Сухі, з сулугуні, капустай, авакада, з лавашом, тарцілляй, булкай. Фалафель — добры спосаб здаволіць голад, калі вы не ясце мяса, посціцеся або проста любіце ўсходнюю кухню. Карэспандэнты Hrodna.life налічылі не менш за сем месцаў у горадзе, дзе яго можна пакаштаваць, і праверылі стравы на сабе. Пераходзіце ў наш Telegram-канал — там можна выбраць лепшы фалафель па вашай версіі.

Фалафель — усходняя страва, смажаныя ў фрыцюры шарыкі са здробненых нута і не толькі, запраўленыя прыправамі. Як правіла, у фаст-фудзе падаюцца ў лавашы або ў выглядзе бургера. Вегетарыянцы і веганы любяць яго за пажыўнасць і высокае ўтрыманне бялку. Яшчэ фалафель можна ёсць у пост. Лічыцца, што фалафель любяць хіпстэры. Страва прыйшла ў Гродна некалькі гадоў таму — і прыжылася.

«Беседка» ў парку Жылібера

Час працы:

  • будні - 10: 00−23:00
  • выхадныя — 10: 00−00:00

Што ў меню: тарцілля з фалафелем, 425 г, 7,99 руб.

На выбар тры соусы: грыбны, таматавы, сальса.

«Беседка» працуе на вынас, побач ёсць столікі, дзе можна з’есці заказ.

Тарціллю гатавалі 15 хвілін. Разам з чэкам аб аплаце вам выдаюць чэк з нумарам, які назаве касір у мікрафон, каб аддаць гатовы заказ. Таму не абавязкова чакаць выдачу каля акенца, можна прысесці за столік, падысці да фантана або схавацца ў цяньку.

Ад 4 да 12 рублёў. Дзе з'есці фалафель у Гродне - шарыкамі, у лавашы, у тарціллі і ў бургеры
Фалафель у «Беседке». Фота: Hrodna.life

Тарціллю аддалі загорнутай у пергаментную паперу. Ляпёшка смачная, мяккая, загорнутая добра і не працякае ўнізе. У складзе, акрамя шарыкаў фалафеля, капуста, памідор, марынаваны агурок і шмат соуса. Лепш з’ядаць тарціллю хутка, пакуль яна гарачая. Як толькі страва пачне астываць, фалафель становіцца сухім. Шарыкі фалафеля былі трохі перасмажаныя — скарыначка хутчэй карычневая, чым залацістая.

У будні дзень у 16 гадзін на тэрасе былі занятыя чатыры столікі, перад намі ў чарзе быў адзін чалавек, за намі — два. Месца папулярнае, улічваючы, што гэта парк, летні сезон, а іншая папулярная кропка з фалафелем ў парку — «ПаркКинг» — усё яшчэ зачынена на рамонт. Можна трапіць на чаргу.

Фалафель в "Беседке". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Беседке». Фота: Hrodna.life

Street Food на Савецкай, 18 (каля ГД «Нёман»)

Час працы: 12.00−23.00

Што ў меню:

  • шаурма с фалафелем, 440 г, 10 руб.
  • бао-бургер с фалафелем, 260 г, 8 руб.

Летняе кафэ каля ўваходу ў гандлёвы дом «Нёман» прапануе дзве стравы з фалафелем. Яго, у адрозненне ад многіх іншых кропак са стрыт-фудом, вам нават прынясуць да стала, а заплаціць можна пасля ежы — зусім як у рэстаране.

У кафэ з дзясятак сталоў: як са зручнымі мяккімі канапкамі, так і з высокімі барнымі крэсламі. На кожным стале ёсць сурвэткі. Дах дазваляе схавацца ў спякотны дзень ад сонца. Памыць рукі і скарыстацца туалетам можна ў самім будынку гандлёвага дома.

