Хэлаўін — хутчэй нагода, каб весела правесці час. А вось Дзяды — гэта рэлігійна-сакральнае свята. Дзяды адзначаюць не толькі беларусы — гэта старажытная агульнаславянская традыцыя. У Польшчы іх наўпрост называюць польскім Хэлаўінам. І не дзіўна, бо ў абодвух святаў агульныя карані.

Зіма блізка: як кельцкае свята канца лета стала Хэлаўінам

Старажытныя кельты дзялілі год на лета і зіму. Канец лета прыходзіўся на 31 кастрычніка: дзень, у які мяжа паміж светам памерлых і жывых знікала. Святкавалі ў гэты дзень канец лета, збор ураджаю і пераход на зімовы сезон, а яшчэ ўзгадвалі сваіх памерлых. Кельты верылі, што акрамя душаў родных на свет выходзяць і злыя духі, таму апраналіся ў шкуры жывёл, каб адпужваць нязваных гасцей.

Хэлаўін гэта заходні адпаведнік беларускага свята Дзяды
Фота ілюстрацыйнае. Фота: Toni Cuenca, pexels.com

У IX стагоддзі па загадзе Папы Рымскага 1 лістапада сталі адзначаць Дзень Усіх Святых. Гэта была спроба адцягнуць увагу ад ад старога паганскага свята. Але яно гарманічна ўпісалася ў хрысціянскі каляндар, пераўтварыўшыся ў Канун Дня Усіх Святых (All Hallows Even, скарочана — Halloween).

Сёння ў Беларусі Хэлаўін на афіцыйным узроўні забараняюць. Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэта свята «супярэчыць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа».

Ці з’яўляецца Хэлаўін пагрозай беларускай ментальнасці? Ці трэба забараняць яго?

— Забараняць святы — гэта самае бязглуздае, што можа зрабіць дзяржава. Хэлаўін — глабальнае свята, яно прыйшло з заходніх фільмаў, падручнікаў па англійскай мове і рэкламы, — расказала Hrodna.life тэалагіня Наталля Васілевіч. — У беларусаў ёсць свае святы з пераапрананнямі: Масленіца, ці святы, калі дзеці ходзяць па суседзях, спяваюць і атрымліваюць цукеркі. А ёсць дні памяці продкаў, якія святкуюцца сур’ёзна. Але гэта не нагода нешта забараняць. Лепей укладацца ў папулярызацыю сваіх святаў.

Ад феерверкаў да забароны: як адзначалі Дзяды раней

Дзяды — гэта дні памінання нябожчыкаў. Першапачаткова паганскае свята было адаптавана хрысціянствам, і сёння святкуецца і праваслаўнымі, і католікамі. Лічыцца, што ў гэты дзень памерлыя вяртаюцца да сваёй сям'і і сядаюць разам за стол.

Католікі адзначаюць Дзяды кожны год 2 лістапада, у праваслаўных складаней: ёсць Дзяды Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Велікодныя і іншыя. Але восеньскія — адны з галоўных, адзначаюцца ў суботу з 1 па 11 лістапада. Афіцыйна ў Беларусі 2 лістапада — Дзень памяці, ён жа дзень памінання памерлых. Да сярэдзіны 90-х быў выходным, але зараз у лістападзе афіцыйны выхадны — толькі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, як у часы СССР, калі Дзяды былі забаронены.

У гэты дзень прынята прыбірацца ў хаце, хадзіць у лазню, а ўвечары апранаць святочнае і садзіцца ўсей сям’ёй за стол. Католікі ў гэты дзень яшчэ ездзяць на могілкі, каб прыбрацца. У праваслаўных для гэтага ёсць асобны дзень — Радаўніца. Гэта таксама свята з паганскімі каранямі, калі прынята наведваць сваіх памерлых на могілках. А на Дзяды — яны прыходзяць самі.

Вячэра на Дзяды - якія традыцыі ёсць у беларусаў на Дзяды і як гэта свята адрозніваецца ад Хэлаўіна
Вячэра на Дзяды. Малюнак: Stanisław Bagieński, Tygodnik Illustrowany № 44, 1904. Крыніца: Wikimedia Commons

Пасля адмысловай вячэры трэба Дзядоў павесяліць — каб паказаць, што ў сям'і ўсё добра і жыццё працягваецца. Песні, скокі, а ў багатых сем’ях нават феерверкі - усё, каб паказаць духам радасць жыцця. У некаторых рэгіёнах на Дзяды рабілі карабошкі - маскі з гліны ці дрэва, якія надзявалі, як вобраз памерлага роднага, калі надыходзіў час праводзіць іх назад.

Чытайце таксама: Дзяды, або як аднавіць сувязь з родам. Гутарка з Іванам Кірчуком

Ніякіх любошчаў: як традыцыйна святкавалі Дзяды

Традыцыі, як адзначаць Дзяды, адрозніваюцца ад рэгіёна да рэгіёна, нават ад сям'і да сям'і. Агульна: у гэты дзень трэба падрыхтавацца да прыходу Дзядоў і святочнай вячэры.

