У Беларусі зноў пачалі прадаваць чыпсы Lay’s са смакам белых грыбоў у смятане. Іх ужо прадаюць у крамах, але з-за вялікага попыту адшукаць чыпсы атрымоўваецца не заўсёды. Гродзенцы палююць на пачкі, а некаторыя скупляюць чыпсы скрынямі і перапрадаюць іх у Threads.
Верагодна, такі высокі ажыятаж звязаны з тым, што раней у Беларусі ўжо прадаваліся чыпсы Lay’s з падобным смакам – беларусы яго палюбілі.
Таксама ў мінулыя выхадныя ў Мінску прайшоў буйны рэкламны фестываль, арганізатарам якога выступіў Lay’s – мерапрыемства прысвяцілі чыпсам са смакам грыбоў у смятане.
«Учора чытала, што смак у іх стаў іншы, дык вось, не, не стаў, ён такі ж яркі і сметанковы, максімальна прыемны і салёны (у лэйс усё салёнае з пераборам, як па мне), але як толькі я іх зноў пакаштавала, я нібы зноў стала тым дзіцем, якому мама прыносіць чыпсы. Гэта неверагоднае пачуццё», — пацвярджае каментатарка.
“Гітлер пакідаў больш”: гродзенцы палююць за чыпсамі
У Threads з’яўляецца ўсё больш пастоў, дзе гараджане расказваюць, як шукалі чыпсы па ўсім горадзе і наракаюць, што ўсе ўпакоўкі разабраны. Некаторыя гродзенцы ў выпадку няўдачы выказваюцца вельмі эмацыйна. Мяркуючы па пастах, некаторыя бяруць адразу 5-10 пачкаў – ёсць відавочцы і фота.
«Падавіцеся вазьміце 8, 9 вазьміце, ну адзін пакіньце, у вас ёсць сумленне? Чынгісхан пакідаў больш, Гітлер пакідаў больш», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Людзі, якія хаваюць у краме чыпсы Lays белыя грыбы са смятанай, у вас усё ў парадку з галавой? Гэта трэш», — выказваецца яшчэ адзін беларус.
«Я хачу купіць гэтыя ЧЫПСЫ З белымі ГРЫБАМІ!!! Мы ездзім усюды, дзе пішуць, што яны ёсць і іх НІДЗЕ НЯМА!!! Я зараз буду плакаць ужо… », – напісала яшчэ адна карыстальніца.
У сацсетках працуе ўзаемавыручка: гродзенцы дзеляцца свежымі адрасамі, дзе з’яўляюцца чыпсы, і гатовы купіць для іншага, калі ў таго няма магчымасці.
Перакупы і замовы з маркетплэйсаў: людзі гатовыя пераплачваць
Упакоўка Lay’s аб’ёмам 100 грам каштуе 4,99 руб. у «Еўраопт». Тым не менш, у сетцы ўжо з’яўляюцца аб’явы аб перапродажы – адзін з карыстальнікаў прапануе жыхарам Гродна «прадаць па-братэрску» некалькі упаковак. Кошт чыпсаў не пазначыў.
Іншая карыстальніца з Гродна гатова купіць упакоўку за 10 руб. і шукае тых, хто гатовы ей прадаць Lay’s. Яшчэ адна каментатарка з Беларусі напісала, што заказала пачак з Wildberries — пераплаціла ў тры разы ад арыгінальнага кошту.
«Тыя хто скупляе па шмат пачкаў і потым прадае ў трэдс – смярдзючкі!», – напісаў жыхар Гродна.
Дзе ў Гродне шукаць Lay’s з белымі грыбамі?
Hrodna.life вывучыў каментары карыстальнікаў і сабраў адрасы крам у Гродне, дзе гараджане бачылі Lay’s з белымі грыбамі ў смятане. Але сітуацыя можа змяніцца – чыпсы разбіраюць цягам 20 хвілін.
- “Карона”, вул. Касманаўтаў, 81.
- “Карона”, вул. Янкі Купалы, 16а.
- «Грошык», вул. Соламавай, 131.
- “Еўраопт”, вул. Перамогі, 47.
- “Еўраопт”, вул. Дубко, 17.
- «Дабраном», вул. Горкага, 53.
- Крама «Сигареты», вул. Суворава, 143.
«Калі вы хочаце вылавіць гэтыя чыпсы, то бессэнсоўна шукаць у буйных крамах. Іх раскупляюць за 30 хвілін. Мы знайшлі ў маленькай крамачцы ў дварах дзе прадаюць піва на разліў», – параіў адзін з карыстальнікаў.
Іншыя раяць проста пачакаць: “Пачакайце пакуль самыя галодныя наядуцца, і не будзе праблемы купіць іх)”.
Чытайце таксама: «WB можна выдаляць?» Беларусы расказваюць пра затрымку замоў з Wildberries — пра прычыны можна здагадацца