Ад 4 да 12 рублёў. Дзе з'есці фалафель у Гродне - шарыкамі, у лавашы, у тарціллі і ў бургеры
Фалафель у «Street Food». Фота: Hrodna.life

Наш заказ неслі 18 хвілін — не вельмі хутка, але, магчыма, справа была ў тым, што мы прыйшлі да самага адкрыцця ў 12.01. Шаурма з фалафелем апынулася вялікай, сытнай і смачнай, але злёгку сухаватай. Сыру сулугуні можна было б пакласці больш, а вось балгарскага перцу, капусты і кукурузы не пашкадавалі — увогуле смак быў свежы, агароднінны, як раз у тэму ўборачнай кампаніі. Асобна варта пахваліць смачную пшанічную ляпёшку.

Ветлівы аафіцыянт, забіраючы пусты паднос, не забыўся спытаць, ці спадабалася нам — гэта таксама плюс у карму Street Food.

Фалафель в "Street Food". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Street Food». Фота: Hrodna.life

Шаурма Shaw-Books на Савецкай, 7

Час працы: 11.00 — 23.00

Што ў меню:

  • шаурма з фалафелем стандартная, 390 г, 7,60 руб.
  • шаурма з фалафелем вялікая, 480 г, 8,90 руб.

Месца даволі папулярнае — у будні дзень у пасляабедзенны час была нават невялікая чарга. Пры гэтым супрацоўнікі працуюць хутка: папярэдне нам сказалі, што чакаць шаурму трэба будзе 15 хвілін, але справіліся за 12.

Фалафель в "Шаурма Shaw-Books". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Шаурма Shaw-Books». Фота: Hrodna.life

З’есці заказ можна на месцы: унутры ёсць шэсць столікаў (за кожным можа змясціцца 4−6 чалавек), а на вуліцы — яшчэ тры. Лепш па магчымасці заняць месца на летняй тэрасе: інтэр'ер у памяшканні немудрагелісты. Туалета і зусім няма, але па чэку з Shaw-Books вас пусцяць у туалет моладзевага цэнтра «Гродна».

Лаваш ў нашай шаурме апынуўся высушаны да мяжы — вельмі хрумсткі, нават занадта. Інгрэдыентаў дастаткова, соуса было шмат, страва была добра запраўленай. Капусты таксама не пашкадавалі. Стандартнай шаурмы нам хапіла, каб пад’есці. Мінус у тым, што бліжэй да канца шаурма пачала працякаць ўнізе.

Фалафель в "Шаурма Shaw-Books". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Шаурма Shaw-Books». Фота: Hrodna.life

Кафэ «Поляна City» на Савецкай, 25 (уаход з Калючынскай)

Час працы:

  • НД — ЧЦ — 09.00 — 00.00,
  • ПТ — 09.00 — 02.30,
  • СБ — 09.00 — 04.30,

Што ў меню: фалафель-бургер, 300 гр, 10 руб.

У меню — адзін бургер з фалафелем. Але пры жаданні ў любым бургеры (напрыклад, чылі або сырным) мяса вам заменяць на фалафель. Але існуючы варыянт — самы збалансаваны, запэўнівае супрацоўніца ўстановы. Вага бургераў, як і кошт, адрозніваецца — 300−530 грам, а самы вялікі цэннік — 21 рубель. Дарэчы, якому соусу вы аддаеце перавагу, тут не спытаюць.

Вялікі плюс ўстановы — познім вечарам вас не сустрэнуць словамі: «А ў нас ужо кухня зачынілася». Паесці там можна аж да закрыцця.

З’есці фалафель можна як у установе, так і на летняй пляцоўцы. Днём наш заказ рыхтавалі менш за 10 хвілін. Да абслугоўвання, стану санвузла і інтэр'еру ўстановы прэтэнзій няма. На вулічнай пляцоўцы днём вас можа турбаваць гучная музыка з суседняга бара «Maroon». А яшчэ на ветры ляцяць сурвэткі. Сама вуліца летнім вечарам — асабліва ў выходны — становіцца цалкам сабе тусовачнай.

