Чым адрознівалася Пярэселка ад Падпярэселкі, як яўрэі дапамагалі адзін аднаму, чаму гродзенцы баяліся запальваць святло пры немцах — пра гэта Руслану Кулевічу распавяла 89-гадовая Рамуальда Кузьміна. Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны сталых гродзенцаў.

Рамуальда Вацлаваўна Кузьміна (Вайцешка) 1932 года нараджэння. Каталічка. Нарадзілася на Віленскай, жыла ў Падпярэселцы. У пасляваенныя гады яе сем’я планавала выехаць у Польшчу, але пасля перадумала.

Падпярэселка і Пяресэлка

Нарадзілася Рамуальда на вуліцы Віленскай у сям'і рабочых. «Маму звалі Міхаліна, яна родам з Індуры. Нарадзілася ў 1893 годзе. Выйшла замуж у 16 гадоў. Першы яе муж памёр у 1919 годзе. Пражыла 93 гады. Была непісьменная, крыжыкам усё жыццё распісвалася. Побач, дзе цяпер паліклініка на Лермантава ў Гродне, былі драўляныя двухпавярховыя дамы, там жыло шмат яўрэяў, былі ў іх там крамы. Мама працавала там, прыбірала. Яе многія ведалі. Бацьку звалі Вацлаў, ён жыў у Варшаве спачатку, напэўна, родам адтуль. Пражыў 88 гадоў. Казалі, што яго бацька быў знакамітым пекарам. У Гродне да вайны бацька працаваў рознарабочым у магістраце, часта расклейваў афішы. Атрымліваў мала, але жыць можна было».

У 1935 годзе, калі Рамуальдзе было тры гады, яе бацькі купілі кавалак зямлі ў Падпярэселцы і пабудавалі маленькі домік. Тэрыторыя была ўзгорыстая і там цяжка было нешта вырошчваць.

«Беднякі маглі на гэтай зямлі будаваць нейкае жыллё. Гэта было законна. А наогул, было такое правіла: калі пабудуеш за ноч дом і выведзеш комін, то ўжо не мелі права знесці. Чалавек ужо мог там жыць. Спачатку стараліся паставіць печку з комінам, каб пакуль даложаць у адміністрацыю, і яны прыйдуць, каб печка ўжо неяк гарэла. Потым ужо маглі перарабіць па-іншаму, як трэба. Людзі былі бедныя, вельмі бедныя былі. Цяжка жылося. Памятаю, суседзі ў нас былі, дык жонка ў яўрэяў падзарабляла, мыла. Муж яе не мог знайсці працу. Запомніўся выпадак, як гэты сусед хацеў бульбяныя бліны на вадзе смажыць, не было больш нічога».

Раён Падпярэселка цягнуўся ад Нёмана да вуліцы Каліноўскага. Рамуальда распавядае, што на гэтай вуліцы жылі парабкі, а далей, ужо ў вёсцы Пярэселка на ўскраіне Гродна, людзі мелі сваю зямлю і жылі зусім па-іншаму.

«Мы хадзілі ў Пярэселку па малако. Дружна жылі і жаніліся там. Мая сястра выйшла замуж туды за Кізюкевіча. Там былі Кізюкевічы, Лаўрушкевічы, Шэшкі і Аніські - чатыры асноўныя прозвішчы. Аніські былі праваслаўныя і каталікі, самыя багатыя былі ў вёсцы».

Пра яўрэяў і гарадское жыццё

Жанчына ўспамінае, што ў іх на вуліцы не любілі яўрэяў, якія часта прыходзілі гандляваць. Але асабіста ёй яны падабаліся сваімі традыцыямі і паводзінамі.

«Крывадушныя, але яны цябе не пакрыўдзяць. Калі ты працуеш, яны табе заплацяць. Але для сваіх, гэта цуд, рабілі ўсё магчымае. Такога народа, напэўна, няма, як яўрэі. Калі ў каго-небудзь з іх здаралася бяда, маментальна іншыя яўрэі дапамогуць: і пахаваюць, і ўсё што трэба зробяць. У іх закон, напэўна, такі быў. Адна знаёмая была яўрэйка. У яе памёр муж, так ёй маментальна ўсё сабралі, прынеслі і дапамаглі з пахаваннем».

Бацька Рамуальды заўсёды злаваўся на яўрэяў. Казаў, што яны ніколі не ваююць: маўляў, ім трэба стрэльба сагнутая, каб стаяць за вуглом і страляць куды трэба.

