«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. І рухавікі сыходзяць, якія могуць да нечага штурхаць, прыцягваць. Застаецца сярэднестатыстычныя звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі ці не думаць пра заўтрашні дзень», — лічыць вядоўца, які страціў працу. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як работнікі сферы культуры губляюць працу праз «чорныя спісы». Гэта першы тэкст з цыклу публікацый аб сацыяльна-культурных зменах і аб тым, як гродзенцы жывуць у сваім горадзе ў 2023 годзе.

Вядучы мерапрыемстваў з Гродна Іван (імя зменена*) шмат гадоў супрацоўнічаў з буйнымі дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі і фірмамі. Цяпер ён збіраецца закрываць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Доўгі час з ім адмаўляюцца супрацоўнічаць заказчыкі. З падобным сутыкнуліся яго калегі. Адзін з іх стаў таксістам, другі — кур’ерам, трэці — газавіком. Віной усяму — «чорныя спісы», якіх ніхто не бачыў, але ўсе пра іх кажуць.

Па словах Івана, ніхто «чорных спісаў» не бачыў, але на практыцы шэраг вядучых сутыкнуліся з адмовамі працаваць з імі. Спісы нібыта ёсць у намеснікаў дырэктара ўстаноў па ідэалагічнай працы. Менавіта яны вырашаюць, ці можна супрацоўнічаць з чалавекам.

 — Звычайна ніякіх выразных фармулёвак не даюць. Калі ты даўно працаваў з гэтай арганізацыяй, напрыклад, з намеснікам дырэктара або прафкамам і маеш чалавечыя ўзаемаадносіны, табе могуць сказаць «Прабач, мы на жаль не можам [даць табе працу], па пэўных прычынах». Усе адказваюць вельмі расплывіста, — распавядае Іван аб сітуацыі, з якой сутыкнуўся.

Выпускной в гродненской школе, 2019 год. Фото: Hrodna.life
Выпускны ў гродзенскай школе, 2019 год. Фота: Hrodna.life

З падобным сутыкаліся і іншыя вядоўцы. У чэрвені 2022 года адной з гродзенскіх школ зацікавіліся гарадскія ўлады. Ім стала вядома, што свята ў выпускнікоў правёў шоўмэн Андрэй Ірха. Выпускнікоў і іх бацькоў выклікалі ў пракуратуру. Адміністрацыя патлумачыла, што 10 чэрвеня ў самой школе працавалі мясцовыя вядоўцы, а Андрэй працаваў 11 чэрвеня, калі выпускны быў па-за школай, расказаў тады шоўмэн Hrodna.life. Пасля гэтага увагу ўладаў да школы спынілася. Нумар школы і падрабязнасці інцыдэнту Андрэй не раскрыў.

Андрэя Ірху некалькі разоў затрымлівалі і штрафавалі - на акцыі пратэсту і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У канцы 2021 года блогер распавядаў, што не будзе працаваць на Новы год у рэстаране TURAN і не зможа правесці запланаваныя ў рэстаране мерапрыемствы. На думку блогера, ён трапіў у лік «непажаданых» да супрацоўніцтва.

Кагосьці «забаранілі», хтосьці з’ехаў

 — Можа ты каментар дзесьці не там напісаў, можа ты засвяціўся дзесьці, актыўна сябе праявіў на маршы. Можа, проста ты да гэтага працаваў у дзяржустанове і твой кіраўнік даў на цябе характарыстыку, што ты маеш ярка выяўленую пазіцыю, — лічыць Іван.

Як правіла, арганізатары і вядучыя ў Гродне сапраўды сумяшчалі працу ў дзяржустановах і з прыватнымі заказчыкамі. Менавіта пасля звальнення з дзяржструктур з яны атрымлівалі адмовы па працы.

— Атрымліваецца, пры выбары выканаўцы адштурхваюцца не ад прафесійных якасцяў, а ад бюракратычных — можна з ім супрацоўнічаць ці нельга, — заключае Іван.

Па словах Івана, адчуваецца вялікі адток артыстаў. Кагосьці «забаранілі», хтосьці з’ехаў. А некаторыя зараз не гатовыя выступаць.

