Чацвёра гродзенцаў з інваліднасцю паўдзельнічалі ў мінулым годзе ў навучальным праекце «Інклюзіўны барыста». Але аказалася, што на працу ўладкавацца яны не могуць. Мы запыталіся ў кавярняў і саміх барыста, чаму так адбываецца.
«Інклюзіўны барыста» — гэта сацыяльны праект, які прыдумаў вядомы вазочнік з Ліды Аляксандр Аўдзевіч. Ідэя ў тым, каб навучыць варыць каву людзей з інваліднасцю і такім чынам дапамагчы ім знайсці занятак. Праект прайшоў у многіх абласных і раённых цэнтрах Беларусі.
Гродзенцы Дзмітрый і Аксана паўдзельнічалі ў праекце. У Дмітрыя 3-я група інваліднасці па ДЦП, Аксана перасоўваецца на інвалідным вазку.
— Я наогул люблю зялёны чай. Каву п’ю рэдка. Але калі вучылася на барыста, палюбіла водар кавы. Захацела спазнаць усе тонкасці, каб гатаваць сябрам, адкрыць у сабе нешта новае, — кажа Аксана.
Дзмітрый прызнаецца, што любіў звычайную каву з крамы. Любіць яе і зараз. Але вучыцца майстэрству барыста і знаходзіцца ў кампаніі яму было цікава.
Абодва ўжо былі знаёмыя з Сашам Аўдзевічам і сачылі за яго дзейнасцю. Так і даведаліся аб праекце. Падалі заяўку, прайшлі ў групу. Іх тры дні вучылі гатаваць каву: так яны атрымалі асновы.
Тэарэтычна, цяпер яны могуць вучыцца далей ужо працуючы ў кавярнях. На практыцы ўсё аказалася больш складана. Гродзенцы кажуць, што грамадства да інклюзіўных барыста не гатова — і працадаўцы, і кліенты.
— Нас наогул не хочуць браць на працу. Я б з задавальненнем пайшла б на барыста ў якую-небудзь кавярню. Вось, паглядзіце, у многіх гарадах гэтыя курсы прайшлі. А дзе пункты адкрыліся? Калі б Саша [Аўдзевіч — аўт.] адкрыў кропку тут, у Гродне, я б пайшла, — кажа Аксана.
Яна нагадвае, што калі на працы ёсць людзі з інваліднасцю, падаткі будуць меншымі. А яшчэ лічыць, што паглядзець на такога барысту прыйдзе шмат хто.
— Я наогул не магу ўладкавацца на працу, хоць у мяне вышэйшая эканамічная адукацыя. Я б пайшоў хоць нават вартаўніком, дворнікам. А не бяруць. Спрабаваў уладкавацца ў спартыўную школу «Нёман», там адказалі, што дырэктар сказала з інваліднасцю не браць, — кажа Дмітрый.
Яго пенсія — 200 рублёў. Праца барыста была б добрай дапамогай. У цэнтры занятасці ён стаіць на ўліку два гады. Яму паказваюць вакансіі, але па месцы найму адказваюць, што яна ўжо занятая. Або што ён не падыходзіць «паводле іх стандартаў».
— Кожны, хто ішоў «на барыста», разлічваў на нейкае працоўнае месца. Праект добры, вясёлы, класны. Сашу рэспект. Але чакалі большага. А што далей? — пытаецца Аксана.
Калегі па курсах з іншых гарадоў кажуць, што сітуацыя падобная. Працоўнае месца атрымала ў Лідзе інклюзіўны барыста Наталля Астаніна. У Магілёве адкрылася інклюзіўная кавярня, якую адкрылі трое вазочнікаў. Хлопцы арэндавалі плошчы ў гандлёвым цэнтры і арганізавалі там мабільны пункт продажу кавы, атрымаўшы льготы ад дзяржавы. Больш навінаў пра інклюзіўных барыста няма.
Людміла Жых, гаспадыня кавярні «Просто кофе», распавяла, чаму ў інклюзіўных барыста мала шанцаў: у кавярнях мала месца для вазочнікаў і іх праца эканамічна невыгодная. З-за высокай арэнды ў кавярнях звычайна малыя плошчы. Больш за тое, выжываюць кавярні, дзе за стойкай і на кухні працуюць самі гаспадары.
Барыста з хваробамі накшталт ДЦП або сіндромам Дауна таксама наўрад ці прымуць на працу. Таму што ў гэтай працы важная хуткасць і манеўранасць.
Мікіта Месяц з кавярні «Проходная» называе тыя ж прычыны. У іх за стойкай больш месца, але каб патрапіць у кавярню, трэба пераадолець два рады прыступак. Пандус паводле яго падлікаў каштуе 1000 еўра, а дзяржава не дапаможа яго ўсталяваць.
Уладальнік кажа, што і без інваліднасці складана працаваць: трэба цэлы дзень хадзіць, прымаць заказы са столікаў, гатаваць каву, разносіць яе. Але людзі з інваліднасцю могуць паспрабаваць уладкавацца ў месцы, дзе рыхтуюць «coffee to go». Гэта значыць, барыста на месцы рыхтуе каву і аддае яе.
Падобна на тое, гэта адзіная магчымасць для інклюзіўных барыста атрымаць працу. Альбо прыйдзецца адкрыць сваю ўстанову.
Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…
Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…
Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…
У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…
Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…