«Так казаў бацька. А так усе яўрэі ў Гродне мелі нейкую спецыяльнасць: той кравец, той шавец. Не было ў іх чорнарабочых. Быў у іх такі Тудол, яўрэй, які збіраў анучы, другасную сыравіну. Тудол — гэта, напэўна, мянушка ў яго такая была. Але і ён нядрэнна жыў. І ён доўгі час ездзіў ўсюды і збіраў анучы. Хітрыя яны былі, для сябе жылі.
Памятаю, мне было гадкі чатыры, быў прадуктовы магазін недалёка ад нас. Прадавалі там булачкі, печыва. Мама казала яўрэю ў краме, калі я зайду, каб даў мне печыва. Я заходзіла, ён мне даваў і запісваў. Потым мама прыходзіла, і яўрэй-прадавец казаў: „Ваша дачка была і я ёй даваў гэта і гэта“. Ніколі не было пытанняў, так многія рабілі ў нас».

«Многія сем'і ў той час з'язджалі, але мы засталіся». 89-гадовая гродзенка пра жыццё ў Падпярэселцы за палякамі, немцамі і саветамі
Крама з печывам і булачкамі на вуліцы Ажэшкі, 8. 1930-я гг. Фота з архіву гістарычнага музея ў Беластоку
«Многія сем'і ў той час з'язджалі, але мы засталіся». 89-гадовая гродзенка пра жыццё ў Падпярэселцы за палякамі, немцамі і саветамі
Імша ў гарнізонным касцёле (Фара Вітаўта), 1930-я гг. Фота з архіву Руслана Кулевіча

Па ўспамінах Рамуальды ў цэнтры Гродна на плошчы Баторыя (суч. Савецкая плошча) было шмат маленькіх домікаў, там ішоў гандаль. Гандлявалі ў асноўным яўрэі - гэтая справа ў іх лепш за ўсё атрымліваліся.

«Там халупы адна на адной былі: і гандлявалі і аказвалі розныя паслугі. Цягнуліся яны ўніз да моста, да могілак. Памятаю нажы, нажніцы там вастрылі. За сучаснай гасцініцай „Нёман“ быў Сенны рынак, дзе гандлявалі парасятамі і жыўнасцю рознай. Ёсць такія ўспаміны, як у 1935 годзе, калі Пілсудскі памёр, людзі плакалі. У гарнізонным касцёле [Фары Вітаўта — рэд.] адпраўлялася імша з гэтай нагоды».

Уцёкі родных

У бацькі Рамуальды быў брат Іпаліт — вядомы паліцэйскі ў міжваенным Гродне. Яго сям’я — жонка і два сыны — збеглі ў Польшчу, калі прыйшла савецкая ўлада. Такім чынам ім удалося пазбегнуць арышту ў 1939 годзе. Сам Іпаліт доўгі час быў у Італіі, а потым у Англіі.

«Ён вярнуўся, калі абрынуўся камуністычны рэжым у Польшчы. Але мы яго так і не ўбачылі. Жонка яго сама з Грандзіч з сям'і Багатырэвічаў, у іх там землі былі. Яе дзядзька ці дзед Браніслаў Багатырэвіч быў генералам. Бацька распавядаў, калі ў 1939 прыйшлі рускія, ён не хаваўся. Прыйшлі па яго, ён надзеў цалкам сваё абмундзіраванне і так пайшоў на верную смерць. Яго расстралялі ў Катыні. Калі я паехала ў Катынь, гадоў 10 таму, то знайшла яго магілу. У яго асобнае пахаванне. Распавядалі, што, калі былі раскопкі, яго апазналі па абмундзіраванні і асобна перапахавалі, там такія тры асобныя магілы».

«Многія сем'і ў той час з'язджалі, але мы засталіся». 89-гадовая гродзенка пра жыццё ў Падпярэселцы за палякамі, немцамі і саветамі
Рамуальда Вайцешка (справа) у 1944 г.

Рамуальда ўспамінае, што на Каляды ў 1938 годзе яе бацька прыйшоў позна з работы. Ён быў п’яны. Сям’я чакала яго на святочную вячэру і моцна знервавалася, ён ніколі так не выпіваў. Бацька сказаў тады маме: «Цяжка сказаць, які будзе наступны год, дажывем ці не, невядома што з намі будзе. Хіба будзе ў Гродне вайна».

