Забаўляльны цэнтр для дзяцей Banana City у ГЦ OldCity назаўжды спыняе сваю працу, паведамілі ў Instagram уладальнікі. Развітальны пост набраў больш за 300 каментароў – гродзенцы засмучаныя.

Згодна з пастом уладальнікаў Banana City, рашэнне аб закрыцці – не іх. Паўплывалі акалічнасці, справіцца з якімі прадпрымальнікі не могуць.

Апошні працоўны дзень Banana City будзе 18 кастрычніка. Дзіцячы забаўляльны цэнтр адпрацаваў 11 гадоў.

Пакуль планаў пераехаць і адкрыцца ў новым месцы ў ўладальнікаў няма.

“Мы з Мінска прыязджалі і заўсёды менавіта ў Банана Сіці ішлі”

У каментарах пад публікацыяй гродзенцы сумуюць з-за сыходу пляцоўкі. Некаторыя мяркуюць, што рашэнне аб закрыцці прыняў сам ГЦ OldCity – і лічаць гэта дзіўным учынкам.

«Куды бацькам падзець дзяцей, каб спакойна прайсціся па крамах? Будзем вельмі сумаваць!» – піша адна з удзельніц абмеркавання.

«Мы да вас прыходзілі часта з дачушкай. Цяпер дачушцы 18!!! А ўспаміны самыя цёплыя. Дзіця было шчаслівае заўсёды правесці ў вас час. Цяпер да вас прыходзіць унучачка. Ваш цэнтр гэта свята для дзяцей! Можа яшчэ можна нешта змяніць? Магчыма гэта часовая мера?” – распавядае іншая карыстальніца.

«На вялікі жаль у свеце заўсёды існуе несправядлівасць. Вельмі шкада, мы нават з Мінска прыязджалі і заўсёды менавіта ў Банана сіці ішлі гуляць з дзецьмі. Магчыма адны дзверы зачыніліся, нешта большае адчыніцца далей», — мяркуе беларуска.

Бацькі хочуць абараніць забаўляльны цэнтр

У каментарах адна з гродзенак прапанавала “абараніць права на існаванне” Banana City. Беларуска заклікае напісаць калектыўны зварот.

«Збярыце подпісы, імёны бацькоў і дзяцей сярод вашых аднагрупнікаў з саду, школ, двара і схадзіце ў адміністрацыю ГЦ з гэтай заявай. Калі нас будзе шмат, калі нам важны гэты пакой — можа нешта зменіцца», — піша гродзенка.

У каментарах пад яе прапановай ужо іншая беларуска прапанавала звяртацца да OldCity і прасіць пакінуць гульнявую.

У выніку ў выходныя ў Threads з’явіўся пост-«калектыўная просьба».

«Просім не зачыняць Банана сіці! Калі нешта падобнае (гульнявая) будзе адкрыта на гэтым месцы, вельмі шмат людзей не павядуць сваіх дзяцей туды з прынцыпу!!! Пачуйце нас!» – напісалі бацькі.

Чытайце таксама: Гродзенка паскардзілася, што горад не прыстасаваны пад прагулкі з дзецьмі. Іншыя мамы падказалі месцы