Жыхарка Гродна паказала ў Threads разбіты тратуар на спуску каля Скідзельскага рынку. У каментарах гродзенцы назвалі іншыя праблемныя ўчасткі, расказалі пра падзенні пешаходаў і раварыстаў, а таксама падзяліліся розным досведам зваротаў у службу 115. На гэта звярнуў увагу канал пра ўрбаністыку Urban Hrodna.
«Цяжка паверыць, што ў Гродне дагэтуль ёсць такія разваленыя тратуары», – напісала аўтарка публікацыі і дадала фота пакрыцця з ямамі, расколінамі і выбоінамі. Допіс сабраў больш за 8,5 тыс. праглядаў і дзясяткі каментароў.

Дзе ў Гродне скардзяцца на тратуары
Удзельнікі дыскусіі пісалі, што падобныя ўчасткі ёсць амаль ва ўсіх раёнах горада. Сярод названых месцаў:
- вуліца Горкага, 61;
- вуліцы Гагарына, Міра і Дамброўскага;
- вуліцы Ліможа, Урублеўскага, Рэпіна, Вясновая і Белуша;
- праспект Будаўнікоў;
- вялікая частка бульвару Ленінскага Камсамола – ад кальца на Фартах да кальца каля раддома;
- вуліца Брыкеля каля Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната № 1 і каля Гімназіі №6;
- вуліца Дзяржынскага, 101А.

Асобна гродзенцы згадалі тэрыторыю каля былога палаца культуры «Юнацтва». Паводле адной з каментатарак, там разбураецца не толькі тратуар, але і прыступкі, з якіх тырчыць арматура. Заяўка на рамонт, пададзеная праз службу 115, застаецца «на кантролі» з красавіка, а стан лесвіцы за гэты час яшчэ пагоршыўся.
Адзін з удзельнікаў дыскусіі напісаў, што паводле ягонага назірання – у такім стане траціна тратуараў у Гродне. Па некаторых тратуарах складана праехаць з дзіцячым вазком, каб, напрыклад, дабрацца да лесапарку “Пышкі”.
Чытайце таксама: У Гродне паставяць новыя святлафоры і абсталююць прыўзнятыя пераходы
Няроўнае пакрыццё стварае дадатковыя рызыкі і для раварыстаў. Напрыклад, па дарозе на Юбілейнае возера раварыст упаў на ўчастку, які афіцыйна лічыцца веладарожкай. Давялося выклікаць хуткую дапамогу. Іншы каментатар расказаў, што яго дачка ўпала падчас прабежкі, пашкодзіла локаць і калена, а таксама разбіла тэлефон.
Ці дапамагаюць заяўкі ў службу 115
Аўтарка публікацыі прапанавала гродзенцам паведамляць пра разбітыя тратуары праз партал 115.бел або па тэлефоне 115. Аднак досвед удзельнікаў дыскусіі аказаўся розным.
У кагосьці залаталі ямы ў двары і адрамантавалі люк ліўневай каналізацыі ўжо праз два тыдні пасля звароту ў 115. Але некаторыя гродзенцы незадаволеныя вынікамі. Адна з удзельніц дыскусіі пакінула 26 заявак наконт разбітых тратуараў, але выканалі толькі адну. Яшчэ адзін карыстальнік расказаў, што яго заяўку закрылі без рамонту. Яму патэлефанавалі і паведамілі, што тратуар нібыта знаходзіцца ў прымальным стане. Частка заявак, паводле каментатараў, месяцамі застаецца «на кантролі».
Як павялічыць шанец рамонту тратуара
Звароты могуць даць вынік, хаця рамонт робяць не заўсёды і не адразу. Практыка паказвае, што на рашэнне можа паўплываць масавасць – вялікая колькасць заявак з адной вуліцы хутчэй прывядзе да выніку.
Для лакальных ям і выбоін трэба пакідаць заяўкі ў 115 з дакладным адрасам і фотаздымкамі. Калі гаворка ідзе пра працяглыя ўчасткі тратуараў, напрыклад, пра дзясяткі метраў па абодвух баках бульвара, варта звяртацца яшчэ і ў гарвыканкам.


