У Гродне змянілі схему паркоўкі на ўчастку вуліцы Ажэшкі паміж вуліцамі Сацыялістычнай і Тэлеграфнай — уздоўж будынкаў «Белпошты» і аптэкі. Цяпер прыпынак і стаянка аўтамабіляў тут цалкам забароненыя. На змены звярнуў увагу чытач «АўтаГродна» Сяргей, а выданне паглядзела, як цяпер выглядае адна з цэнтральных вуліц горада.

Што змянілася

Раней забарона дзейнічала толькі на частку гэтага ўчастка. Пад знакам «Прыпынак забаронены» была ўстаноўлена таблічка 7.2.3 («Канец зоны дзеяння»), таму пасля знака кіроўцы пакідалі свае машыны. Паводле даных сэрвісу «Яндэкс.Карты», тут змяшчалася каля 13–15 машын.

На ўчастку вуліцы Ажэшкі цалкам забаранілі паркоўку
Як было. Фота: autogrodno.by

Цяпер таблічку замянілі на 7.2.4 («Зона дзеяння»). Яна паказвае, што забарона распаўсюджваецца і далей за знакам. У выніку паркоўка на ўсім ўчастку ўздоўж пошты і аптэкі стала немагчымай.

Такі ж знак з таблічкай 7.2.4 усталявалі і з боку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, каб забарона была зразумелая кіроўцам, якія рухаюцца ў абодвух напрамках.

На ўчастку вуліцы Ажэшкі цалкам забаранілі паркоўку
Новы дарожны знак. Фота: autogrodno.by

Цяпер на ўсім ўчастку паміж вуліцамі Сацыялістычнай і Тэлеграфнай уздоўж будынкаў пошты і аптэкі прыпынак і стаянка забароненыя.

Што будзе за няправільную стаянку

За парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі прадугледжаны штраф у памеры адной базавай велічыні (45 рублёў). Акрамя таго, аўтамабіль могуць эвакуяваць на штрафстаянку.