Гастрафэст «Краіны свету» праходзіць у Гродне з 18 лістапада па 5 снежня, гэта ўжо другі рэспубліканскі фестываль, у якім удзельнічаюць гродзенскія ўстановы. У гэтым годзе кожнае месца прэзентуе кухню адной з краін свету. Кошт сэтаў у Гродне — 27 рублёў. Hrodna.life даведаўся, чым прыцягвае падзея гарадзенцаў і ці выгадна гэта для грамадскага харчавання.

Гастрофэст — нагода для сустрэчы з сябрамі

Адна з пастаянных удзельніц гастрафэстаў у Гродне — Кацярына Забеліна. Яна не прапускае такія падзеі і распавядае пра іх на асабістых старонках у сацсетках: «Кожны гастрафэст і спіс сэтаў чакаю з нецярпеннем і вельмі рада, што такія фестывалі зараз праводзяцца». У фестывальных дэгустацыях, па словах Кацярыны, заўсёды ёсць «своеасаблівая разыначка» — незвычайны смак або падача нават знаёмых страваў. Летась Кацярыну ўразілі сэты ў «Эсперанта» і «Гранат». Стравы падаваліся ў пары вадкага азоту. Французская кухня ва ўстанове «Артэфакт» таксама спадабалася, але порцыі стравы з качкі падаліся занадта маленькімі.

Для Кацярыны гастрафэст — падзея не толькі гастранамічная. Гэта яшчэ адна нагода сустрэцца з сябрамі і прабавіць час разам. «Гастрафэст — гэта не толькі пра ежу, а крыху больш. Паесці можна і дома, ці проста схадзіць у кафэ. Для мяне гастрафэст — гэта пагутарыць пра ежу, падзяліцца меркаваннем, дзе і чым мяне здзівілі. Абмяняцца ўражаннямі з такімі ж аматарамі гэтага кулінарнага мерапрыемства».

З фестывальных мінусаў Кацярына адзначае, што ў некаторыя месцы трапіць вельмі складана — усё распісана на тыдзень наперад. Тым, хто не паспеў зарэзерваваць месца, сэтаў не дастанецца.

«Дзецям таксама падабаецца»

Таццяна пакаштавала першы сэт гэтага сезона ў коле сям'і. Кожны год яна імкнецца патрапіць хаця б у некалькі ўстаноў і пакаштаваць розныя сэты. На яе думку, плюс сэтаў на гастрафэстах — іх [вялікія] порцыі. Двое дарослых і дзіця цалкам наядаюцца адным сэтам. «Дачка пакаштавала ўсе стравы, што вялікая рэдкасць», — распавяла Hrodna.life Таццяна.

Першым сям’я наведала кафэ «Гараж» з сэтамі страў сучаснай беларускай кухні: «Парадавалі знаёмыя прадукты і добрае прыгатаванне». Адзіны мінус, адзначае Таццяна, што ўсе стравы сэта прыносяць адначасова. Шкада, што пакуль еш адно, іншыя стравы ўжо астываюць. «Але ўсё роўна — смачна».

«Прыцягвае кошт страў»

Алена Кахановіч наведвае гастрофесты не часта. У гэтым годзе яна склала кампанію сваёй сяброўцы. Галоўным прыярытэтам у гастрафэстах Алена лічыць магчымасць паспрабаваць некалькі новых страў за невялікую суму. Дзяўчаты выбралі для візіту піцэрыю «Форна». Увесь прапанаваны сэт спадабаўся. Асабліва прыемна здзівіла страва з кальмара. «Яшчэ адзін плюс, што з’яўляецца добрая нагода наведаць ўстановe, у якой ты яшчэ не быў», — распавяла Алена для Hrodna.life. Працягваць гастрафестываль Алена не плануе. Для мяне місія выкананая — я пакаштавала новыя стравы і схадзіла ў месца, у якім яшчэ не была".

«Шанец прыцягнуць новых гасцей і прыемна здзівіць пастаянных»

Каманда піцэрыі «Форна» ўдзельнічае ў гастрафэстах штогод. На фэсце «Краіны свету» тут прадстаўляюць сіцылійскія стравы італьянскай кухні.

Дырэктарка піцэрыі Анастасія Паплаўская лічыць, што такія фестывалі перш за ўсё цікавыя задумай і магчымасцю па-новаму прадставіць установу новым і сталым наведвальнікам: «Гэта выдатная магчымасць за невысокі кошт пакаштаваць шмат добрых страў, шанец прыцягнуць новых гасцей і прыемна здзівіць пастаянных. У любым выпадку, у такіх мерапрыемствах ёсць станоўчыя бакі, нягледзячы на невялікія цяжкасці».

«Калі б было не выгадна, у гэтым не было б сэнсу»

Рэстаран «Yellow Street» удзельнічае ў гастрафэсте другі раз. Сёлета тут прадстаўляюць стравы з амерыканскай кухні.

Галоўным плюсам удзелу ў гастрафестах дырэктар рэстарана Сяргей Агапаў лічыць яшчэ адну магчымасці паказаць установу новым гасцям.

"Не толькі пра ежу". Гродзенскія гурманы і рэстаратары распавялі, чаму любяць гастрафэсты
Рэстаран «Yellow Street» прадставіў стравы амерыканскай кухні

Са складанасцяў ён адзначыў высокую загрузку персаналу і рэстарана ў цэлым падчас гастрафэстаў. Абсталяванне задзейнічана пастаянна на 100%. Таму часам бываюць паломкі і накладкі. З камерцыйнага гледзішча, на думку Сяргея, мерапрыемства сябе апраўдвае: «Калі б гэта было не выгадна, не было б сэнсу праводзіць», — пракаментаваў ён для Hrodna.life.

«Вучыць працаваць у стрэсавых умовах»

Адзін з удзельнікаў фэсту — рэстаран «Беласток». Гастрафэст-2021 — ужо чацвёрты фестываль у гэтай установе. Зараз тут прадставілі беларускую кухню. Усе стравы для сэта складаў шэф-повар Дзмітрый Собалеў. Дырэктарка «Беластока» Алена Зайцава лічыць, што галоўнае на гастрафэстах — парадаваць пастаянных кліентаў і прыцягнуць новых гасцей. Са складанасцяў яна адзначае вялікую нагрузку на супрацоўнікаў. «У гэты ж час праца на гастрофестах гуртуе калектыў і матывуе персанал».

"Не толькі пра ежу". Гродзенскія гурманы і рэстаратары распавялі, чаму любяць гастрафэсты
Сэт рэстарана «Беласток» прадстаўляе традыцыйную беларускую кухню

«Гастрафэсты аб’ядноўваюць усіх знаўцаў смачнай ежы і якасных напояў»

Гастрафэсты праходзяць у Беларусі з 2016 года. Для іх установы распрацоўваюць новыя стравы па загадзя заяўленай тэме фестывалю. Прапановы заўсёды абмежаваныя ў часе. Усе сэты ва ўстановах-удзельніцах прадаюцца па адной фіксаванай цане. Кошт страў у сэтах звычайна ніжэй, чым у штодзённым меню. За 5 гадоў у Беларусі правялі каля 40 фестываляў. У іх удзельнічалі больш за 500 устаноў. На гастрофестах прададзена больш за 1 мільён сэтаў. За першы тыдзень гастрафэста-2021 прададзена каля 30 000 сэтаў.

«Галоўнае, што гастрафэсты развіваюць гастранамічную культуру ў Беларусі і аб’ядноўваюць усіх знаўцаў смачнай ежы і якасных напояў», — пракаментавалі арганізатары для Hrodna.life.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]