За апошні месяц сям’я Супрон выкінула толькі 300 грамаў смецця, якое не паддаецца перапрацоўцы. У час пандэміі на самаізаляцыі ёсць магчымасць навучыцца сартаваць смецце. Hrodna.life разам з Мечыславам расказвае, як пачаць сартаваць адходы і выпрацаваць карысную звычку.

1. Якое смецце перапрацоўваюць

Найперш высветліце, што з упакоўкі можна перапрацаваць, а што — не. Ёсць пластык, папера, шкло і арганічныя адходы. Што можна будзе перапрацаваць?

Пластык

На пакунках у прадуктаў ёсць маркіроўка, якая пакажа, ці можна іх перапрацаваць Віды пластыка, які перапрацоўваецца: PET, HDPE, LDPE, PE и PP.

Не перапрацоўваецца: упакоўкі Tetra Pak, полістырол (PS), камбінаваныя матэрыялы, аднаразовы посуд, канцылярскія вырабы, упакоўкі ад зубной пасты і крэмаў.

Пластык без маркіроўкі лепш кінуць у кантэйнер для змешанага смецця.

Папера

Чыстая папера і кардон заўсёды пасуюць для перапрацоўкі.

Не перапрацоўваецца: фотапапера, шпалеры, запалкавыя скрынкі, упакоўкі харчовых тавараў, ламінаваная папяровая прадукцыя, фальга, чэкі, папяровыя кубачкі.

Шкло

Перапрацоўцы паддаецца любая шкляная тара.

Нельга выкідваць у кантэйнеры для другаснай перапрацоўкі аўтамабільнае, аконнае і мэблевае шкло, люстэркі, лямпачкі. Фаянсавы, крыштальны і гліняны посуд таксама адносіцца да катэгорыі бытавых адходаў, а не шкла.


Пакуль дома - сартуй смецце. Як гэта рабіць?

2. Небяспечныя адходы — у пункты збору

Небяспечныя адходы — гэта тое, што можа ўтрымліваць таксічныя рэчывы. Галоўным чынам — гэта батарэйкі, люмінесцэнтныя лямпы, ртутныя градуснікі. Іх трэба здаваць у пункты збору.

«Да такіх рэчаў як батарэйкі і лямпачкі я стаўлюся вельмі сур’ёзна. Таму што батарэйкі - гэта рэчы, якія найбольш забруджваюць асяроддзе. Я іх абавязкова збіраю ў асобную скрыначку, і калі назбіраецца значная колькасць, нясу ў краму. У кожнай вялікай краме стаіць скрыня, дзе прымаюцца такія рэчы», — кажа Мечыслаў.

Пакуль дома - сартуй смецце. Як гэта рабіць?

3. Не прыносьце смецця ў хату

Мечыслаў стараецца выбіраць тыя прадукты, дзе прысутнічае менш смецця, якое не перапрацоўваецца. «Напрыклад, я набываю вушныя палачкі, у якіх аснова з паперы, таму што яны кампасціруюцца, перагніваюць. З ёгуртамі цяжка, таму што кубачкі для іх пераважна прадукуюць з віду пластыку, які не перапрацоўваецца», — кажа Мечыслаў.

Калі будзеце набываць тавары ў краме, звяртайце ўвагу на ўпакоўкі, якія не перапрацоўваюцца, і не нясіце смецця дадому.


Чытайце таксама: 250 тон «грошай» штодня. Як смеццесартавальны завод Гродна ратуе рэсурсы і экалогію


4. Арганізуйце сартаванне

Зрабіце раздзельны збор смецця звычайнай справай. Арганізуйце сартаванне ў даступным для ўсёй сям'і месцы.

«Ва ў мовах кватэры з выбарам месца вельмі цяжка. Таму у мяне так: пад ракавінай стаіць вялікае смеццевае вядро, куды я скідаю рэшткі арганікі і вакол яго я стаўлю бутэлькі, асобныя пакеты для пластыку з металам і для паперы. Ва ўмовах кватэры, дзе катастрафічна мала месца, толькі так можна».


Чытайце таксама: Ці акупаецца ў Гродне смеццесартавальны завод?


5. Падрыхтуйце смецце для здачы ў перапрацоўку

Сартуйце толькі чыстую сыравіну (без рэшткаў ежы і тлушчу). Усё смецце пажадана сціскаць. «Калі пластыкавыя бутэлькі проста так выкідваць у сметніцу, замучышся кожны дзень выкідваць смецце», — кажа Мечыслаў. Таму ён змяншае аб’ём бутэлек перад тым, як выкінуць іх у сметніцу. Робіць Мечыслаў гэта натуральна сціскаючы пластык рукамі. «Перш за ўсё, я раблю гэта для сваёй жа эканоміі. Другой прычынай з’яўляецца тое, што пластык будзе лягчэй даставіць на смеццеперапрацоўчы завод і перапрацаваць ужо іншым людзям».

Пакуль дома - сартуй смецце. Як гэта рабіць?

6. Пачніце з паперы

Мечыслаў пачаў сартаванне смецця з паперы і пластыку. Калі ўбачыў, што усё добра атрымліваецца, паступова перашоў да сартавання іншых рэчаў.

Таму не стаўце невырашальных задач. Пачніце з паперы. Вам і вашым родным будзе лягчэй прызвычыцца да гэтага працэсу.

Пакуль дома - сартуй смецце. Як гэта рабіць?

7. Куды дзець сартаванае смецце

Мечыслаў выносіць смецце раз у тыдзень. Звычайна гэта вечар пятніцы альбо субота. За тыдзень у сям'і з трох чалавек збіраецца 5−7 кг кампосту. На другім месцы па колькасці смецця шкло, таму што яно шмат важыць. Але сказаць колькі канкрэтна шкла цяжка. «Гэта залежыць ад апошніх святаў», — жартуе Мечыслаў. За тыдзень збіраецца 2 кг пластку, пасля яго ідзе папера.

На апошнім месцы смецце, якое не перапрацоўваецца. Яго менш за усё. «Звычайна гэта нейкія кубачкі з-пад ёгурта, пакункі ад ежы з дадаткам фальгі. Такое смецце ў мяне ўвогуле выносіцца раз у месяц і за апошні месяц у нас быў рэкорд — 300 грамаў».

Пасля таго, як усё смецце паасобна сабралі, занясіце яго ў кантэйнеры для смецця, якое едзе на перапрацоўку.


Глядзіце таксама: На огромной машине по узким дворам. Репортаж из кабины мусоровоза, где работает лучший водитель Гродно


Варта зразумець, навошта сартаваць адходы. Па словах Мечыслава, гэта пытанне свядомасці. Ён для сябе паставіў мэту пакінуць пасля сябе толькі найлепшае — у плане не толькі духоўным, але і бытавым. «Я не хачу пакінуць пасля сябе смецце. Каб потым маю праблему вырашалі нашчадкі».


Глядзі таксама: Каралевы прыгажосці сартуюць адходы! Першая беларуска з конкурса Міс Зямля і першая Міс Гродзенскай ЖКГ сталі за канвеер смеццесартавальнага завода


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]