Пра здарэнне з трэнерам гродзенскага футбольнага клуба «Нёман» Ігарам Кавалевічам стала вядома падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай перамозе каманды з лікам 3:0. Матч з ФК «Баранавічы» 10 кастрычніка стаў юбілейным для Кавалевіча – цяпер у яго 600 сустрэч на вышэйшым узроўні ў якасці галоўнага трэнера. Калі яму нагадалі пра круглую лічбу, ён заявіў, што да юбілею мог і не дажыць.
«Я павінен быў згарэць у горадзе Іванава»
Кавалевіч сказаў, што 600 матч мог і не наступіць. «Мяне вельмі любіць радзіма мая, таму я, напэўна, мусіў згарэць у горадзе Іванава. Я там нарадзіўся і, на шчасце, застаўся жывы. Магло б быць 599 матчаў, а так – 600. Будзем рухацца далей, наколькі дазволяць сілы», – сказаў Кавалевіч.
Журналісты Tribuna.com пішуць, што гэта “не жарт або метафара” – за словамі трэнера крыецца здарэнне, якое магло скончыцца трагедыяй.
Што здарылася з Кавалевічам?
У пачатку кастрычніка Onliner напісаў пра кросовер Volvo XC90, які загарэўся на хаду на адной з беларускіх дарог. Спачатку з-пад капота з’явіўся дым, затым успыхнуў маторны адсек. Вадзіцель па незразумелых прычынах заставаўся ў салоне. Кіроўчыя дзверы адчыніў мужчына, які выбег з іншага аўтамабіля. Кіроўца выбраўся і амаль адразу з-пад капота вырвалася полымя. Трэнер вярнуўся на некалькі секунд і забраў нешта з салона, праз хвіліну, калі машына гарэла яшчэ мацней, Кавалевіч адкрыў багажнік і выкінуў адтуль рэчы. Трэнер спрабаваў пагасіць пажар вогнетушыцелем, але гэта не дапамагло.
Пасля журналісты высветлілі, што аўто належала “дастаткова вядомаму чалавеку ў краіне — футбольнаму трэнеру”.
Той пацвердзіў, што аўто сапраўды загарэлася. Усё адбылося досыць хутка і, хаця экстраныя службы прыехалі аператыўна, аўто моцна пацярпела ад агню. Невядома, што стала прычынай узгарання.
Ужываны Volvo XC90 у залежнасці ад года выпуску і камплектацыі можа каштаваць ад $20 да $40 тыс. Кошты на новыя мадэлі стартуюць ад $85 тыс.
Чаму трэнер згадаў Іванава?
Ігар Кавалевіч нарадзіўся ў райцэнтры Іванава, футболам жа пачаў займацца ў гарадскім пасёлку Антопаль Драгічынскага раёна. У Антопалі будучага трэнера выхоўвалі бабуля і дзед. У адным з інтэрв’ю Кавалевіч расказваў, што з-за пераездаў сям’і, дзе бацька быў ваенным, прыйшлося змяніць пяць школ.
Пасля ў Антопалі жылі бацькі трэнера, таксама там па сёння праводзяць дзіцячы футбольны турнір на прызы Кавалевіча.
Чытайце таксама: Былая прыбіральшчыца з Гродна купіла асабняк коштам пад мільён долараў. Яе дачка ездзіла на ВНС




