Гродзенскі фатограф, гісторык і былы выкладчык ГрДУ Сяргей Марозаў, які цяпер жыве ў Беластоку, выдаў там сваю першую аўтарскую фотакнігу. «Układ planet lokalnych: Osobisty atlas Białegostoku» («Сістэма лакальных планет: асабісты атлас Беластока») распавядае пра знаёмства з новым горадам пасля эміграцыі і пра тое, як чужая прастора паступова становіцца сваёй.

Пра выхад кнігі Сяргей Марозаў расказаў у Facebook. Для яго гэта не першая публікацыя: як гісторык ён напісаў пяць кніг, а яшчэ больш чым у дзесяці выданнях быў адзіным або асноўным фатографам. Але новую кнігу Марозаў называе асаблівай.

«На гэты раз усё так, як павінна быць»

Раней, паводле слоў Марозава, кожны раз чагосьці не хапала, каб лічыць фотакнігу цалкам сваёй.

«Або я не быў галоўным аўтарам, а толькі рабіў фатаграфіі, або быў не адзіным фатографам, або кніга была цалкам маёй, але не мела патранату і ISBN (унікальны ідэнтыфікатар кнігі для сусветнага рэестра выданняў, які дазваляе весці ўлік і пошук кніг, выдадзеных па ўсім свеце), а наклад складаў усяго некалькі асобнікаў.

На гэты раз усё так, як павінна быць: адзін аўтар, патранат — Fotoklub RP Stowarzyszenie Twórców, ISBN, нармальны наклад — і нават абавязак перадаць асобнікі ў Нацыянальную бібліятэку», — расказаў Марозаў.

Раней у Польшчы ўжо выходзіла кніга з яго працамі, аднак у ёй Марозаў удзельнічаў толькі як фатограф.

«Асабісты атлас Беластока». Гродзенскі фатограф выдаў у Польшчы кнігу пра жыццё ў эміграцыі
Кніга. Фота: facebook.com/banifacyjj

Беласток як сістэма асобных планет

«Układ planet lokalnych: Osobisty atlas Białegostoku» — фатаграфічная гісторыя пра знаёмства і паступовае засваенне новага горада пасля эміграцыі.

Спачатку, напісаў Марозаў, кожнае месца ў Беластоку здавалася яму асобнай замкнёнай прасторай — маленькім светам, ніяк не звязаным з суседнімі «планетамі». З часам гэтыя месцы пачалі злучацца паміж сабой і складацца ў зразумелую карту.

«Гэта гісторыя пра тое, як гэтыя асобныя светы паступова пачалі злучацца ў зразумелую карту і адзін уласны свет. Гэта асабісты атлас, які складаецца з штодзённых маршрутаў, месцаў і гісторый, звязаных з маім новым жыццём у Беластоку», — тлумачыць фатограф.

Пра куплю кнігі можна запытаць у аўтара ў сацсетках. Ён даставіць яе поштай. Пакуль наклад — 60 асобнікаў.

Ад выкладчыка ГрДУ да зваршчыка

Сяргей Марозаў — гродзенскі фатограф і відэамастак, кандыдат гістарычных навук, дацэнт і выкладчык у трэцім пакаленні. У Гродне ён выкладаў ва ўніверсітэце, у тым ліку фотажурналістыку, займаўся мастацкай здымкай з дрона, здымаў мерапрыемствы і праводзіў курсы фатаграфіі.

Марозаў — аўтар кніг «Даследчыкі гісторыі ВКЛ», «Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795–1939 гг.)», суаўтар кнігі «Мастацкая спадчына Беларусі».

Увосень 2020 года Марозаў напісаў заяву на звальненне з ГрДУ, да гэтага яму вынеслі выгаву. Пасля выбараў і пратэстаў 2020 года ён трапляў пад адміністрацыйнае пераследванне.

Страціўшы магчымасць займацца навуковай дзейнасцю, у 2023 годзе ён перавучыўся на зваршчыка і некаторы час працаваў па новай спецыяльнасці.

Сам Марозаў пазней апісваў тое, што адбылося, як «рух па сацыяльным ліфце ўніз»:

«У Беларусі не без знешняй дапамогі я спусціўся па сацыяльным ліфце ад без пяці хвілін прафесара да зваршчыка. Ад вядомага фатографа да чалавека ў блэк-лісце, з якім нельга працаваць».

Эміграваў у Польшчу і працягнуў здымаць

Увосень 2024 года Марозаў разам з сям’ёй эміграваў у Польшчу і пасяліўся ў Беластоку. Адной з прычын ад’езду ён называў ціск на сям’ю пасля таго, як яе паставілі ў сацыяльна небяспечнае становішча праз стары адміністрацыйны пратакол Марозава.

Пасля пераезду ў Польшчу ён уладкаваўся зваршчыкам — сам казаў, што гэта было часовым рашэннем, якое дапамагло разабрацца з фармальнасцямі на новым месцы. Пры гэтым фатаграфію Марозаў не пакінуў: працягнуў актыўна здымаць, пачаў публікаваць працы і тэксты на польскай мове і праводзіць у Беластоку заняткі па фатаграфіі.