У сваёй амерыканскай сям'і Катрын пра Гродна чула шмат разоў, але толькі 17 кастрычнiка 2018 года ўпершыню прыехала ў Беларусь. У загадкавым горадзе ў цэнтры Еўропы доўгія гады жылі яе продкі па прозвішчы Ставер, якія яшчэ ў 1920-я перабраліся за акіян. Ніхто з іх на радзіму так і не вярнуўся. Катрын першая, хто прыехала ў родны горад сям'і.

З’язджалі па лепшае жыццё

Катрын са сваім мужам кожны год лятае ў Ізраіль і заўсёды разбаўляе маршрут якім-небудзь цікавым месцам. Гэтым разам выбралі Гродна — горад, пра які яна чула шмат, але ніколі ў ім не была.

«У гэтым годзе мы святкавалі 90-годдзе бацькі, які мне многае распавядаў пра Гродна, ды і сваячка адна прыехала, якая таксама ўзгадала беларускі горад. Менавіта таму я вырашыла сёлета прыехаць у гэтае месца», — распавядае Катрын.

Першыя сваякі Катрын з’ехалі за акіян у 1908 годзе, а ў 1920-х гадах далучыліся астатнія. З’язджалі гродзенцы ў першую чаргу ў пошуках лепшага жыцця, але былі і тыя, хто пакідаў Гродна з-за міжнацыянальных канфліктаў.

«Некаторыя з’язджалі з-за беднасці, а нехта, як мой дзядуля, па іншай прычыне. У яго было пашкоджана плячо і доўгія гады ён распавядаў дзецям, што ўпаў з дрэва. Але адна з сваячак мне распавяла, што насамрэч гэта яшчэ ў Гродне яго збіла паліцыя. Як і чаму — невядома. Але можна меркаваць, што ў Гродне ў нашай сям'і было не ўсё добра».

«Гэты горад для мяне - як казачная краіна». Амерыканка прыехала ў Гродна, пра які шмат чула, але ніколі ў ім не была
Катрын i яе муж Ульфрэд у цэнтры Гродна.

Была ўласная сінагога

Дзе ў Гродне жылі Ставеры жанчына не ведае. Адзінае, што яна памятае з апавяданняў бацькі, гэта тое, што ў цэнтры горада ў іх была ўласная сінагога.

«Бацька заўсёды гаварыў, што наша сям’я пабудавала ў цэнтры Гродна сінагогу, але я не верыла яму. Аднойчы я знайшла спіс гродзенскіх сінагог і там ўбачыла наша прозвішча. Была здзіўленая. Сінагога знаходзілася на вуліцы Мяшчанскай, у цэнтры горада. Ці была гэта насамрэч сінагога ці малітоўны дом для пэўнай групы гродзенцаў, я не ведаю, але ў спісах яна пазначана як сінагога сям'і Ставер».

[irp posts="85 621″ name="Нашчадкі гродзенцаў з Паўднёвай Афрыкі шукалі ў Гродне дом сям'і. І знайшлі!"]

«Гэты горад для мяне - як казачная краіна». Амерыканка прыехала ў Гродна, пра які шмат чула, але ніколі ў ім не была
Вуліца Мяшчанская (сёння Баторыя) падчас Другой сусветнай вайны. Паводле спісу гродзенскіх сінагог 1892 года, на Мяшчанскай былі чатыры сінагогі. Яны былі названыя ў гонар іх найбуйнейшых спонсараў. Адна сінагога была пабудавана ў 1865 годзе і была названая ў гонар Зельмана Эпштэйна. З 1881 года гэта сінагога была названая ўжо ў гонар сям'і Ставер. Усе сінагогі на гэтай вуліцы падчас вайны былі знішчаны.

Адна паштоўка

Адзінае, што захавалася ў гродзенцаў за акіянам — паштоўка перыяду Першай сусветнай з адрасам Брукенштрассе, 31. Гэта былая фабрыка Шэрашэўскага. Адзін з дзядуляў Катрын там, хутчэй за ўсё, працаваў.

«Акрамя гэтай паштоўкі ў нашай сям'і больш нічога гродзенскага не захавалася. Сёння мы нават не ведаем, ці былі жывыя прабабуля Рыўка і прадзядуля Янкель, калі нашы сваякі пакідалі Гродна. Магчыма, яны памерлі пазней і былі пахаваныя на адных з могілак горада, але дзе цяпер шукаць іх магілу нам невядома».

На Занёманскіх могілках ёсць камяні з прозвішчам Ставер, але Катрын не ведае, ці гэта яе сваякі.

[irp posts="85 238″ name="Унікальная знаходка: два старых фота распавядаюць гісторыю аднаго моста ў Гродне"]

«Гэты горад для мяне - як казачная краіна». Амерыканка прыехала ў Гродна, пра які шмат чула, але ніколі ў ім не была
Гродзенская сям’я Ставер, якая перабралася за акіян.

Уяўляла горад маленькім

Гродна моцна ўразіў амерыканскую жанчыну. Катрын нават не магла ўявіць сабе, што гэта такі вялікі горад з прыгожай архітэктурай.

«У Гродне я сябе адчуваю быццам у музеі. Магчыма, гэта прыйдзе, калі я вярнуся ў ЗША. Але я ўсё сваё жыццё чую пра Гродна, гэты горад для мяне як казачная краіна, у якую я патрапіла, але яшчэ не ўсвядоміла. Я заўсёды ўяўляла гэта месца маленькім, а як прыехала, то здзівілася: гэта паўнавартасны горад са сваёй архітэктурай і гісторыяй. Я яго ўбачыла і адчула. Дзякуй».

[irp posts="87 944″ name=""Жыццё адно, дык пражывіце яго". Падарожнік з Канады прадаваў у цэнтры Гродна свае фатаграфіі і распавядаў пра прыгоды"]

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]