Фалафель в Поляна City. Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Поляна City». Фота: Hrodna.life

У адрозненне ад многіх іншых месцаў, тут да бургера можна замовіць сапраўды нядрэннае разліванае піва. Якое менавіта і што ў ім добрага, мы не напішам, каб нас не абвінавацілі ў супрацьзаконнай рэкламе.

У бургеры, акрамя булкі і катлеты з нута, ёсць памідор, сыр, соус, салата і зеляніна. Булка не сухая, бургер сакавіты, збалансаваны на смак, у меру салодкі і салёны дзякуючы памідорам і сыру. Ёсць верагоднасць, што бургер пачне трохі развальвацца і вы выпацкаецеся соусам. Галоўнае — кусаць пабольш (і з усіх бакоў) і хутка гэта перастане вас турбаваць. Фота бургера ў разрэзе не будзе — карэспандэнт занадта ім захапіўся і ачнуўся, калі бургер выглядаў ужо непрэзентабельна.

Фалафель в "Поляна City". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Поляна City». Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: Кафэ «Паляна» з Пышкоў адкрылася ў цэнтры Гродна

Pablo Restobar на Савецкай, 13

Час працы:

  • НД — ЧЦ — 9:00−01:00
  • ПТ — СБ — 9:00−02:30

Што ў меню: шарыкі фалафеля, 260 г, 11 руб.

У рэстарана ёсць крытая тэраса, але ў +30 там як у цяпліцы, камфортней будзе выбраць месца ўнутры — ёсць кандыцыянер. Таксама ёсць пяць столікаў у выглядзе бочак прама на вуліцы. Калі спякота спадае, можна выбраць месца на тэрасе або на вуліцы і паслухаць вулічных музыкаў - яны звычайна выступаюць насупраць. Вокны з залы выходзяць на ўтульны дворык, але можна сесці і на бары.

Ад 4 да 12 рублёў. Дзе з'есці фалафель у Гродне - шарыкамі, у лавашы, у тарціллі і ў бургеры
Фалафель у «Pablo Restobar». Фота: Hrodna.life

Афіцыянты адразу прынеслі ваду, што вельмі радуе ў спякоту. Абслугоўвалі хутка і ветліва. Заказ рыхтавалі 10 хвілін.

Порцыя складаецца з пяці шарыкаў фалафеля. Таксама ў склад стравы ўваходзяць агуркі, памідоры, лісце салату, зеляніна і авакада. У асобнай піяле падаюць аўтарскі соус. Фалафель мяккі, з залатой скарыначкай, добра спалучаецца з астатнімі інгрэдыентамі на талерцы. Нягледзячы на тое, што ў меню страва знаходзіцца ў раздзеле «закускі», яе хопіць, каб пад’есці.

У 15 гадзін у будні дзень у Pablo Restobar было занята пяць столікаў.

Фалафель в "Pablo Restobar". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Pablo Restobar». Фота: Hrodna.life

Веган-бар «Сон» на Тэльмана, 4

Час працы:

  • ПН-СР — 16.00−2.00
  • ЧЦ, НД — 16.00−4.00
  • ПТ-СБ — 16.00−6.00

Што ў меню:

  • фалафель (нутавые шарыкі) 120 г, з соусам на выбар (таматавы 40 г./сырны (vegan) 30 г./хумус фірмовы 40 г.), 6 руб.
  • фалафель-рол з веганскім соусам тар-тар, 360 г, 9 руб.
  • боўл-фалафель, 386 г, 12 руб.

Фалафель для бара «Сон» «профільная» страва — гэта ўстанова з выключна веганской ежай. Бар нават адкрыў філіял у Мінску, але ён прапрацаваў толькі некалькі месяцаў. Ноччу тут можна трапіць на запрошаных дыджэяў з розных гарадоў Беларусі, а днём ці вечарам — на лекцыю, кінапрагляд або майстар-клас.