Як зрабіць гэта правільна? Вось некаторыя парады ад нашых продкаў:

  • Прыбрацца ў хаце і двары, схадзіць у лазню і пакінуць там чысты ручнік і таз гарачай вады, каб Дзяды таксама маглі памыцца.
  • Стварыць умовы для камфортнага наведвання духамі хаты: адчыніць дзверы, форткі, не паліць печы (каб духі маглі прабрацца праз комін), памыць шыбы.
  • Падрыхтаваць вячэру з 3, 5, 7 ці болей страў. Галоўнае, каб колькасць была няцотнай і не менш за 3. Звычайна гатавалі на Дзяды куццю, як і на памінкі, але агулам стол павінен быць багатым. І кожную страву трэба паспрабаваць. Адсюль і выразы: «На Дзяды многа яды», «Наеўся, як на Дзяды».
  • Паставіць на стол дадатковы посуд — па колькасці памерлых у сям'і. Ці адну «дзедаву» талерку і чарку, каб скідваць туды частку ежы і напояў - пачаставаць дзядоў.
  • Не класці лыжку дном уверх — каб нябожчыкі не пераварочваліся ў магілах.
  • Дзядоў трэба пазваць. «Святыя дзяды завем вас, ляціце да нас. Тут усё, што бог даў, чым хата багата» — трэба сказаць старэйшаму чалавеку ў сям'і. Ці пазваць усіх памерлых па імёнах.
  • За сталом не шумець, не плакаць. Узгадаць сваіх памерлых добрым словам.
  • Не ўставаць з-за стала да сканчэння вячэры, хто ўстане — хутка памрэ.
  • «Святыя дзяды, паелі, папілі, гонар і слава вам. Скажыце, што вам трэба, а лепш ляціце на неба». Як Дзядоў запрасілі, так трэба іх і прагнаць.
  • Са стала нічога не прыбіраць, рэшткі ежы з раніцы не выкідваць — аддаць жывёлам ці жабракам.
  • Пасля вячэры — можна вяселіцца, каб Дзяды бачылі, што жыццё працягваецца.
Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне на Дзяды - гараць сотні знічак
Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне на Дзяды. Увечары 1 лістапада на старых Фарных могілках традыцыйна запальваюць сотні знічак. З гэтага дня і да 8 лiстапада, згодна з касцёльнай традыцыяй, вернікі наведваюць могілкі, а таксама намагаюцца папрысутнічаць на святой Імшы, каб маліцца ў інтэнцыі родных і блізкіх, якія ўжо адышлі з гэтага жыцця. Фота з архіву Hrodna.life

Недзе лічылі, што на Дзяды нельга рабіць ніякай працы, а таксама займацца любошчамі. Недзе пасля вячэры ладзілі цэлыя маскарады, а ў іншых сем’ях — проста разыходзіліся спаць. Дзяды — старажытнае свята, што ўвабрала ў сябе розныя ўяўленні беларусаў пра жыццё і смерць.

Ці можна назваць Дзяды нашым аналагам Хэлаўіна?

— Дзяды і Хэлаўін маюць агульнае паходжанне. Толькі Хэлаўін стаў дзіцячым святам, карнавальным, ён мае на мэце даць дзецям магчымасць перамагаць свае страхі ў гульнявой форме. Дзяды — прынцыпова сур’ёзнае сямейнае свята, з пашанай да смерці, з пашанай да продкаў. А для карнавальнага свята ў беларусаў ёсць веснавая Масленіца, — кажа Наталля Васілевіч.

Адам Міцкевіч і апазіцыя: чаму Дзяды для беларусаў - не проста нейкае свята

Свята мае месца не толькі ў рэлігійным жыцці. «Дзяды» — знакамітая паэма Адама Міцкевіча, у якой абраднасць старажытнага свята звязвае паміж сабой і жыццё, і каханне, і прагу да волі, і смерць. Фактычна, яна ніколі не будзе скончана — першая частка (напісаная апошняй) выйшла ўжо пасля смерці паэта, недапісаная.

Паштоўка 1904 года са сцэнай са спектакля "Дзяды" паводле Адама Міцкевіча, пастаноўка Станіслава Выспяньскага
Паштоўка 1904 года са сцэнай са спектакля «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча, пастаноўка Станіслава Выспяньскага, фота: polona.pl

Памяталі пра Дзяды і беларускія адраджэнцы ў нашаніўскі перыяд. 30 кастрычніка 1920 года ў «Нашай Ніве» выйшаў артыкул «На Дзяды» аўтарства Антона Навіны (пад гэтым псеўданінам пісаў Антон Луцкевіч).

«Памянём жа і мы нашых родных, дарагіх „дзядоў“ духовых — сябраў тае сямейкі ідэалістаў, што ў бязупыннай, рупнай працы для Бацькаўшчыны, для вялікае ідэі адраджэння свайго народу кропля па кроплі пралілі сваю кроў сардэчную і без пары паляглі ў магілы!» — пісаў аўтар.

Дзяды'88 — мірная акцыя 30 кастрычніка 1988 года, якая перарасла ў першы ў сучаснай гісторыі Беларусі апазіцыйны мітынг, жорстка разагнаны міліцыяй. Зянон Пазняк, Алесь Бяляцкі, Анатоль Сыс — адны з арганізатараў шэсця да Курапатаў, каб ушанаваць ахвяраў савецкіх рэпрэсій. Савецкія ўлады бачылі ў гэтым пагрозу: міліцыя пачала разганяць людзей, труціць газам, біць гумовымі дубінкамі. Можна сказаць, што з Дзядоў'88 пачаўся цяперашні беларускі апазіцыйны рух.

Дзяды 1988. Зянон Пазняк выступае на мітынгу, які сабраўся на полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова
Дзяды 1988. Зянон Пазняк выступае на мітынгу, які сабраўся на полі каля Курапатаў. Фота з архіва Уладзіміра Арлова. Крыніца: nashaniva.com