Чытачы Hrodna.life напісалі ў рэдакцыю з просьбай адшукаць доктара Аляксандра Лобана. Яны паведамлялі, што Аляксандр на некалькі дзён знік з поля зроку і турбаваліся — ці не звязана яго знікненне з публічнымі выказваннямі пра каранавірус. Мы адшукалі доктара Лобана 14 красавіка. Ён дома, у Гродне. З ім усё ў парадку. Для Hrodna.life ён распавёў пра сваю ацэнку сітуацыі з COVID-19.

Чаму доктар Лобан раптам стаў вядомым

Аляксандр Лобан — лекар-афтальмолаг, у 1986 годзе скончыў Гродзенскі медуніверсітэт. З 2003 года да лістапада 2019 жыў у Нідэрландах. Вясной 2020 стаў стаў шырока вядомы праз серыю відэаролікаў пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі.

На пачатку сакавіка Лобан на тыдзень ездзіў да сяброў у Нідэрланды. Вярнуўся самалётам 18 сакавіка. Пасля гэтага яго на тыдзень забралі ў інфекцыйную бальніцу. Як лічыць сам Лобан, беспадстаўна.


Чытайце таксама: У Беларусі зарэгістраваны 3281 выпадак каранавіруса. Частка пацыентаў лечацца дома


Пасля выпіскі Аляксандр працягваў здымаць відэа. Тады ў сеціве з’явіўся адкрыты ліст лекараў гродзенскай інфекцыёнкі, дзе яны папрасілі Лобана не перашкаджаць ім змагацца з каранавірусам.

Як доктар Лобан трапіў у інфекцыйную бальніцу

— Я вярнуўся ў Гродна ў лістападзе 2019 года, а ў сакавіку 2020 паехаў на тыдзень у Нідэрланды. Калі я 18 сакавіка прыляцеў назад у Беларусь, большасць краін ужо ўвялі строгія абмежаванні ў сувязі з эпідэміяй. Я быў шакаваны адсутнасцю кантролю ў нацыянальным аэрапорце ў Мінску. Я ўбачыў, што ў краіне практычна няма супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Толькі парады па трактарна-гарэлачнай тэрапіі.


Чытайце таксама: Лукашэнка: ад каранавіруса не памёр ні адзін чалавек


Таму 21 сакавіка я апублікаваў аўдыязварот да Мінздароўя і насельніцтва і тэкст звароту на сайце harodniaspring.org. Паколькі гэта быў першы ў Беларусі такі зварот медыка з нагоды эпідэміі Covid-19, ён выклікаў вялікі рэзананс. Яго перадрукавалі папулярныя сайты, я даў інтэрв'ю некалькім СМІ.

Праз 3 дні, 24 сакавіка, мне патэлефанавала загадчыца амбулаторыі на Альшанцы. Сказала, што хоча ўручыць мне памятку па самаізаляцыі, але замест гэтага прыйшла з участковым міліцыянерам, які фіксаваў усё на відэарэгістратар. Яна знайшла ў мяне «паказанні да шпіталізацыі». Як гэта было, можна пабачыць у маім відэа. Мяне адвезлі на хуткай у інфекцыёнку і закрылі на каранцін.

«Здаваў тэст на COVID-19 двойчы»

Абодва аналізы на каранавірус былі адмоўнымі. У бальніцы я прабыў 7 дзён у адзіночным боксе. Шэсць крокаў па дыяганалі ў адзін бок, шэсць крокаў назад. І так мінімум гадзіну ў дзень, прысяданні, нахілы каб хоць неяк падтрымліваць сябе ў форме. Родным забараніў прыносіць мне якую-небудзь ежу, акрамя яблыкаў. Харчаваўся толькі бальнічнай ежай, каб не набіраць вагу. У выніку — амаль 2 кг мінус усяго за тыдзень. Правёў час, можна сказаць, з карысцю для здароўя.


Чытайце таксама: Каб было каму дапамагаць нам. Ідзе збор сродкаў на дапамогу гродзенскім медыкам


Што крытыкуе доктар Лобан

— Вас выпісалі і вы працягнулі здымаць відэа. Чаму да вас звярнуліся лекары з адкрытым лістом?

