Гэтая трагедыя здарылася ў кастрычніку 1963 года. Звычайнае чалавечае разгільдзяйства прывяло да чалавечых ахвяр. Некалькі студэнтаў гродзенскага сяльгасінстытута загінула пад гусеніцамі цягача.
Упершыню гэты матэрыял быў апублікаваны на Hrodna.life у 2019 годзе. Тады, паводле сабраных намі звестак, мы лічылі, што здарэнне адбылося восенню 1964 года. У 2026 годзе дзякуючы публікацыям канала «Катастрофы страны Советов» і Onliner.by мы даведаліся больш падрабязнасцяў і змаглі абнавіць наш тэкст.
На вуліцы Пралетарскай, дзе сёння параўнальна новы жылы раён і гандлёвы цэнтр Kazzarma Mall, пасля Другой сусветнай вайны стаяў танкавы полк 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі. Да вайны там размяшчаўся 7-ы бранятанкавы батальён польскай арміі. Салдаты Савецкай арміі жылі ў польскіх яшчэ казармах. Навокал набудавалі боксаў для танкаў, узвялі клуб для жаўнераў, каталіцкую капліцу перарабілі на салдацкую краму.
Танкісты, як і цяпер, трэніраваліся на вайсковым палігоне каля Гожы. Летам яны калонамі ехалі на поўнач ад Гродна і там стралялі ды адпрацоўвалі перасячэнне Нёмана. Восенню танкі вярталіся ў Гродна на Пралетарскую вуліцу. Апошнімі вярталіся вучэбныя танкі: у кожнай роце было па адным вучэбным танку, а таксама рамонтная рота. Звычайна тое адбывалася ў канцы верасня або пачатку кастрычніка.
Як ехалі танкі
Вайскоўцы ехалі ад Гожы праз вёскі Цідовічы, Гумбачы, каля Русоты і з боку шашы на Парэчча, міма Станіславова, вярталіся ў свае казармы. Парадак праезду танкавай калоны быў такі, што на чале яе павінен быў ехаць афіцэр на легкавой машыне, а за ім ужо ішлі танкі. У той апошняй калоне на Гродна ехалі вучэбныя танкі Т-54, а таксама рамонтны цягач БТС-2, таксама на базе танка Т-54. У яго не было вежы з гарматай, а замест яе прымацоўваўся кран, лябёдка ці проста кузаў.

У той дзень, 18 кастрычніка 1963 года, у цягачы былі ўсяго два чалавекі – зусім малады механік-вадзіцель і рамонтнік-танкіст трэцяга года службы. У СССР тады ў сухапутных войсках служылі тры гады, а ў флоце чатыры. На месца механіка-вадзіцеля ў той вечар сеў акурат той бывалы танкіст з рамроты, малодшы сяржант Уладзімір Ценсін.
Першае парушэнне дапусціў малады лейтэнант. Замест таго, каб цягнуцца на чале маруднай танкавай калоны, ён паехаў на легкавіку ў Гродна. Танкавая калона засталася без ніводнага афіцэра і папаўзла ў горад.
Адкуль узяліся студэнты
Недалёка ад былога каралеўскага маёнтка Станіславова на інстытуцкіх палях студэнты сяльгасінстытута капалі бульбу. Праца ўжо скончылася, частку студэнтаў аўтобус адвёз у Гродна. Рэшта, 32 чалавекі, схавалася каля вогнішча ў яме каля дарогі. Яма была парослая хмызнякамі і знаходзілася акурат там, дзе дарога рабіла круты паварот.
Як здарылася трагедыя
Было 14.45, калі на дарозе з’явіліся танкі. Некалькі дзяўчат і хлопцаў з групы студэнтаў выйшлі паглядзець на тэхніку і сталі на павароце. І тут салдат, які сядзеў за рычагамі цягача, прыняў ракавое рашэнне: ён захацеў паказаць сваю зухваласць і папужаць студэнтак. Ён задумаў не павярнуць перад імі на дарозе, а зрэзаць паварот, праехаўшы за імі.
Ён рэзка павярнуў цягач, на вялікай хуткасці паламаў хмызнякі і ўскочыў у яму, дзе каля вогнішча грэліся студэнты. Пачуўшы крыкі людзей, вадзіцель не заглушыў матор, а паехаў назад. Але нешта пайшло не так і машына ізноў з’ехала ў яму, дзе хвіліну таму студэнты чакалі аўтобус у горад.
Паводле аднаго дакумента, усяго загінулі пяць чалавек — тры дзяўчыны і двое хлопцаў. Некалькі чалавек атрымалі даволі цяжкія траўмы, але засталіся жывыя. Паводле іншага дакумента, загінулі сем чалавек, а двое атрымалі калецтвы.
Тыя, хто служыў у танкавым палку, згадвалі, што на прывезены з месца трагедыі цягач страшна было глядзець. Яго пажарнымі шлангамі адмывалі ад крыві і рэштак вопраткі.
Больш падрабязную інфармацыю пра здарэнне знайшоў у Расійскім дзяржаўным архіве найноўшай гісторыі (РДАНГ) даследчык Васіленка.




