкаў 1930-х, у нашым касцёле на скляпеннях алтарнай часткі меліся прыгожыя алтарныя роспісы, якія паказвалі розныя хрысціянскія сімвалы і арнаменты.

«На жаль, спецыялісты, калі рабілі зандажы, не знайшлі на скляпеннях ніякіх фрэскаў. Ёсць фотаздымкі, таму мы ведаем дакладныя месцы, дзе быў той ці іншы арнамент. І калі ў гэтых месцах рабіліся зандажы, нічога не было знойдзена».

У пацвярджэнне сваіх слоў ксёндз паказаў паперу з афіцыйнай справаздачай рэстаўратараў — паводле яе, роспісаў сапраўды не знайшлі. Як кажа святар, апошні раз вернікі бачылі тыя фрэскі ў пачатку 1980-х. Пазней, у 1980-я, у храме рабілі рамонт. Што здарылася з фрэскамі — невядома. 

У касцёле хочуць аднавіць роспіс, але пакуль бракуе грошай. Таму па парадах навуковага кіраўніка рэстаўрацыі алтар закансервавалі і пафарбавалі яго ў белы колер. 

Што ў выніку? 

Аўтары «Спадчыны» падалі скаргу ў Мінкультуры, а таксама абласную пракуратуру на парушэнне заканадаўства. Архітэктар лічыць, што рэстаўрацыя касцёлу мае «прыкметы парушэннея Кодэкса аб культуры» — неабгрунтаванае змяненней і знішчэнне каштоўнасці. 

“Я запатрабаваў правесці праверку, высветліць наяўнасць дазволаў Мінкультуры на заліўку бетоннага подыума і абавязаць уласніка за свой кошт аднавіць знішчаныя элементы інтэр’ера ў першапачатковым выглядзе», — пішуць у «Спадчыне». 

Пад відэа ксяндза Артура Ляшнеўскага людзі пакідаюць каментары. Пішуць, што ў касцёле «стала вельмі прыгожа» і называюць ксяндза неверагодным. 

Чытайце таксама: Спадчына, якая знікае. Пад Ваўкавыскам руйнуецца ўнікальная драўляная царква, і выратаваць яе, здаецца, не атрымаецца