Ніводнага канцэрту за год

Музыкант Аляксандр з Гродна за 2022 год не адыграў ніводнага канцэрта. У яго знікла жаданне займацца музыкай. Выступаць, паводле яго слоў, таксама няма дзе. На канцэрты ходзяць «мянты і Бондарава (Вольга Бондарава, праўладная актывістка, якая праз свае звароты адмяніла шэраг мерапрыемстваў)». «Па адчуваннях здаецца, што ўсе з’ехалі, усё распалася і ўсё бессэнсоўна і жахліва на фоне вайны», — распавёў музыка Hrodna.life. Ён не гатовы выступаць, пакуль ідзе вайна.

Tochka K и Opus Magnum выступили в Гродно. Фото: Hrodna.life
Гледачы на адным з гродзенскіх канцэртаў. Фота: Hrodna.life

У Беларусі групы распадаюцца з-за рэлакацыі або пераезду фронтмэна. Некаторыя музыкі едуць цэлымі камандамі. На думку крыніцы рэдакцыі, у краіне засталіся толькі кавер-бэнды і «дрэнныя музычныя акцёры», якія не займаюць пазіцыю.

 — Я не сацыёлаг, каб распаўсюджваць нейкія лічбы з паветра, але на рок-музыцы з РБ можна паставіць крыж, -мяркуе адзін з гродзенскіх музыкаў, вымушаны эміграваць. — Выехала велізарная колькасць: ад глыбокага андэграўнду да Лявона Вольскага. У несвабоднай краіне не можа нічога развівацца.

«Усюдыісныя страшныя спісы»

Цяпер нават для выступу танцавальнай школы ў гандлёвым цэнтры трэба атрымаць дазвол УУС і ўпраўлення культуры, падаць спісы вядучых і арганізатараў. «Калі браць нейкую мастацкую выставу, па той жа схеме: чытаюць, адглядаюць, хто мастак, хто даспадобы, не даспадобы. Усюдыісныя страшныя спісы», — распавёў Іван.

Выставы «СКУЛЬПТУРА» у Гродне адкрылася і траўні і праіснавала адзін дзень. Да ўладаў звярнулася актывістка Вольга Бондарава. Яна заклапацілася «антыдзяржаўнымі выказваннямі» некаторых удзельнікаў выставы. Куратару Івану Арцімовічу прапанавалі прыбраць частку экспанатаў - ён адмовіўся. Выставу закрылі. А неўзабаве ў гандлёва-забаўляльны комплекс «Triniti» скасаваў дамову з галерэяй «400 квадратаў».

Выставка "СКУЛЬПТУРА" 2 мая. Фото: Hrodna.life
Выстава «СКУЛЬПТУРА» 2 траўня 2022 года. Фота: Hrodna.life

Па «спісах» ва ўстановах культуры прайшлі звальненні перад рэферэндумам, прысвечаным папраўкам у Канстытуцыі ў лютым 2022 года. Звольненыя кажуць аб «папцы», якая ёсць на кожнага. Астатнія падпісваюць дакумент аб тым, што яны не будуць удзельнічаць у мітынгах і падпісвацца на «дэструктыўныя» Telegram-каналы.

«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. І рухавікі сыходзяць, якія могуць да нечага штурхаць, прыцягваць. Застаецца сярэднестатычнае звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі або не думаць аб заўтрашнім дні», — лічыць Іван.

Рэестр арганізатараў

Іван лічыць, што вярнуцца ў культуру для яго цяпер немагчыма. У тым ліку з-за неабходнасці атрымаць дазвол на сваю дзейнасць. З 1 жніўня 2022 года праводзіць мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. У рэестр уключаюць ІП, юрыдычных асоб і замежныя або міжнародныя арганізацыі. Вядзе яго Міністэрства культуры. Выключэнне ёсць для дзяржаўных органаў і мерапрыемстваў. Рэестр стаў яшчэ адным абмежаваннем для арганізатараў мерапрыемстваў.

«Аднаму знаёмаму, які шмат арганізоўваў, адмовілі. Чым займацца — аднаму богу вядома», — мяркуе Іван.

