Пасля пратэстаў 2020 года з Беларусі ва Украіну з’ехала шмат людзей у пошуку новага жыцця. Некаторыя перабраліся туды яшчэ раней. Вайна, якую пачала Расія, зруйнавала іх планы. Hrodna.life пагаварыў з некаторымі беларусамі, якія, нягледзячы на вайну, застаюцца ва Украіне.

«Моцны шок, пульс 120, усю трэсла»

Ва Украіну мінчанка Наталля пераехала ў 2017 годзе, бо выйшла замуж за ўкраінца. Да вайны яны жылі ў Кіеве. Увечары 25 лютага сям'і ўдалося з’ехаць цягніком у Львоў. Муж Наталлі не хацеў з’язжджаць і зрабіў гэта толькі дзеля яе.

Львов, Украина: 4 марта 2022 года - Завернутые скульптуры в центре Львова  — Фото автора Fotoreserg
Львоў, Украіна: 4 сакавіка 2022 года. Загорнутыя скульптуры ў цэнтры Львова. Фота аўтара Fotoreserg, depositphotos.com

Наталля кажа, што ў тую ноч у яе быў вельмі моцны шок, пульс падняўся да 120, усю трэсла.

«Ва Украіне засталася, таму што мужчын прызыўнога ўзросту не выпускаюць, а без мужа з’язджаць не хачу», — кажа Наталля ў размове з Hrodna.life. Зараз яна працягвае працаваць: яе праца дыстанцыйная і звязаная з ІТ. Быў перапынак толькі на некалькі першых дзён вайны.

Наталлі вельмі цяжка ўсвядоміць і прыняць, што змянілася практычна ўсё: больш няма ніякіх планаў на будучыню, ёсць толькі адно жаданне — каб вайна хутчэй скончылася і як мага больш людзей засталіся жывымі.

Львоў, Украіна, 26 лютага 2022 года. Людзі на чыгуначным вакзале чакаюць цягнікі ў Польшчу. Фота: Bumble-Dee, depositphotos.com
Львоў, Украіна, 26 лютага 2022 года. Людзі на чыгуначным вакзале чакаюць цягнікі ў Польшчу. Фота: Bumble-Dee, depositphotos.com

Змяніліся і каштоўнасці: «Вельмі балюча было з’язджаць з любімай кватэры, кінуўшы ўсё і ўзяўшы з сабой усяго дзве валізкі. Цяпер кожная раніца пачынаецца з чытання навінаў і надзеі, што не адбылося чагосьці больш страшнага. Потым ты працягваеш працаваць проста таму, што трэба. Хаця псіхалагічна гэта вельмі складана: складана засяродзіцца на чымсьці, увесь час гартаеш навіны, а таксама ціснуць на псіхіку сірэны.» — распавядае Наталля.

Руцінныя справы дазваляюць вярнуцца ў звычайнае жыццё

Руцінныя справы даюць магчымасць крыху забыцца і вярнуцца ў звычайнае жыццё. «У выхадныя спрабуеш сябе заняць хоць чымсьці, толькі каб не думаць ні пра што. Уборка кватэры, мыццё, гатаванне — усё роўна што. Валанцёрыць тут, дзе я знаходжуся, на жаль, няма магчымасці» — дзеліцца Наталля.

«Наконт стаўлення да беларусаў — на сваім прыкладзе сказаць не магу. Я стараюся не афішаваць, што я беларуска. Гаварыць стараюся на ўкраінскай, калі на вуліцы, часам і дома. Але ведаю са слоў знаёмых, што ў кагосьці стаўленне памянялася ў горшы бок. А ў некаторых яно не змянілася і ўкраінцы ставяцца да беларусаў, якія жывуць тут, з разуменнем. Ведаю, што беларусам, якія маюць тут часовы від на жыхарства, заблакавалі ўсе банкаўскія карты і зняць з рахункаў грошы зараз немагчыма. Мяне гэта не закранула, бо ў мяне сталы від на жыхарства», — распавядае Наталля.

