Сцяна Вітаўта і падлогі Баторыя, 400-гадовы комін і царская сцяжка — Hrodnа.life высветліў, што сапраўды старога засталося ў Старым замку пасля рэканструкцыі. Нягледзячы на радыкальнае абнаўленне, будаўнікі захавалі некалькі ўчасткаў, дзе можна паглядзець на аўтэнтычныя элементы.

1. Уязная арка: валуны Вітаўта і мур Баторыя

Справа ад брамы, унутры ўязной аркі, ёсць археалагічнае акно. Падчас рэстаўрацыі тут знайшлі рэшткі сцяны Вітаўта канца XIV — пачатку XV стагоддзя. У той час уезд у замак размяшчаўся з боку Нёмана. Вежаў у гэтым месцы яшчэ не было, замест іх стаяла абарончая сцяна. Цёмныя валуны ў ніжнім ярусе — гэта яе фрагменты. Ружовая цэгла вышэй — аўтэнтычная кладка сцен замка Баторыя (XVI стагоддзе).

Старый замок в Гродно после реконструкции экскурсия экспозиция
Старый замок в Гродно после реконструкции экскурсия экспозиция
Старый замок в Гродно после реконструкции экскурсия экспозиция
Старый замок в Гродно после реконструкции экскурсия экспозиция

2. Каса музея: падлога і комін XVII стагоддзя

На першым паверсе ўязной вежы XVI стагоддзя размясцілася каса музея. Тут пры ўваходзе, проста пад нагамі, ёсць яшчэ адно археалагічнае акно. Праз яго бачна падлогу, якая захавалася з XVII стагоддзя. Яна выкладзеная з шэрай цэглы — такую выкарыстоўвалі ў непарадных памяшканнях.

Перад выхадам з касы ў двор, за спіной кантралёра, захаваўся яшчэ адзін фрагмент сцяны Вітаўта. Ледзь правей ад яго ніша з чорным цэглай — гэта комін XVII стагоддзя. У Старым замку было шмат печаў, прычым у часы Баторыя яны выглядалі як творы мастацтва. Зараз у адкрытых для наведвальнікаў залах можна ўбачыць рэканструяваныя печы — кафлю для іх выраблялі паводле знойдзеных падчас раскопак узораў.

3. Прыбудова да брамы: фрэска, старыя сцены і царская сцяжка

Прыбудова XVII стагоддзя злева ад уязной вежы — самы аўтэнтычны з усіх адноўленых будынкаў. Яе ўдалося захаваць дзякуючы шматлікім выступленням гісторыка Міколы Волкава — галоўнага крытыка афіцыйнага праекта рэстаўрацыі. Першапачаткова хацелі цалкам разабраць другі паверх.

  • З боку вуліцы вакол вокнаў прыбудовы пакінулі адкрытыя ўчасткі фасада. Тут бачныя сляды шматлікіх пераробак замка — вокны перабудоўвалі як мінімум тры разы. Самыя высокія аконныя скляпенні адносяцца да XVII стагоддзя, крыху ніжэйшыя -меркавана да XVIII, самыя нізкія — XIX стагоддзе.
  • Два маленькія праёмы бліжэй да брамы — гэта вокны шахты, дзе ў XVII стагоддзі стаяў пад’ёмны механізм Герса — металічных кратаў, якія адкрывалі і зачынялі ўваход у замак. Сама шахта захоўвалася ўнутры прыбудовы да рэканструкцыі, затым яе разабралі.
  • Унутры прыбудовы — у зале, прысвечанай гісторыі Гродна ў XVI-XVII стагоддзі, — таксама пакінулі адкрыты мур XVII стагоддзя. Злева ад сцяга на сцяне бачны кавалачак фрэскі, таксама XVII стагоддзя. З процілеглага боку пад столлю — чорная металічная сцяжка царскіх часоў. Гэтаму элементу каля 180 гадоў. Сцяжкай падчас аднаго з рамонтаў ўмацоўвалі сцены прыбудовы.

Чытайце таксама: Старый замок наконец открыли. Смотрите, как он сейчас выглядит снаружи и внутри

4. Галерэя паміж брамай і замкам: плітка, па якой хадзіў Баторый

За залай XVI-XVII стагоддзяў пачынаецца галерэя — пераход паміж уязной аркай і палацам (у якім раней размяшчаўся музей). Тут захаваўся невялікі участак пліткі, па якой хадзіў Стэфан Баторый. Падчас даследаванняў археолагі пад верхнім пакрыццём спачатку знайшлі выкладзены ялінкай царскую цэглу сярэдзіны XIX стагоддзя. Затым расчысцілі грунт — пад ім адкрылася керамічная плітка XVI стагоддзя. Яна часткова рассыпалася, таму для галерэі вырабілі сучасную плітку такога ж дызайну. Ад гістарычнай яна адрозніваецца менш насычаным колерам.

Пераход паміж сучаснай і старой пліткай цяжка заўважыць. Арыенцір — інфакіёск. Ён размешчаны над аўтэнтычным участкам. Адзін з слайдаў раіць: «Паглядзіце сабе пад ногі!».

5. Замкавы двор: ходнік Вітаўта

У двары Старога замка археолагі адкапалі пласт бруку часоў князя Вітаўта. Ходнік канца XIV — пачатку XV стагоддзя ляжаў пад больш познім пакрыццём. Пад ім, паводле сведчанняў гісторыкаў, былі хаты XII-XIII стагоддзяў. Іх элементы ёсць у экспазіцыі.

"Паглядзіце пад ногі". 7 месцаў у Старым замку, дзе можна ўбачыць гісторыю
Ходнік часоў вялікага князя Вітаўта

Невялікі кавалачак ходніка Вітаўта захавалі ў першапачатковым выглядзе. Спачатку гэты фрагмент быў большым прыкладна ў 4 разы. Яго разабралі пры ўзвядзенні так званай камяніцы — спрэчнай прыбудовы да вежы над Нёманам. Паводле апошніх даследаванняў, у гэтым месцы была не камяніца, а драўляная лесвіца.

Чытайце таксама: Непрыступны Стары замак: Аня ў інвалідным вазку трапіла толькі ў адну залу, Лера з ДЦП баялася спускацца па лесвіцы без парэнчаў

6. Зала пра гісторыю замка: падмуркі вежы Вітаўта

Чатырохпавярховую вежу над Нёманам узвялі на падмурках вежы Вітаўта. Да рэканструкцыі яны былі адкрытымі, зараз апынуліся ў памяшканні. Падмуркі можна ўбачыць у зале на першым паверсе новабуда. Тут размясцілася экспазіцыя, прысвечаная гісторыі будаўніцтва Старога замка. У ёй шмат знаходак археолагаў. Напрыклад, кавалак цэглы XII стагоддзя, плінфа са старажытнымі надпісамі і сапраўдныя печкавыя кафлі. Артэфакты выявілі ў розныя гады на тэрыторыі замка.

7. Паўднёвы фасад: Замкавы мур

Зноўку адбудаваная сцяна паміж вежамі стаіць на руінах замкавай сцяны. Гэта былыя абарончыя збудаванні XV стагоддзя, то ёсць эпохі Вітаўта. Да рэканструкцыі гродзенцы тут шпацыравалі, рабілі фота, глядзелі на Нёман. Зараз фрагменты замкавага мура можна ўбачыць з боку паўднёвага фасада — для гэтага прыйдзецца выйсці на набярэжную. Невялікі кавалачак сцяны пакуль яшчэ застаецца некранутым, яго можна ўбачыць як з набярэжнай, так і з боку двара.