Гродзенскія ветэраны хочуць высечы дрэвы на вайсковых могілках па вуліцы Белуша. Нібыта расліннасць руйнуе помнікі. Жыхары суседніх дамоў заявілі, што не дапусцяць вырубкі. Для іх могілкі – адзіная зялёная зона ў мікрараёне.

Навошта высякаць дрэвы?

Ініцыятар вырубкі – Гродзенскі гарадскі Савет ветэранаў. 12 снежня на сустрэчу з жыхарамі дома №3 па 2-м завулку Белуша прыйшоў старшыня Саюза ветэранаў Кастрычніцкага раёна Уладзімір Цюцюнік.

«Тут вам не парк, а могілкі – святое месца. І хадзіць па пахаваннях няправільна. Дарожкі мы дакладна прыбяром, а з дрэвамі будзем вырашаць. На могілках трэба прыходзіць пакланіцца, а не прагуляцца з дзіцячым вазком або сабакам.

Карані дрэў руйнуюць помнікі. Калі дрэвы былі маленькімі, было прыгожа, і ніякай пагрозы пахаванням яны не неслі. А цяпер у нас ёсць праблемы. Нядаўна былі разбурэнні з-за падзення дрэў, разам з каранямі падалі і помнікі. Улетку з ліп смала сцякае на помнікі. Мы не хочам прыбраць усе дрэвы з могілак, толькі тыя, якія нясуць пагрозу помнікам», – сказаў Цюцюнік.

Ветэраны прапануюць высечы 22 дрэва. Узамен яны прапануюць высадзіць алею бэзу.

Ветэраны хочуць ссекчы дрэвы на вайсковых могілках. Жыхары Белуша супраць
Некаторыя з гэтых дрэў хочуць ссекчы

Хто супраць вырубкі?

Супраць вырубкі дрэваў выступаюць жыхары дома №3 па 2-м завулку Белуша. Для іх вайсковыя могілкі ўжо даўно сталі паркам. А яшчэ расліннасць на могілках закрывае помнікі, калі глядзіш з вокнаў, і від становіцца не такім прыгнятаючым.

«Дрэвы на могілках – гэта лёгкія нашага раёна, – распавядае мясцовая жыхарка Алена Булай. – Вырашаць праблему трэба не высечкай. Мы катэгарычна супраць гэтага. Пакланіцца ім трэба? Мы паважаем гэта месца, але што нам рабіць, куды выходзіць дыхаць паветрам? Можна ж галінкі абрэзаць, але не 22 дрэва!»

Ветэраны хочуць ссекчы дрэвы на вайсковых могілках. Жыхары Белуша супраць
Жыхары дома №3 па 2-м завулку Белуша падчас абмеркавання высечкі дрэў

Што кажа ахова прыроды?

Начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў заклікаў не рабіць паспешлівых высноў. Усю расліннасць ён прапанаваў для пачатку абследаваць.

«Дрэвы трэба максімальна захаваць. Але ёсць і праблема: некаторая расліннасць небяспечная для людзей і помнікаў. У нас ёсць “Гродназелянбуд”, які ўпаўнаважаны праводзіць абследаванні дрэў, рабіць заключэнні з улікам меркаванняў жыхароў і прымаць узважанае рашэнне. Пачакаем, што яны скажуць», – зазначыў Палякоў.

Што кажуць гарадскія службы?

На сустрэчы з мясцовымі жыхарамі прысутнічаў і намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ Сяргей Сямашка. Ён запэўніў жыхароў, што без узгаднення ніхто не будзе высякаць дрэвы.

«Трэба выслухаць усе меркаванні і толькі потым рабіць нейкую выснову. Ветэраны звярнуліся ў гарвыканкам, мы выехалі, каб пачуць меркаванне жыхароў. Усё згодна з заканадаўствам. Ніхто пакуль нічога не высякае».

Гарадскія службы на сустрэчы з жыхарамі вялі пратакол, які падпісала каля 30 чалавек. І толькі трое з іх выступілі за высечку расліннасці на могілках.

Ветэраны хочуць ссекчы дрэвы на вайсковых могілках. Жыхары Белуша супраць
Збор подпісаў

Даведка

Вайсковыя могілкі на сучаснай вуліцы Белуша былі закладзены ў 1888 годзе і першапачаткова складалася з лютэранскай часткі (паўднёвай) і часткі для салдат іншых хрысціянскіх канфесій. Падчас Першай сусветнай вайны на могілках было пахавана шмат нямецкіх салдат і афіцэраў. У міжваенны перыяд там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля былога кармеліцкага кляштара (вул. Маставая, сёння “Прыёрбанк”) і Фары Вітаўта.

Тут таксама хавалі загінуўшых у польска-савецкай вайне, савецкіх салдат, якія загінулі ў 1939 і 1944 гадах, нямецкіх салдат. У пачатку 1990-х гадоў на могілках быў устаноўлены крыж памяці жыхароў Гродзеншчыны, якія загінулі падчас сталінскіх рэпрэсій.

Денис Мисюля
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]