— Так, я працягнуў здымаць кароткія відэа для YouTube з маёй ацэнкай сітуацыі з каранавірусам ў Беларусі. Незразумелая, заблытаная статыстыка колькасці тых, хто захварэў і выздаравеў, матэматычныя загадкі-рэбусы ад Міністэрства аховы здароўя падштурхнулі мяне да гэтага, а зусім не жаданне хайпануть, як пішуць аўтары так званага «адкрытага ліста лекараў Гродзенскай інфекцыйнай бальніцы». Ліст «адкрыты», але ананімны — ніводнага прозвішча пад ім. Хто гэта напісаў?

Вось вы можаце сабе ўявіць, што большасць лекараў інфекцыёнкі заклапацілася маёй пазіцыяй, а не наяўнасцю абарончых камбінезонаў і рэспіратараў высокага класу? Ну, а тыя, каму па родзе іх дзейнасці загадана адсочваць і паліваць брудам тых, хто крочыць не ў ногу — яны, напэўна, занепакоеныя маімі выступамі.

— Што будзе далей, як вы бачыце далейшую сітуацыю з каранавірусам ў Беларусі?

— Я думаю, нас чакае бурны рост захворванняў у бліжэйшыя тыдні. Ці ўбачым мы рэальныя лічбы захворвання? Беларускае Міністэрства аховы здароўя вельмі крэатыўна паказвае статыстыку. То памерлых у лік выпісаных залічвае, то агульную колькасць захварэўшых шыфруе так, што зразумець хоць нешта магчыма, толькі добра валодаючы матэматыкай.


Чытайце таксама: У Гродне менш за ўсё выпадкаў каранавіруса. Мінздароўя распавяло, які прырост хворых чакаюць у бліжэйшыя тыдні


Мне вось кажуць у так званым адкрытым лісце — ты афтальмолаг, і не лезь у эпідэміялогію. Дык вось, я перастану здымаць відэа, калі ўбачу, што людзям будзе прадастаўляцца аб’ектыўная, дакладная і зразумелая статыстыка, калі Міністэрства аховы здароўя не будзе дзейнічаць з аглядкай на Лукашэнку, які ўжо стаў не толькі аб’ектам жартаў, але і рэальнай небяспекай для жыцця беларусаў.

Мне знаёмыя з Нідэрландаў паведамленні дасылаюць: у вас там вар’яты ў Беларусі жывуць? Гэта пасля прагляду відэа беларускага футбола і хакея, рэпетыцый парада і гэтак далей. Там часам паказваюць па ТБ такія беларускія карцінкі. Крыўдна за краіну і за яе імідж. А яшчэ больш страшна за здароўе і жыццё мільёнаў беларусаў. Таму пакуль трэба па меры сіл працягваць тое, што раблю.

Чаму доктар Лобан захацеў вярнуцца на радзіму

— Я працаваў у Нідэрландах у вялікай арганізацыі па дапамозе людзям з аслабленым зрокам. Мы займаліся дыягностыкай і рэабілітацыяй, а таксама абследаваннем і дапамогай пацыентам з цяжкай неўралагічнай паталогіяй і спадарожным парушэннем зрокавых функцый. Напрыклад, пасля інсульту — парушэння мазгавога кровазвароту — часта пагаршаецца зрок.

Акрамя таго, у склад гэтай арганізацыі ўваходзіць цэнтр па электрафізіялагічным абследаванні задняга аддзела вока. Гэта, калі вельмі спрасціць, быццам ЭКГ сятчаткі і глядзельнага нерва. Такіх цэнтраў у Нідэрландах толькі два. Так што бачыў я там шмат і вопыт атрымаў вялікі.

— А чаму вярнуліся ў Гродна?

— Каб чалавек зразумеў адказ на гэтае пытанне, ён павінен быў бы пажыць працяглы час за мяжой. Я не люблю цынічных выказванняў тыпу «Радзіма — гэта там, дзе добра кормяць». Радзіма — гэта значна больш. Я, вядома, мог бы і надалей заставацца ў Нідэрландах. Вярнуцца ў Гродна было маім усвядомленым рашэннем, хоць многія тут мяне не разумеюць.

Вядома, я не парваў сувязі з Нідэрландамі, дагэтуль маю зносіны са шматлікімі сябрамі і калегамі. Так што людзі там цікавяцца, як складаецца мой лёс пасля вяртання на радзіму, не выпускаюць мяне са свайго поля ўвагі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]