Каля 20 машын таксі з’ехалася на вуліцу Каліноўскага ўвечары 12 лістапада, каб дапамагчы калегу, які апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. Аказваецца, такія здарэнні - не рэдкасць. Сярод кіроўцаў такі сігнал аб дапамозе называецца «агеньчык». Hrodna.life сабраў некалькі гісторый ад кіроўцаў.

Аляксандр, стаж 10 гадоў

— Не ведаю як зараз, але раней прыязджалі ўсе, хто чуў паведамленне. Я яшчэ працаваў у перыяд, калі былі рацыі ў машынах, а інтэрнэт-дадаткі не былі такія развітыя, як цяпер. Бывала, нават з пасажырамі даводзілася ехаць. Але раней за нявыплату ніхто і не клікаў на дапамогу, а калі і клікалі, то проста тэлефанавалі дыспетчару і прасілі адну-дзве машыны для тлумачэння сітуацыі.

Чаму не хочуць плаціць? Не ведаю, што людзей да гэтага схіляе. Вось адзін з выпадкаў, якія мне запамяталіся. Прыехаў я на заказ, выйшлі з пад’езду два чалавекі і абодва п’яныя. Адзін сеў у машыну, другі разлічыўся за яго і сказаў куды ехаць. Я ўключыў таксометр і пачаў лічыць грошы, якія мне далі, а там аказалася вельмі мала. На той момант штосьці каля 7000 рублёў, заказ мінімальны тады быў, па-мойму, 30 000 рублёў. Я пра гэта сказаў пасажыру, ён выйшаў з машыны, пахадзіў вакол, зноў адчыніў дзверы і забраў свае рэчы. Я выйшаў за ім: ён павінен быў аплаціць мінімальны заказ, бо ён сеў у машыну і я ўключыў таксометр. У адказ ён ударыў мяне і мне прыйшлося ўтрымліваць яго сваімі сіламі пакуль не прыехалі іншыя машыны на дапамогу. Потым мы выклікалі міліцыю. Выклікаць рабят на дапамогу заўсёды было прасцей і хутчэй, чым выклікаць міліцыю, бо дыспетчар амаль заўсёды ведае, дзе ты знаходзішся.

Яўген, стаж каля году

— Агулам у мяне ўсё нармальна, можа проста шанцуе на кліентаў. Часам п’яныя злёгку вычвараліся, але гэта адзінкавыя выпадкі. Адзін раз я пад’ехаў на «агеньчык» да «Фарадэя». Я пад’ехаў - там машын каля дзесяці стаяла, пацан пачаў рамсіць на таксістаў, прапаноўваў з ім выйсці адны на адзін. А ўсе баяліся да яго падысці і стаялі каля сваіх машын. Пра якую салідарнасці можна казаць?

Я падыйшоў да пасажыра і сказаў супакоіцца, а ён пачаў пхацца. Усе таксісты проста глядзелі, нават тыя, у каго вялікі стаж працы. Мы нешта павырашалі з пасажырам і сталі міліцыю выклікаць. Потым нехта пачаў у «агеньчыку» казаць: чаму гэтаму пасажыру рогі не накруцілі? А як нешта зробіш, калі ўсе баяліся падысці? Я ўжо нічога не казаў: сам пераканаўся, якія яны сцыкуны і толькі на словах па рацыі могуць казаць.

Яўген, стаж 2,5 гады

— Трапляюцца кліенты, якія не хочуць плаціць, але не часта. Асноўная прычына — п’яны чалавек ці грошай няма, а ехаць трэба. Бываюць уцякаюць. У нас у таксістаў ёсць канал «агеньчык»: у выпадку сігналу ўсе хто побач з’язджаюцца, у асноўным гэта бывае ноччу. Асабіста мне не даводзілася карыстацца гэтай дапамогай, але даводзілася біцца з пасажырамі. Ехаў нападпітку і лаяўся, я яго адвёз да месца і ён выйшаў. Праз некалькі секунд вяртаецца і ломіцца ў машыну. Я адчуў нешта нядобрае. Прыйшлося выйсці і ўдарыць гэтага чалавека. Лепш не чакаць і першым нанесці ўдар. Былі моманты, калі людзей у машыне ванітавала — усё аплачвалі. Наогул, салідарнасць сярод таксістаў ёсць, але не скажу, што тут усё такія дружныя. Па вялікім рахунку кожны сам за сябе.

Гродзенскія таксісты расказваюць, навошта запрашаюць адзін аднаго на "агеньчык"
12 лістапада 2018, таксісты сабраліся на «аганёк» на вуліцы Каліноўскага

Самвэл, стаж 11 гадоў

«Гісторыі з неаплачаным праездам здараюцца дзесьці раз на тыдзень ці месяц. У асноўным п’яныя адмаўляюцца плаціць: то грошай няма, то прапіў і іншыя адгаворкі. Пачынае свае гісторыі распавядаць. Дзе не атрымоўваецца вырашыць праблему самому, таксісты адзін аднаму дапамагаюць і выклікаюць усіх па «агеньчыку». Але я неяк не прасіў аб дапамозе: сам заўсёды вырашаў гэтыя праблемы.