Фалафель в баре "Сон". Фото: Hrodna.life
Фалафель у бары «Сон». Фота: Hrodna.life

Для тэсту мы абралі фалафель-рол. З’есці яго можна ўсярэдзіне або на летняй пляцоўцы. Там можна прысесці ці нават прылегчы на лаўцы, стылізаванай пад ложак. Бясплатна вам прынясуць шклянку вады. Добрыя навіны для курцоў - на сталах ёсць попельніцы, можна курыць. Гучыць прыемная музыка.

Супрацоўніца сказала, што чакаць фалафель трэба да 10 хвілін і абяцала ўкласціся ў пяць. Але неслі яго 17 хвілін. Да ролу прынеслі прыборы. Яго падаюць на доўгай талерцы, разрэзаным на дзве часткі. Страва пасыпана кветкамі васількоў.

Наш фалафель чамусьці прынеслі халодным — магчыма, так было задумана. Цёплымі былі толькі шарыкі з нута. У роле таксама прысутнічае капуста, соус, марынаваныя агуркі, памідор. У страве ёсць цыбуля — гэта варта ўлічыць тым, хто яе не любіць. Карэспандэнту Hrodna.life не хапіла солі. Па суб’ектыўным адчуванні, зеляніна, асабліва пятрушка, выбіваюцца з агульнага ансамбля. Марынаваныя агуркі таксама перабіваюць іншыя смакі. Самі шарыкі фалафеля смачныя, але да іх доўга прабірацца скрозь капусту і гародніну.

Фалафель в баре "Сон". Фото: Hrodna.life
Фалафель у бары «Сон». Фота: Hrodna.life

Лаваш не прамок, але быў крыху цвердаваты. Есці рол цалкам зручна — у тым ліку і рукамі.

Страву можна падзяліць з сябрам, калі вы не вельмі галодныя. Ёсць верагоднасць, што з’еўшы яе аднаму на абед, вячэраць вы ўжо не захочаце. Але з’есці фалафель тут можна і апоўначы.

«Ниндзя Кебаб» на Белуша, 4

Час працы:

  • 11: 00−23: 00 (па панядзелках з 13:00)

Што ў меню:

  • шаурма з фалафелем, 400 г, 7,8 руб.
  • шарыкі фалафеля, 150 г, 4,5 руб.

Установа знаходзіцца каля Скідзельскага рынку. Ёсць столікі ўнутры і на вуліцы. Унутры вельмі душна, кандыцыянер не працуе, моцна пахне кухняй. Раім узяць ежу з сабой і з’есці яе альбо за столікамі на вуліцы, альбо на лавачцы ў дварах. У цэлым, адчуванне ад шаурмічнай — як ад таннага прыдарожнага кафэ.

Фалафель в "Ниндзя Кебаб". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Ниндзя Кебаб». Фота: Hrodna.life

Фалафель ў шарыках і шаурму прыгатавалі за 13 хвілін. Кухар выйшаў на вуліцу і папярэдзіў, што ежа гатовая.

У шаурме акрамя нутавых шарыкаў ёсць капуста, морква, марынаваныя агуркі, цыбуля і соус. Лаваш быў загорнуты добра і не падцякаў. У адным месцы пасярэдзіне лаваш апынуўся вельмі тонкім і парваўся.

Фалафель в "Ниндзя Кебаб". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Ниндзя Кебаб». Фота: Hrodna.life

Фалафель (у лавашы і асобна) апынуўся сухім і перасмажаным. У супрацоўнікаў не аказалася здачы, прыйшлося аплачваць частка замовы картай.