«Вайна пачалася 1 верасня 1939 года, пачалася паніка. Я памятаю, што так плакала, крычала. Нямецкія самалёты лёталі ўвесь час. Бацьку не заклікалі ў войска, у магістраце ў яго была бронь. Брата яго забралі, але недалёка павезлі, адразу расфармавалі. Інакш таксама ў Катыні быў бы. Але ўсё скончылася пад 17 верасня. Паводле маіх успамінаў, не было амаль ніякага супраціву ў Гродне. Ніхто асабліва не бачыў абароны. Я не памятаю наогул стрэлаў. Можа таму што жылі на ўскрайку. Увайшлі рускія войскі хутка. У верасні мы ўжо ў школу пайшлі, я ў другі клас пайшла. Потым зноў перавялі ў першы клас, пачыналі пры новай уладзе з беларускай мовы навучацца».

Жыццё пры немцах

У 1941 годзе, падчас першага прыходу саветаў, дадому да сям'і Вайцешкаў прыйшоў прадстаўнік улады. Ён высвятляў інфармацыю пра сям’ю. Даведаўшыся, што сям’я Рамуальды з рабочых, здзівіўся, чаму яны ў спісах на перасяленне. Але іх туды ўнеслі з-за брата бацькі Іпаліта, які служыў у польскай паліцыі. Ад вывазу сям’ю Вайцешкаў выратавала вайна Германіі і СССР.

«Сям'я ведала, што будуць вывозіць, і была гатовая да гэтага. Нашых суседзяў адправілі эшалонам за дзень да вайны, але далёка не з’ехалі, бо бомба трапіла ў цягнік, і яны вярнуліся дадому».

Рамуальда ўспамінае, што ў 1941 годзе напярэдадні вайны ўвесь горад збіраўся гуляць у Пышках. Там на лета быў ваенны лагер. Вайскоўцы абвясцілі, што будуць масавыя гулянні.

«Мама ўсё прыгатавала, каб пайсці гуляць туды, толькі хлеба не было, сказала, што там купім. Яна са мной спала ў тую ноч. Раніцай устала і кажа: хаця б дажджу не было. Бацька сказаў: штосьці гудзе. У тры гадзіны ночы ўжо страшна загуло, былі чутныя ўдары. Бацька выскачыў на вуліцу і прыбег падымаць нас: „Падымайцеся! Апранайцеся!“ Побач у суседа на ўзгорку піўніца ў зямлі была, і мы туды пахаваліся. „Вайна!“ Як толькі ён сказаў гэта, прыляцеў першы снарад на Пярэселку, загарэўся хлеў, прозвішча Дуб у іх было. Другі снарад упаў на суседзяў Квітко, забіла жонку. Трэці снарад упаў на Базыліянскай [суч. Лермантава — рэд.] каля крамы. Насупраць жоўты дом стаіць, у куце дома аскепкі былі, але іх ужо, напэўна, няма. У іх, па-мойму, сын загінуў. А потым пачалі страляць па горадзе».

Сталая гродзенка кажа, што адзін снарад трапіў і ў Фарны касцёл, расколіна была. Людзі баяліся, каб не абваліўся.

«А 8 раніцы немцы ўжо былі за Нёманам. Нашы салдаты пасля гулянняў ішлі з лесу ўсе п’яныя. Бедненькія, без адзення, у кашулях, прасілі пераапрануцца. Яны ўсе і загінулі, іх усіх забралі. Мой бацька пры немцах працаваў на чыгуначнай станцыі рабочым, разгружаў тавары розныя. Там былі казармы на Чырвонаармейскай, дзе трымалі нашых палонных. Кожную раніцу трупы выносілі і выносілі».

Гродзенка ўспамінае, як да яе суседзяў - яны былі праваслаўнымі - прыйшлі немцы з вялікімі бляхамі на грудзі. А год раней аднаго з суседзяў бальшавікі з-за чагосьці забілі, і хтосьці паказаў на другога суседа — думалі што ён вінаваты. І вось гэтыя немцы падыйшлі да суседа.

«Яго жонка Валянціна стаяла з двухгадовым дзіцем. Стаяла і трэслася ад страху, немцы пагражалі забіць яе. У выніку забралі толькі суседа, пасля чаго ён знік. У іншага суседа два сыны працавалі на тытунёвай фабрыцы, добра жылі, заможныя былі. Адзін сын нямецкі ведаў, быў перакладчыкам у немцаў. Тады ён нешта добрае пра суседку сказаў, і гэта выратавала яе з дзіцем. У 1945 годзе яго за супрацоўніцтва з немцамі асудзілі на 25 гадоў. Такі вось быў час у Гродне».

