Распараджэнне аб забароне Хэлоўіна разаслаў напярэдадні свята Гродзенскі аблвыканкам. Атрымальнікі — Гродзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксте ліста чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята „Хэлоўін“». Забараняецца любая яго атрыбутыка — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі.

У Беларусі забаранілі Хэлоўін, але добра што яшчэ не забаранілі гарбузы. хэллоуин halloween
Фота ілюстрацыйнае, Colton Sturgeon, unsplash.com

Пра ліст Гродзенскага аблвыканкама стала вядома Zerkalo.io. На думку абласных чыноўнікаў, Хэлоўін нібыта «прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі» і супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа».

Чыноўнікі узроўнем ніжэй хутка адрэагавалі на даручэнне. Цягам тыдня перад Хэлоўінам супрацоўнікі Гродзенскага гарвыканкама тэлефанавалі ў прыватныя арганізацыі, якія рэкламавалі тэматычныя вечарыны. Яны патрабавалі прыбраць іх афішы з сацсетак, расказала Hrodna.life крыніца, блізкая да выканкама. Некаторыя ўстановы тут жа прыбралі рэкламу. «Для нас гэта можа мець наступствы», — растлумачыў у размове з Hrodna.life прадстаўнік гродзенскага грамадскага харчавання.

У выніку ў Гродне ў 2023 годзе амаль не засталося месцаў, дзе можна адзначыць Хэлоўін.

Чытайце таксама: Пакуль чыноўнікі адмяняюць Хэлаўін, вернікі рыхтуюцца да Дзядоў - свята, калі памерлыя вяртаюцца дамоў

Забароны Хэлоўіна ў Беларусі пачаліся год таму

З Хэлоўінам у Беларусі пачалі актыўна змагацца ў 2022 годзе. Гэта стала вынікам актыўных зваротаў да ўлады гродзенскай актывісткі Вольгі Бондаравай і яе паслядоўнікаў. У зваротах яны сцвярджалі, што Хэлоўін быццам бы супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларусаў, прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі, аказвае негатыўны ўплыў на духоўна-маральнае развіццё грамадства.

У выніку ў Беларусі святкаванне Хэлоўіна фактычна патрапіла пад забарону. У снежні 2022 Савет Міністраў даручыў прыняць «вычарпальныя меры» па недапушчэнні прапаганды і правядзення ва ўстановах адукацыі і культуры мерапрыемстваў, «якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа». Да такіх мерапрыемстваў аднеслі і Хэлоўін.

З барацьбы з гэтымі вулічнымі дэкарацыямі ў Гродне ў 2022 годзе пачаліся забароны свята Хэлоўін у Беларусі
З барацьбы з гэтымі вулічнымі дэкарацыямі ў Гродне ў 2022 годзе пачаліся забароны Хэлоўіна ў Беларусі. Фота Вольгі Бондаравай

У 2023 годзе Бондарава працягвае змагацца з Хэлоўінам. У яе канале, напрыклад, з’явіліся фатаграфіі кафэ з Бабруйска, упрыгожанага да свята. Яна лічыць гэтыя ўпрыгожанні пагрозай беларускім дзецям і беларускай дзяржаве. Таму прапануе жадаючым «пагутарыць з адміністрацыяй канкрэтнай кавярні ці з кіраўніцтвам ідэалогіі горада Бабруйска».

Тым часам у Расіі: «Хэлоўін трэба замяніць на свята ўраджаю»

У Расіі, дзе таксама вельмі моцныя антызаходнія галасы, таксама занепакоеныя папулярнасцю Хэлоўіна. Старшыня Асацыяцыі вытворцаў дзіцячых тавараў, работ і паслуг Міхаіл Ветраў лічыць, што гэтае свята трэба замяніць нейкім варыянтам Дажынак:

«Хэлоўін небяспечны для маральнага развіцця расійскіх дзяцей. Трэба замяніць яго на фестываль ураджаю! Папулярнасць гэтай падзеі прывіваецца падрастаючаму пакаленню праз заходні кінематограф, поп-культуру і прывабны флёр таямнічасці», — цытуе Ветрава канал «The Moscow Times. Мнения»

Таксама на замену Хэлоўіну сёлета ў Расіі прыдумалі «славянскае свята Гарбузовы Спас». Гэтую ідэю прапанавалі ў адной са школ Іжэўска. Нягледзячы на ​​крытыку з боку царквы, свята стала папулярным мемам і распаўсюдзілася па розных рэгіёнах.