Львоў, Украіна: 4 сакавіка 2022 года - Валанцёры, якія робяць камуфляжныя сеткі для ўкраінскіх вайскоўцаў, у Львове - Фота аўтара Fotoreserg
Львоў, Украіна: 4 сакавіка 2022 года. Валанцёры, якія робяць камуфляжныя сеткі для ўкраінскіх вайскоўцаў. Фота: Fotoreserg, depositphotos.com

Наталлі вельмі складана ўсвядоміць, што Беларусь ускосна мае дачыненне да вайсковых падзей на Украіне: «Там людзі баяцца страціць працу, баяцца дубінкі амапаўца, а тут людзі ідуць без нічога, не баючыся, на танк расійскіх акупантаў. Там ціха і ніхто з іх ніколі не зразумее, як быць тут, чуць сірэны, выбухі, сядзець у сховішчы, бачыць як рускія [вайскоўцы — Hrodna.life] расстрэльваюць жанчын і дзяцей, бамбяць гарады, у тым ліку ракетамі, запушчанымі з Беларусі. Ад гэтага становіцца яшчэ больш балюча», — рэзюмуе яна.

Сям’я Наталлі дапамагае ахвяраваннямі валанцёрскім арганізацыям і ЗСУ.

Засталася, каб быць валанцёрам

Другая беларуска, якая пажадала не называць свае імя, распавяла Hrodna.life:

«Я пераехала ва Украіну ў снежні 2021 ў сувязі з крымінальным пераследам на радзіме. Да вайны я жыла ў Адэсе, зараз знаходжуся ў Львове. Да вайны я ўладкавалася на працу доктарам, але не паспела прыступіць непасрэдна да працы. Мае дакуманты былі ў стадыі падрыхтоўкі».

Львов, Украина: 9 марта 2022 года - Волонтеры работают на территории Центра беженцев во Львове  — Фото автора Fotoreserg
Львоў, Украіна: 9 сакавіка 2022 года. Валанцёры працуюць на тэрыторыі Цэнтра бежанцаў у Львове. Фота: Fotoreserg, depositphotos.com.

Яна вырашыла застацца ва Украіне, бо мае абвостранае пачуццё справядлівасці і не можа стаяць убаку ад таго, што зараз там адбываецца.

«Першыя дні былі як у тумане. Зараз ёсць нейкі расклад: валанцёрства, хатнія справы, сустрэчы з сябрамі. Не ўхваляем жорсткі „сухі закон“. У першыя дні былі некаторыя непрыемныя выпадкі з боку ўкраінцаў. Думаю, усе былі ў стане шоку. А зараз стаўленне нават лепшае, чым да вайны. Яны ганарацца тым, што мы тут і дапамагаем ім нават больш, чым мы самі адчуваем нейкі гонар, калі мы наогул яго адчуваем».

Львоў, Украіна: 9 сакавіка 2022 года - Валанцёры раздаюць гарачыя напоі ў цэнтры бежанцаў у Львове. Фота аўтара Fotoreserg.
Львоў, Украіна: 9 сакавіка 2022 года. Валанцёры раздаюць гарачыя напоі ў цэнтры бежанцаў. Фота: Fotoreserg, depositphotos.com.

Каб падтрымліваць сябе «ў тонусе», дзяўчына на другі тыдзень вайны звярнулася да псіхолага, завяла ката, праз дзень выходзіць на прабежку. У планах на будучыню — праз некалькі месяцаў вярнуцца ў Мінск. Яна верыць, што сітуацыя хутка зменіцца і вяртанне будзе магчыма.

Як і чаму да беларусаў могуць прыйсці са Службы Бяспекі Украіны

Ва Украіне застаўся таксама Яўген Барышнікаў — беларускі фалькларыст, кампазітар, бард, дудар і паэт. Ён актыўна дапамагае валанцёрам, прымае бежанцаў да сябе ў кватэру і вядзе на сваей старонцы у Facebook «дзённік» падзей.