Зараз у рэестры з Гродна каля 20 індывідуальных прадпрымальнікаў, некалькі таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, мясцовы дабрачынны фонд захавання і развіцця Лютэранскай спадчыны, Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Тытунь», Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Як нам цяпер адпачываць?

Працаваць арганізатарам, па назіраннях Івана, ёсць для каго. Гродзенцы ва ўмовах рэпрэсій і вайны не адмаўляюцца ад адпачынку.

— Людзі заўсёды гатовыя [адпачываць] у большай сваёй масе. У Старажытным Рыме паэт-сатырык Ювенал сказаў: «Хлеба і відовішчаў». Гэта адзінае, што народу трэба. Каб была даступная ежа, мінімальны набор прадуктаў і забавы. Пры гэтым мерапрыемствы носяць такі ж масавы характар, хоць людзей стала менш хадзіць, — лічыць Іван.

Ён адзначае багацце мілітарызму і ваеннай тэхнікі на святах. Святы суправаджаюць вядомыя гродзенцам па пратэстах цёмныя мікрааўтобусы і аўтобусы, у якіх тады везлі затрыманых. Напрыклад, на апошнім фестывалі нацыянальных культур службу ў горадзе неслі не менш за 200 сілавікоў.

День Независимости в Гродно в 2021 году. Фото: Hrodna.life
Дзень Незалежнасці ў Гродне ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: Украінцы не супраць рускіх, міліцыя напагатове і Саладуха-хэдлайнер. Як у Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур

У людзей сапраўды рознае стаўленне да адпачынку. Яны знаходзяцца ў розных стадыях свайго стану. «Адзін на стадыі, калі яму трэба паклапоціцца пра сябе і адпачыць, а другі - калі трэба рабіць-рабіць-рабіць. Трэці лічыць, што можа быць заўтра жыццё скончыцца — трэба адпачыць. А чацвёрты як забаўляўся, так і забаўляецца, — лічыць псіхолаг з 15-гадовым вопытам, які пажадаў застацца ананімным. — Для таго, каб эфектыўна працаваць, трэба клапоціцца аб сабе і потым дзяліцца гэтым з іншымі».

Тварыць для будучыні

Іван працаваў некаторы час не па спецыяльнасці і прапіў лёгкія антыдэпрэсанты. У выніку змог знайсці рэалізацыю па-за культурай. Але часам падзарабляе ў сумежных з ёй абласцях.

Для творчых людзей патрэбныя асаблівыя рэкамендацыі, распавёў Hrodna.life псіхолаг. Ёсць тры разрэзы: творчая самарэалізацыя, прызнанне і матэрыяльны складнік. Немагчымасць зарабляць на жыццё тым, што табе падабаецца, б’е і па самаацэнцы і па пачуццю бяспекі. Гэтыя людзі прывыклі трансляваць свой ўнутраны стан. Немагчымасць творча самарэалізоўвацца б’е па гэтым канале. З’яўляецца самаабмежаванне.

Трэба знайсці варыянт, каб праз творчасць «даставаць» з сябе падушаны настрой і канфлікты. Але чалавека, які прафесійна гэтым зарабляе, гэта можа рэтраўмаваць (прайграванне траўміруючай падзеі - Hrodna.life). «Трэба дапамагчы людзям паглядзець, а як яны могуць усё ж такі рэалізоўваць сваё ўнутранае напружанне і пры гэтым атрымліваць прызнанне і «бяспеку» ствараць, — каментуе псіхолаг. Ён раіць «адкладзеную» творчасць — пакуль тварыць «у стол» для будучыні.

 — Калі чалавек самадастатковы, ён знойдзе рэалізацыю ў іншай дзейнасці, нават калі яна не будзе мець прамога дачынення да культуры, — лічыць Іван. — Ён знойдзе нейкія моманты, якія будуць яго радаваць, натхняць, зацікавіць, дзе ён зможа сябе рэалізаваць як чалавек.

* З 11 лістапада 2022 года Hrodna.life — экстрэмісцкае фарміраванне. У тэксце мы змянілі імёны і некаторыя абставіны, якія маглі б паказваць на нашых крыніц і прыцягнуць да іх увагу кампетэнтных органаў.