Фалафель в "Ниндзя Кебаб". Фото: Hrodna.life
Фалафель у «Ниндзя Кебаб». Фота: Hrodna.life

«ПарККінг» на Горкага, 91 (рынак «Карона»)

Час працы: 10:00−23:00

Што ў меню:

  • фалафель-рол дзіцячы, 230−250 г., 6,50 руб.
  • фалафель-рол стандартны, 350−370 г., 10,50 руб.
  • фалафель-бургер, 230 г., 7,00 руб.
  • фалафель (8 шарыкаў) + фры 150 г., 8,50 руб.
парккинг фалафель бургер гродно

Кавярня месціцца ў зале «Д» рынка «Карона», тым самым, стылізаваным пад гагардскія вуліцы. Яна суседнічае з комплексам дзіцячых забаваў і батутам. Прастора, якую займае кавярня, досыць вялікая: некалькі столікаў з канапамі, некалькі - са звычайнымі крэсламі, а можна прысесці і за стол-стойку. На сталах расстаўлены сурвэткі. Агулам усё выглядае досыць стыльна для фастфуду. Прадугледжаны дзіцячы куток, дзе можна памяляваць. Прыбіраць са стала трэба самастойна, па прынцыпе фудкорта.

Музыкі няма, гукавы фон — дзіцячы гоман і гукі гульняў з суседняга дзіцячага комплекса. Памыць рукі можна ў агульнай прыбіральні залы Д, яна месціцца недалёка. У самім кафэ іх можна апрацаваць антысептыкам.

Замову можна забраць з сабой ці з’есці на месцы. Ступень яе гатоўнасці можна адсочваць на табло. Таксама нумары замоў, гатовых да выдачы, асобна абвяшчаюць у мікрафон.

Для тэсту журналіст абраў бургер з фалафелем. Ён складаецца з нутавых катлетак паміж булачкай, салата айсберг, сыра, агурка, памідора і соўса. Соўс прапанавалі часночны або таматны. Замову паабяцалі рыхтаваць хвілін 15, але ўсё было гатова ўжо праз дзевяць. Каб было зручней есці, да бургера дадалі аднаразовыя цэлафанавыя пальчаткі нават з запасам — тры штукі.

Памідор у бургеры тарпіўся не самы спелы. А вось фалафель — смачны, не перасушаны, з выражаным смакам, лёгкая корачка прыемна хрумсціць у роце. Магло бы быць больш гародніны, бо шмат смаку забрала саладкаватая булачка. Пад канец яна пачала распаўзацца знізу.

Таксама з фалафелем можна замовіць фалафель-рол і фалафель з бульбай-фры. Рол змяшчае нутавыя катлеты, салат айсберг, памідор, марынаваны агурок, цыбулю і соўс. Соўсы прапануюць на выбар: сальса, таматны, часночны ці грыбны.

На сайце ўстановы пазначана іншая вага ролаў з фалафелем, чым кажуць на месцы, і іншы кошт (425 г. за 8 руб.). На месцы ж у меню вага не пазначана. Фалафель, па словах прадаўца, замаўляюць нячаста, таму ніхто з супрацоўнікаў не ведае вагу на памяць, а на ўдакладненне сышло хвілін 5.

Другая кропка «ПарККінг» знаходзіцца пры ўваходзе ў парк Жылібера. Зараз там ідзе рамонт, пасля яго кропка мусіць адчыніцца, але калі - пакуль невядома.

Раней было больш фалафеля

У некаторых установах фалафель пры адкрыцці быў, а пазней знік з меню. Верагодна, гродзенцы аддаюць перавагу бургерам з мясам. Пошукавыя сістэмы, дарэчы, упарта раяць з’есці фалафель у веган-бары Nesterka, які закрыўся ў пачатку 2021 года пасля далучэння да агульнанацыянальнай забастоўкі ў кастрычніку 2020 года. Таксама з’есці фалафель можна было ў кавярні «ПаркКинг», але яго зачынілі на рамонт. Цяпер за ім давядзецца ехаць на «Карону» на вул. Горкага.

Калі мы прапусцілі ўстанова з фалафелем-напішыце нам у Instagram!