— Ты ждёшь пока очередь на границе как-то рассосётся?

— Не, я проста ня бачу сэнсу тупа замарожваць у ёй на 4 сутак чалавечы рэсурс, калі яму няма прамой загрозы. Тым больш, што праз 4 сутак і патрэбы такой можа ўжо не быць. Гэты рэсурс лепей патраціць на дапамогу людзям. Пакуль у Львове спакойна і прадказальна. Вада, электрычнасць, газ, крамы. Тут прымаюць бежанцаў, рыхтуюць кактэйлі і экіпіруюць пацаноў на ўсход. А бегчы ў паніцы заўсёды паспецца. Бо калі фронт пачне рухацца сюды, яму яшчэ вагон часу і салдацкага мяса на гэта спатрэбіцца. Але тут мабілізацыя такая, што з кожным днём шанцы на гэта ўсё меней. Такія думкі.

дзеліцца на сваёй старонцы музыка

Чытайце таксама: «Наши мужики здесь умирают, а вы своих вывозите». Как белорусы бежали от войны в Украине

Львоў, Украіна - 10 сакавіка 2022 г.: Бежанцы адпачываюць у спартыўнай зале Львоўскага політэхнічнага нацыянальнага універсітэта на Заходняй Украіне. - Фота аўтара Bumble-Dee
Львоў, Украіна — 10 сакавіка 2022 г. Бежанцы адпачываюць у спартыўнай зале Львоўскага палітэхнічнага нацыянальнага ўніверсітэта. Фота: Bumble-Dee, depositphotos.com

Некаторы час таму да яго дамоў прыходзілі супрацоўнікі Службы Бяспекі Украіны, каб праверыць, ці не шпіён ён:

«Удзень адбылося бадай самае цікавае: прыходзілі дадому з СБУ, правяраць дакументы. У прынцыпе чакаў іх рана ці позна. Бо нядаўна была па чаціках просьба паведамляць пра «падобных на расіян» тыпоў, якія знялі ў Львове кватэры пару месяцаў таму (я!), шукалі праз рыелтара (я!) і жывуць групамі па 2−3 чалавекі. А ў мяне акурат пацаны з Кіева заставаліся на пару дзён, пакуль сямейныя туды сюды прыязджалі-з'язджалі. Карацей, было ясна, што выглядаем мы з боку максімальна стрёмна.

Ну і вось пазванілі ў дзверы трое ў цывільным, адчыняйце, СБУ. Драсьце, чакаю вас. Адзін паказаў нейкую картку, быццам я ведаю, як тут пасведчанне СБУ выглядае. Найбольш апасаўся, каб не марадзёры якія пад відам спецслужб, але адзін так схапіўся за ствол пад курткай, калі я па пашпарт палез у кішэню, што падумаў што марадзёры б так не рэагавалі. Вопшчэм, суровыя мужчыны.

Паказаў пашпарт, расказаў на словах, чаму з Беларусі з’ехаў, што тут раблю, пра бежанцаў, якіх прымаю. Паказаў паперку ад мінэканомікі (я па IT-квоце планаваў падавацца на посвідку). Спыталі ці ёсць зброя. Нічога больш не пыталі, хаця яшчэ ворах папер можна было паказаць. Як на зло мае кварціранты былі з’ехаўшы. Калі казаў, што ў міграцыйную за дзень да вайны хадзіў, спрабавалі паймаць: «а на які адрас хадзіў?». У цэлым спакойна пагаварылі хвіліны тры і яны сышлі. Злавіў сябе на думцы, што ўвесь гэты прыём гасцёў ператвараецца ў штодзённую руціну. То заўтра паспрабую вярнуцца да працы, колькі можна браць адгула", — піша Яўген Барышнікаў.