Аляксандр, стаж 20 гадоў

— Апошні раз з неаплачаным праездам я сутыкнуўся ў чэрвені гэтага года. Пасажыр быў незадаволены сумай за праезд і гатовы быў заплаціць толькі палову. Разумееце, для звычайных людзей 3 рублі гэта не грошы і яны думаюць, што калі не заплацяць таксісту, то нічога з ім не здарыцца. Многія вадзіцелі за гэтыя рублі не хочуць выклікаць міліцыю і потым сядзець запаўняць там паперы. Часам таксісты кажуць: адпусьці ты гэтага кліента, а то прыйдзецца яшчэ цягацца і страціш больш грошай. Вось такая псіхалогія у людзей.

Бо пасажырам, якія не заплацяць за праезд, практычна нічога не будзе. Склалі пратакол і ў выніку заплаціў. Бывае, часам людзі рукі распускаюць, асабліва па святах і ў ноч з суботы на нядзелю. Прычыны розныя: то з дзяўчынай палаяўся, то нешта не падзялілі і тады кіроўца таксі аказваецца крайнім. Нехта карыстаецца «агеньчыкам», я ж імкнуся такія сітуацыі вырашаць сам. Вопыт і ўпэўненасць у сабе дапамагаюць.

[irp posts="18 773″ name=""Забілі ні за што". Пачаўся суд па справе аб забойстве таксіста"]

А наогул сярод таксістаў ёсць салідарнасць. Канал аб дапамозе быў створаны каля 5 гадоў таму, пасля таго як былі зніжаны тарыфы на паслугі таксі. Чым менш кошт, тым больш небагатых людзей карыстаецца нашымі паслугамі. Сёння таксі ў некаторых сітуацыях танней маршруткі.

Сяргей, стаж более 20 гадоў

— Я пачынаў таксаваць яшчэ ў 1996 годзе. У апошні час пасажыраў, якія адмаўляюцца плаціць, у нас усё менш. Цяпер усё фіксуецца праз чэкі, рэгістратары, мабільныя званкі і камп’ютарныя праграмы. А раней такія выпадкі былі часта і чалавека ледзь не за руку трэба было трымаць, каб ён расплаціўся.

Забыцца расплаціцца за праезд можа хто заўгодна. Гэта можа быць прыстойна апрануты чалавек: ён проста выходзіць з машыны, просіць пачакаць хвілінку і не вяртаецца. Але асноўная частка такіх кліентаў - людзі нападпітку і наркаманы, якія ездзяць ноччу, апошніх цяпер усё менш.

Апошні выпадак на Каліноўскага для мяне не навіна. Час ад часу хтосьці так круціць ксівай. Але салідарнасць ўсё ж сярод таксістаў ёсць. Гэта ў асноўным адбываецца, калі кагосьці б’юць ці не разлічваюцца. У такіх выпадках збіраюцца таксісты. Экстраныя паведамленні прыходзяць у дадатку Zello ў канале «агеньчык». Гэта як сігнал трывогі. Многія атрымліваюць гэты сігнал, калі едуць з пасажырамі і пра гэта яны ім не заўсёды кажуць. У мяне быў такі выпадак, што ехаў з пасажырамі, якім стала цікава прыехаць на разборкі.

Раней па радыёстанцыі прасілі дапамогі. Я дзесьці ў 2005 годзе прасіў аб дапамозе, калі са мной не хацелі разлічвацца і пры гэтым бралі за шыю. Прыехалі калегі і павырашалі.

[irp posts="19 640″ name="Адзін просіць смерці, другі - літасці. Суд па справе аб забойстве таксіста заслухаў апошняе слова абвінавачаных"]

Аднойчы мне даводзілася раздымаць таксістаў, у якіх ужо накіпела: кліенты перастаюць расплачвацца і людзі не вытрымліваюць. Усё адбываецца на эмоцыях. Тады бойка пачалася з-за нейкага наркамана з крымінальных колаў, яму паспелі так панадаваць, што я своечасова разняў і выклікаў міліцыю.

Але калі паўстае пытанне барацьбы за правы таксістаў агулам, то салідарнасці як такой і няма. І гэта дрэнна.

Юрый, стаж 2 гады

Я яшчэ не прасіў аб дапамозе, бо мала працую. Але па невялікім вопыце ведаю, што кожныя выходныя не хочуць плаціць пасажыры за праезд. Гэтым займаюцца п’яныя ці людзі у якіх няма грошай. Хтосьці едзе і думае, што ёсць грошы, а насамрэч ўсё прапіў. Тады таксісты даюць сігнал у «агеньчыку» або выклікаюць міліцыю. Я ўжо на двух такіх выкліках быў. Справа не ў трох рублях, а справа ў тым, каб правучыць чалавека. Бывае на сігнал па 20 машын прыязджае.

[irp posts="90 887″ name="Чаму гродзенскія таксі часта трапляюць у аварыі? Тлумачаць дырэктар і таксіст"]

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]