Гродзенскі комплекс будынкаў былой гарадской бальніцы №2 на вуліцы Гагарына, 5 плануецца рэканструяваць пад шматкватэрныя жылыя дамы. Пра тое, што праект вынесены на грамадскія абмеркаванні, паведаміла газета «Гродзенская праўда». Пры гэтым на момант публікацыі навіны адпаведнай аб’явы на сайце Гродзенскага гарвыканкама яшчэ не было.
Што планавалі зрабіць з будынкам раней
Комплекс былой гарадской бальніцы №2 займае ў тым ліку гістарычныя будынкі былога францысканскага манастыра XVII стагоддзя, якія ўваходзяць у лік аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. Таксама тут ёсць некалькі будынкаў, якія былі пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.
Пасля адкрыцця новай бальніцы на праспекце Янкі Купалы ўлады не раз абмяркоўвалі, як выкарыстаць вызваленыя памяшканні. Падчас візіту ў Гродна Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў размясціць тут гуртажытак, а тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік казаў, што дзякуючы размяшчэнню побач з гістарычным цэнтрам комплекс можна прыстасаваць пад гасцініцу.
Пазней, у эфіры праекта «Белая Русь online», намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк распавядаў, што ў будынку могуць адкрыць гасцініцу або зрабіць арэнднае жытло. Паводле яго слоў, старыя памяшканні ўжо даўно не адпавядаюць сучасным санітарным патрабаванням, а рэканструяваць гістарычныя корпусы пад патрэбы сучаснай медыцыны было б складана.
А як планавалі да гэтага?
Раней у межах зацверджанага дэтальнага плана гістарычнага цэнтра Гродна да 2030 года збіраліся будаваць новы корпус бальніцы № 2 паблізу цяперашняй установы — у раёне Леванаберажнай. Таксама згодна з праектам у раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 2 збіраліся пабудаваць падземны паркінг, які б абслугоўваў не толькі бальніцу.
У плане было закладзена стварэнне праходу да Нёмана ад вуліцы Гагарына паміж францысканскім касцёлам і бальніцай у працяг тупіковай цяпер вуліцы Агародняй. Гэтая ідэя таксама была ў генплане 1988 года.
Гісторыя другой гарадской бальніцы
Гарадская клінічная бальніца № 2 была адной з найстарэйшых медыцынскіх устаноў Гродна. Яна была адкрыта ў жніўні 1944 года. Першыя аддзяленні размясцілі ў будынках былога францысканскага манастыра на левом беразе Нёмана. Першапачаткова бальніца была разлічана на 100 коек і мела ўсяго два аддзяленні — хірургічнае і тэрапеўтычнае.
Пасля ўстанова пашыралася. У 1958 годзе побач з былым манастыром быў пабудаваны новы чатырохпавярховы будынак, а ў 1964 годзе бальніца афіцыйна атрымала статус Гарадской клінічнай бальніцы № 2. У 1984 годзе побач з’явіўся сяміпавярховы лячэбны корпус.
Апошнім чатам тут працавалі гастраэнтэралагічнае, кардыялагічнае, тэрапеўтычнае, афтальмалагічнае, атарыналарынгалагічнае і іншыя аддзяленні. На момант працы ўстановы коічны фонд складаў 351 месца, а ў бальніцы працавалі больш за 400 супрацоўнікаў.