Яўрэйскае гета і вязні

У 1941 годзе ў Гродне нямецкія ўлады стварылі два гета для яўрэяў. Бацькі стараліся не адпускаць дзяцей у цэнтр горада, каб яны выпадкова не патрапілі ў гета. Мама Рамуальды аднойчы стала сведкай, як у цэнтры Гродна моцна білі яўрэя. Ён крычаў, увесь у крыві быў.

«Ім нельга было па горадзе хадзіць, напэўна і за гэта білі. Маці не магла доўга ў сябе прыйсці пасля ўбачанага. Гета было перакрыта дротам ад Віленскай, па рэчцы Гараднічанцы да вінзавода. Другое гета было на Антонава. Праз гета праход закрыты быў, гродзенцы хадзілі праз сучасную плошчу Леніна ў горад.

Яўрэі стараліся мяняць рэчы на ежу, але жыхары Гродна баяліся мець зносіны з імі, за гэта расстрэльвалі. Каля рэчкі ў гета знаёмыя жылі. Пад дротам людзі пралазілі. Адзін немец ім сказаў, што заўтра будуць вывозіць і расстрэльваць яўрэяў. І мой знаёмы Янак палез туды. Ён сказаў вязням гета: «Дзеля Бога! Хто можа, уцякайце адсюль! Заўтра вас будуць вывозіць і расстрэльваць». Яны пыталіся: «А куды ісці? Ну дзень, два, тыдзень, месяц. А як жыць? Дзе жыць? Нас ніхто не возьме, кожны баіцца за сваю сям’ю. І суседзі раскажуць, будуць баяцца, каб іх не расстралялі». Быў адзін яўрэй, уладальнік крамы каўбас. Ён нікуды не пайшоў, застаўся. Так і загінуў. Страшна ўспамінаць.

Калі яўрэяў вывозілі, калонамі гналі па горадзе, з сабакамі. Адна яўрэйка маме сказала, вазьміце дачку. Ёй было гадоў пяць. Прапанавала золата, казала, што хопіць выхаваць дачку і самім застанецца. Упрошвала ўзяць малую, але кожны баяўся, што расстраляюць, і не браў".

Рамуальда распавядае, як вязні гета хаваліся на тэрыторыі сучаснага стадыёна «Нёман», дзе былі яўрэйскія могілкі. Людзі там ў пахавальнях нейкі час хаваліся, але каго заўважалі мясцовыя, то маглі і паведаміць немцам. Былі і такія выпадкі.

Чытайце таксама:

Па ўспамінах сям'і Рамуальды, на могілках каля сучаснага прадпрыемства «Азот» з правага боку быў вялікі прыгожы помнік. Там хаваўся вядомы ў Гродне яўрэй Мараш. Ён — адзін з нямногіх вязняў гета, хто выжыў і застаўся жыць у Гродне. Ён пасля вайны выкладаў у Гродзенскім педінстытуце.

Кінатэатр, пляж і вызваленне

Рамуальда распавядае, што ў час нямецкай акупацыі ноччу ў дамах гродзенцы не запальвалі святло — баяліся, што праз гэта да іх прыйдуць. Аднойчы ноччу п’яныя нямецкія жандары заблукалі і прыйшлі да суседа Рамуальды ў Падпярэселцы, у яго акурат святло гарэла. Немцы папрасілі суседа адвесці іх у жандармерыю, якая размяшчалася ў былой школе на Базыліянскай. Ён паказаў немцам дарогу, і ўсе былі ўпэўненыя, што ўжо не вернецца. Але калі той прывёў іх да будынка, яго адпусцілі.

«Многія сем'і ў той час з'язджалі, але мы засталіся». 89-гадовая гродзенка пра жыццё ў Падпярэселцы за палякамі, немцамі і саветамі
Рамуальда Вайцешка, канец 1940-х гг.

«У 1944 годзе пры немцах мне было гадоў 12. Тады моладзь дамаўлялася, збіраліся на кватэры, музыкі прыходзілі. У нас тады музыкамі былі Эйсманты Зютак (з 1929 года) і Іван (з 1925 года). У іх была сястра Марыя з 1923 года. Іван Эйсмант мой кавалер быў».

Пры немцах у Гродна працягвалі працаваць кінатэатры. Аднойчы Рамуальда пайшла ў кіно, у сучасную «Чырвоную зорку». Там было шмат моладзі.

