У Гродне ў аднаго з жыхароў шматпавярхоўкі скралі пакет з ежай, якую кур’ер пакінуў каля ўваходных дзвярэй. Аказалася, што прадукты забраў беспрацоўны сусед – у адносінах мужчыны распачалі крымінальную справу.
Пра знікненне прадуктаў у Кастрычніцкае РУУС Гродна паведаміў адзін з мясцовых жыхароў. Дастаўку мужчыне напярэдадні замовіла яго маці з-за мяжы – пасылку кур’ер даставіў познім вечарам і пакінуў яе каля ўваходных дзвярэй на лесвічнай пляцоўцы шматпавярхоўкі.
Раніцай мужчына пакет не знайшоў. Міліцыянеры апыталі жыхароў дома і высветлілі, што прадукты скраў 43-гадовы беспрацоўны сусед. Ён знайшоў пакет у 23:00 і вырашыў забраць сабе.
Сума шкоды склала амаль 320 рублёў. Распачалі крымінальную справу – суседу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Выкрадзеныя прадукты канфіскавалі.
Чытайце таксама: Мама са Смаргоні паскардзілася, што падлеткі замінаюць малодшым дзецям на дзіцячай пляцоўцы. Скейт-парк для іх у горадзе так і не пабудавалі



