У свой выхадны 10 студзеня фельчар з Гродна Фёдар Сумкін (Астаповіч) праводзіў эфір з падпісантамі ў Instagram. Ён смажыў курыцу і распавядаў, як аднойчы прымаў роды. Да эфіру падключылася Святлана Ціханоўская, што стала поўнай нечаканасцю для гродзенца. Эмоцыямі ад размовы з «народным прэзідэнтам» Фёдар падзяліўся з карэспандэнтам Hrodna.life.

Фёдар працуе ў хуткай дапамозе 8 гадоў. Да гэтага ён вучыўся на кухара, два гады быў у манастыры. Сёння Сумкін — адзін з самых нефармальных медыкаў у Гродне. У яго ёсць татуіроўка ў выглядзе машыны хуткай дапамогі на руцэ: настолькі ён любіць сваю працу. Апошнія некалькі гадоў гродзенец распавядае пра сваю прафесію ў Instagram.

Чытайце таксама: «Коронавирус ударил мощно, но мы не сломались». Фельдшер «скорой» из Гродно о работе в эпоху пандемии

«Я, як звычайна ўвечары, выйшаў у эфір, каб пагутарыць з падпісантамі. Смажыў курыцу на абшарпанай кухні з бруднай галавой. Распавядаў падпісчыкам пра роды, якія давялося аднойчы прымаць. А тут прэзідэнт Святлана да мяне ў эфір падключаецца», — кажа Фёдар.

www.youtube.com/watch?v=g3_kGJErQc&feature=youtu.be

Гродзенец спачатку не паверыў, што Ціханоўская глядзіць яго, і нават пажартаваў пра гэта ў эфіры. Яна прапанавала яму падлучыцца. Да выхаду Ціханоўскай у эфір Сумкіна глядзелі не больш за 50 чалавек, пасля яе падлучэння колькасць гледачоў вырасла да 2000.

«Яна зайшла і я афігеў. Нават слова толкам сказаць не мог. У гэта цяжка было паверыць. Я жыў і не ведаў, што яна падпісаная на мяне і глядзіць мае сторыс. Я ніколі яе не бачыў ужывую і для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю».

Фёдар Сумкін (справа) з калегам падчас працы. Фота з асабістага архіва Фёдара
Фёдар Сумкін (справа) з калегам падчас працы. Фота з асабістага архіва Фёдара

Ціханоўская распавяла Сумкіну, што яна сама вядзе свой акаўнт у Instagram і даўно сочыць за яго дзейнасцю.

«Я ўжо спаць клалася, прашу прабачэння, што без макіяжу. Федзя, я цябе глядзела ўжо даўным даўно, калі яшчэ была не на сваім месцы. І гляджу цяпер. Федзя, ты класны, я табе сур’ёзна кажу. Дзякуй за ўсё, што ты робіш, гэта проста цудоўна», — сказала ў эфіры Ціханоўская.

Пасля эфіру з «народным прэзідэнтам» на Сумкіна падпісаліся некалькі тысяч новых падпісчыкаў. Фёдар расказаў Hrodna.life, што ў будучыні папросіць Святлану Ціханоўскую зрабіць яго міністрам аховы здароўя.

На каго яшчэ падпісаная Ціханоўская?

У «народнага прэзідэнта» толькі 24 падпіскі, Фёдар Сумкін сярод іх. Таксама Святлана Ціханоўская падпісаная на мадэль Вольгу Хіжынкову, палітычных дзеячаў Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Вераніку Цапкалу і іншых.