«Мы стаялі ў чарзе, а па ходніку ішоў немец з жанчынай. Падышоў да моладзі і як пачаў біць. А ўсё за тое, што дарогу занялі. Моладзь ва ўсе бакі пабегла, хто як мог. Вельмі непрыемна было.

Яшчэ памятаю, калі немцы адступалі, я з дзвюмя сяброўкамі пайшла на бераг Нёмана адпачываць, пазагараць. А немцы на супрацьлеглым беразе мыліся ў рэчцы. Як яны нас не пастралялі, я не ведаю. Бацькі потым вельмі моцна ругалі нас. Маці казала: узяў бы нейкі дурань і стрэльнуў па нас і ўсё. Сядзяць яны, загараюць".

Вызваленне Гродна савецкімі войскамі ў ліпені 1944 года расцягнулася на два тыдні. Фронт праходзіў недалёка ад вёскі Пярэселка.

«Мы апынуліся на перадавой. У нашы дамы на Пярэселцы звозілі параненых, іх лекары прымалі. Неяк уначы сказалі, што немцы прарвалі фронт. Усе думалі, што прыйдуць да нас, і з-за параненых усіх перастраляюць, было вельмі страшна. Але пранесла, засталіся саветы».

Фару і габрэйскія могілкі знеслі, Фарны касцёл не далі

Пасля вайны Рамуальда пайшла ў школу, спачатку на Сацыялістычную, а потым на Валковіча. Да 1948 года вучоба была на польскай мове. Бацькі збіраліся з’ехаць у Польшчу як рэпатрыянты, падрыхтавалі дакументы, але перадумалі.

«Немаладыя ўжо былі. Дом ім няпроста дастаўся. Не адважыліся. Вельмі многія сем'і з Гродна ў той час з’язджалі, але мы засталіся. Ехаць, пачынаць з нуля ў 50 гадоў, было вельмі складана для маіх бацькоў».

Рамуальда вучылася у школе да 1949 года, у 1950 выйшла замуж. Муж быў з Тамбова. Успамінае, што пакуль замуж не выйшла, размаўляла толькі на польскай мове ў Гродне. Рускую і беларускую разумела, ужо вучыла іх, але размаўляць не ўмела. Калі выйшла замуж, пераехала ў Воранава, мужа перавялі на працу ў мясцовы райкам партыі. Потым як палітработніка яго накіравалі ў Мурманск, зампалітам батальёна. Рамуальда з мужам на Поўначы прабыла да 1955 года, а пасля яны вярнуліся ў Гродна і пабудавалі дом.

«У Мурманску цікава было. Паўгода дзень, паўгода ноч. Паўночнае ззянне было. Там, нягледзячы на тое, што ён паўночней Кандалакшы, было цяплей за кошт Гальфстрыму. Зіма, у чэрвені снег, у жніўні снег. Гродна не моцна змяніўся, калі мы вярнуліся. Гэта цяпер у апошнія гады горад капітальна змяніўся.

У 1959 годзе знеслі могілкі яўрэйскія. Мы не вельмі любілі яўрэяў, нам усё роўна было, што там рабілі. Калі б гэта былі праваслаўныя або каталіцкія могілкі, то іншая справа. А па-другое, колькі тут яўрэяў засталося пасля вайны, каму тут ваяваць за гэта. Недалёка ад нашага дома яр быў, у яго звозілі зямлю з гэтых могілак. Потым яўрэі з Ізраіля ў 60-я гады прыязджалі, косці адкопвалі. Раз прыехалі, два прыехалі ў сваіх капелюшах і пачалі ўжо мазгі ўпраўляць нашай дзяржаве. Але неяк гэта ўсё заглухла.

У 1961 годзе ўзарвалі Фару Вітаўта. Я там да першай камуніі прыступала. Фарны касцёл тады не працаваў, ксяндза не было. Унутры ў Фары Вітаўта фігуры былі, як у Фарным касцёле, усё было падобна. Навошта яго ўзарвалі, каму гэта трэба было? Казалі, што Фарны касцёл хацелі закрыць, але нашыя людзі не далі, заўсёды былі там, вартавалі. Так і абаранілі наш касцёл".

«Многія сем'і ў той час з'язджалі, але мы засталіся». 89-гадовая гродзенка пра жыццё ў Падпярэселцы за палякамі, немцамі і саветамі
Рамуальда Кузьміна ў 2020 г. Фота: Руслан Кулевіч

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.