Пагрозы і суд над танкістамі
Пра трагедыю не пісалі ў газетах, але Гродна, канешне, ведаў пра яе. Грамадзянскую паніхіду па загінулых правялі ў корпусе сяльгасінстытута па вуліцы Акадэмічнай. Студэнты абураліся здарэннем і нават пагражалі салдатам. Былыя салдаты згадваюць, што некаторы час танкістаў нават не выпускалі ў звальненні ў горад, а ў каравульных праз плот кідалі камянямі.
Разбірацца ў абставінах здарэння давялося камандуючаму Беларускай ваеннай акругай, генералу арміі Валянціну Пянькоўскаму. Праверка ўстанавіла, што дысцыпліна ў палку была на нізкім узроўні.

Суд над танкістамі адбываўся ў вайсковым клубе часткі. На лаве падсудных аказаліся малады лейтэнант, які з’ехаў у Гродна, і той салдат, які сядзеў за рычагамі танка. У якасці сведак прысутнічалі пацярпелыя студэнты, былі і сваякі загінулых. На суд сагналі салдат з вайсковай часткі, каб прадэманстраваць ім, якія наступствы можа мець салдацкая халатнасць.
У выніку афіцэра асудзілі да трох гадоў зняволення. Непасрэдна вінаватага ў трагедыі танкіста 14 снежня 1963 года ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі прысудзіў да пазбаўлення волі ў папраўча-працоўнай калоніі (хоць з’яўлялася інфармацыя, што яго прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання). Старыя танкісты расказвалі, што асуджаны дасылаў з турмы паштоўкі сваім былым саслужыўцам. З пасад знялі камандзіра дывізіі і намесніка камандзіра танкавага палка па палітычнай частцы.
Адной з загінулых была студэнтка Ірына Лазар з Карэліцкага раёна. Яе пахавалі ў роднай вёсцы за кошт вайсковай часці. Сям’і выплацілі 100 рублёў кампенсацыі — гэта прыкладна адзін сярэдні заробак кваліфікаванага рабочага ў той час.

Ірына Лазар — студэнтка, якую ў 1963 годзе ў Гродне пераехаў танк. Фота даслаў у рэдакцыю Onliner.by пляменнік Ірыны Юрый


Менш чым праз чатыры гады Іркуцка-Пінская дывізія ў поўным складзе адбыла гасіць “пражскую вясну” ў Чэхаславакіі. А пасля танкісты нават хадзілі на танцы ў сяльгасінстытут, некаторыя пажаніліся са студэнткамі.
У сярэдзіне 2010-х у час забудовы вуліцы Пралетарскай знеслі і боксы для танкаў, і стары вайсковы клуб. Засталіся толькі польскія даваенныя казармы, якія ператварыліся ў гандлёвы цэнтр Kazzarma Mall.



