Стары савецкі анекдот: «Пытанне — Што рабіць, калі вы пабачылі ўспышку атамнага выбуха? Адказ — Упасці на зямлю, накрыцца прасцінай, і паўзці на могілкі». Сёння гэты жарт зусім не смешны. Хаця яшчэ пару гадоў таму небяспека атамнай вайны была чымсьці са сферы фантастыкі.

Новыя рэаліі жыцця, вайна ва Украіне і небывалая раней напружанасць паміж Расіяй і Захадам прымушаюць узгадаць, як мы ўсе раней рыхтаваліся да атамнай вайны. Тым больш, што сёння даступныя шматлікія ваенныя планы, абнародаваныя як Пентагонам, так і былымі саюзнікамі СССР па Варшаўскай дамове. А Уладзімір Пуцін наўпрост пагражае свету выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі.

Гродна бамбіць не планавалі, бліжэйшая цэль — Беласток

Найбольш жорстка выглядалі планы атамнай вайны ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. Напрыклад, у 1962 г. амерыканскае міністэрства абароны распрацавала план ядзернай бамбардзіроўкі СССР, у выніку якога павінна было загінуць каля 54% насельніцтва краіны саветаў - больш за 100 мільёнаў чалавек.

Непасрэдна Гродна бамбардаваць натаўскія ястрабы не планавалі, а вось на Брэст павінна была ўпасці бомба магутнасцю каля 300 кілатон — гэта амаль ў 20 разоў магутней за бомбу, якую ў жніўні 1945 г. амерыканцы скінулі на Хірасіму. Чаму планавалася атакаваць Брэст — зразумела, бо гэта найважнейшы грузавы перавалачны пункт паміж Польшчай і СССР.

Месца Гродзеншчыны ў ядзернай вайне: што будзе, калі на Гродна ўпадзе атамная бомба
Атамная бамбардзіроўка Японіі

Найбліжэйшай да Гродна мэтай атамнага бомбавага ўдару станавіўся Беласток (бомба магутнасцю 100 кт). Асобныя атамныя зарады натаўскія бамбардзіроўшчыкі меліся скінуць на Баранавічы, Оршу і Быхаў - там знаходзіліся аэрадромы савецкіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.

У 1969 г. паўстаў новы план атамнай вайны з краінамі Варшаўскай дамовы. Ён прадугледжваў чатыры варыянты сілы ўдару, у выніку якіх толькі ў краінах сацыялістычнага лагера (без СССР) павінны былі загінуць ад 1,5 да 4 млн. чалавек. Аднак і ў такой «ашчаднай» версіі атамнай вайны бяспеку для Гродна ніхто не гарантаваў - менавіта ў раёне Гродна-Сувалкі-Калініград павінны былі канцэнтравацца войскі другога эшалону наступальнай групоўкі Варшаўскай дамовы, а ў Гродне тады знаходзіліся танкавы полк, шматлікія пяхотныя і іншыя часткі.

Чытайце таксама: Это уже не шутки. Что делать при ядерной аварии или взрыве

Савецкія вайскоўцы планавалі адказаць натаўцам не менш «дастойна». З абнародаваных цяпер палякамі дакументаў вядома, што саюзная СССР польская армія павінна была наступаць уздоўж Балтыкі праз Нямеччыну, Данію, Галандыю і Бельгію аж да Ла Манша праз атамную пустыню, якую савецкія бамбардзіроўшчыкі стварылі б на месцы гарадоў Кіль, Амстэрдам, Гамбург і Кале.

Пагранічча — рэальны тэатр ваенных дзеянняў

Як жа карціна выглядае цяпер? Беларусь з’яўляецца саюзнікам Расійскай Федэрацыі і ў выпадку ваеннага супрацьстаяння Расіі з краінамі НАТА можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў. Гродзеншчыне можа быць адведзена асаблівая роля, бо кут на сутыку межаў Літвы, Польшчы і Беларусі ў Гродзенскім раёне — гэта беларуская тэрыторыя, найбліжэй за ўсё размешчаная да Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Стратэгічную важнасць гэтага месца яшчэ ў 2015-м падкрэсліваў генерал-лейтэнант арміі ЗША Бэн Ходжэнс, камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе:

«Эту зону мы называем Сувалкская брешь… За очень короткое время [белорусские и российские военные] могут объединиться и заблокировать литовско-польскую границу. И изолировать тем самым трех союзников [Литву, Латвию и Эстонию] НАТО от оставшегося альянса».

Таму пагранічча Літвы, Беларусі і Польшчы — гэта досыць рэальны тэатр ваенных дзеянняў.

Ракета «Ваявода» можа знішчыць увесь Гродзенскі раён

Калі пачынаецца вайна, то сродкаў ужо ніхто не выбірае. Таму можна паспрабаваць спрагназаваць магчымы ядзерны ўдар і па нашым горадзе. Існуе маса анлайн-сімулятараў, якія дазваляюць вывучыць наступствы такой падзеі проста на карце. Мы выкарыстаем сімулятар nuclearsecrecy.com. Ён дае магчымаць уявіць працэс і наступствы атамнай бамбардзіроўкі любой кропкі на нашай няшчаснай планеце. Да 2015 года можна было таксама візуалізаваць атамны «грыб» у 3D-выглядзе. Мы скарысталіся такімі архіўнымі візуалізацыямі.

У якасці «кропкі 0» — месца, над якім узарвецца ядзерны боепрыпас, выбрана плошча Леніна. Зразумела, што правадыр сусветнага пралетарыяту заўсёды быў самай ненавіснай фігурай для капіталістаў з НАТА і цэліцца ворагі будуць найперш у ягоную асобу.

Найбольш верагоднае выкарыстанне тактычнага атамнага боепрыпасу магутнасцю прыкладна ў 1 кілатону. Гэта толькі 1/16 ад магутнасці бомбы, скінутай на Хірасіму ды Нагасакі, але гэта цэлы мільён кілаграмаў траціла, звычайнай выбухоўкі, калі казаць простымі словамі. У выпадку выбуху такога зарада над плошчай Леніна загіне 18 тысяч чалавек, яшчэ 40 тысяч атрымаюць апёкі і цяжкія траўмы (сімуляцыя па стане на 2015 года, цяпер разлікі даюць меншую колькасць ахвяраў). Гістарычны цэнтр горада перастане існаваць.

Месца Гродзеншчыны ў ядзернай вайне: што будзе, калі на Гродна ўпадзе атамная бомба
Выбух боепрыпаса магутнасцю у 1 кілатону. Сімуляцыя па стане на 2015 год.
атомный удар бомба
Выбух боепрыпаса магутнасцю у 1 кілатону. Сімуляцыя па стане на 2022 год. Загіне 10 340 чалавек, атрымае пашкоджанні яшчэ 12 590. Вышыня атамнага «грыба» складзе амаль 3 км. Радыюс моцнага знішчэння — 220 метраў, радыу сярэдняга знішчэння — 460 метраў. Шэрае кола — радыюс, у якім выб’е шкло ў дамах. Зялёнае кола — радыюс, у якім усе людзі памруць ад радыяцыі цягам месяца пасля бамбардзіроўкі. Чырвонае кола ў сярэдзіне — радыюс моцных і сярэдніх знішчэнняў

Аднак магчымы і сцэнарый, калі з нейкіх прычын Гродна будзе захоплены натаўскімі арміямі раней, чым расіянам удасца прыйсці на дапамогу свайму заходняму саюзніку. Зразумела, што тады мы станем патэнцыйным аб’ектам атамнай атакі ўжо з боку Расіі, бо ў сітуацыі сапраўднай вайны аніхто не будзе лічыцца са стратамі мірнага насельніцтва. Галоўнае, каб загінула як мага болей варожых салдат.

Чытайце таксама: Как гродненцам найти бомбоубежища, если они засекречены

Самы верагодны варыянт — удар ракетамі сярэдняй дальнасці «Іскандэр», якія размяшчаюцца на рухомых носьбітах, маюць дальнасць палёту 400−500 км і нясуць атамныя боегалоўкі магутнасцю да 50 кт. Такія ракеты ляцяць вельмі нізка, захоўваюць кіруемасць да самага канца і збіць іх надзвычай цяжка. У выпадку, калі такая ракета ўзарвецца над плошчай Леніна, у горадзе загіне 125 тысяч чалавек, яшчэ амаль 100 тысяч будуць траўмаваны. Ад Гродна застануцца толькі ўскраінныя мікрараёны накшталт Альшанкі. Ды і стаяць гэтыя раёны будуць на ўскраіне атамнай пустыні з радыусам у 5 кіламетраў.

Месца Гродзеншчыны ў ядзернай вайне: што будзе, калі на Гродна ўпадзе атамная бомба
Над Гродна ўзарваўся Іскандэр — 50 кілатон. Сімуляцыя па стане на 2015 год

Самая ж магутная ракета на ўзбраенні Расіі - міжкантынентальны ракетны комплекс «Ваявода», які павінен нанесці гарантаваны ракетны ўдар па ЗША і, у прынцыпе, пакласці канец сучаснай чалавечай цывілізацыі. Такая ракета наўрад ці некалі ўзарвецца над Гродна, бо і не можа быць на яго нацэлена. Аднак калі б такое адбылося, дык з твару Зямлі быў бы сцёрты ўвесь Гродзенскі раён, а вецер занёс бы радыёактыўныя прадукты аж да ваколіц Санкт-Пецярбурга.

Самым магутным атамным боепрыпасам, які быў узарваны людзьмі, стала так званая «Цар-бомба». Гэтую тэрмаядзерную бомбу, што нават цалкам не ўлазіла ў бомбавы адсек самалёта, узарвалі па загаду Мікіты Хрушчова ў гонар ХХІ З’езда Камуністычнай Партыі ў 1961 г. над астравамі Новай Зямлі. Выбуховая хваля ад гэтай пачвары тройчы абляцела зямлю, святло выбуху было бачна амаль за тысячу кіламетраў, а ядзерны грыб узняўся на вышыню больш за 60 кіламетраў. Такі выбух цалкам знішчыў бы не толькі Гродна, але і Парыж або Лондан. У выпадку выбуха над Гроднам былі б цалкам знішчаны некалькі памежных раёнаў Беларусі, Літвы і Польшчы разам з Беластокам і нават ваколіцамі Вільні. Загінулі б каля паловы мільёна людзей, яшчэ столькі ж атрымала б цяжкія траўмы.

Лепшы варыянт для беларусаў - жорсткі ўзброены нейтралітэт

Як бачым, атамны ўдар па нашым горадзе ў любым выпадку знішчыць большасць ягоных жыхароў і на многія дзесяцігоддзі зробіць немагчымым жыццё ў Гродне і бліжэйшых ваколіцах. Таму самы лепшы варыянт для ўсіх нас — не дапускаць на нашую тэрыторыю войскі ніякіх іншых дзяржаў, не далучацца да агрэсараў і захоўваць усёй краінай жорсткі ўзброены нейтралітэт, такі, які мае, скажам, Швейцарыя.

Беларусы і так занадта дорага заплацілі за войны розных імперый паміж сабой.

У матэрыяле выкарыстаны звесткі з артыкула Andrzej Fedorowicz. Na linii atomowego strzału // Focus Historia. 2015. Nr. 7−8. S. 30−34.