Прывітанне. Гэта журналістка Hrodna.life, якая нядаўна з’ехала з Гродна. Я чула, што эмігранты непакояцца аб страце сувязі з Беларуссю, не могуць рэальна адчуваць, што адбываецца ў краіне. Для іх апішу, як жылося там у 2022 годзе. Гэта ананімная калонка, таму што страх пераследу ад упаўнаважаных структур у мяне захоўваецца.

Матывацыя прыбраць дома — могуць прыйсці з ператрусам

На другі дзень эміграцыі я зразумела, што запісваю галасавое паведамленне ў чарговай здымнай кватэры спакойна, як мільярды людзей па ўсім свеце. Мне не трэба думаць, ці ёсць у гэтым пакоі праслухоўка. Два папярэдніх года, дзе б я ні знаходзілася ў Гродна, я правярала, хто можа мяне чуць і, магчыма, запісваць. Ці ёсць у гэтым месцы відэакамеры, якія лічаць пароль ад майго тэлефона. А пазней яго выкарыстаюць сілавікі. Гэтая параноя стала маёй штодзённасцю.

Страх пракраўся ў побыт беларусаў. Лепш памыць галаву з вечара. Раптам раніцай прыйдуць сілавікі - не быць жа на пакаянным відэа з нямытымі валасамі? Калі дома разводзіўся беспарадак, мая першая думка была такой: «Божа, калі ператрус, то толькі не цяпер». «Небяспечныя» ж рэчы былі вывезены з дому яшчэ паўтара года таму.

Схаваць ноўтбук за некалькі секунд

Кожны дзень я і мае сябры рыхтаваліся да затрымання. Гэта значыць, што трэба выдаляць зробленыя скрыншоты і перапіскі, чысціць гісторыі пошуку і выходзіць з многіх акаўнтаў, не ўключаць мэсанджары на некалькіх прыладах. Усё гэта ў руках сілавікоў можа згуляць супраць цябе. Трэба прадзірацца скрозь VPN, блакаванні і кожны раз аналізаваць, якую спасылку ты скідаеш у чат з сябрамі. Ці не экстрэмісцкая яна? Няправільная па версіі сілавікоў інфармацыя можа каштаваць твайму блізкаму чалавеку 15 сутак волі.

Мы палохаліся груку ў дзверы, мікрааўтобусаў без апазнавальных знакаў, якія праязджаюць міма, супрацоўнікаў службы газу з чырвонымі «корачкамі», суседзяў, якія памыляюцца дзвярыма. Мы навучыліся за некалькі секунд хаваць наўтбук у духоўку на выпадак вобшуку і скідаць тэлефон да заводскіх налад. Гэта пастаяннае напружанне і ліпкае пачуццё недаверу да свету вельмі знясільвае.

Страх прабраўся нават у сэкс

Абмяркоўвалі ў кампаніях сяброў, як за секунды пад грукат выломлівання дзвярэй паспець паведаміць пра гэта хоць камусьці і выдаліць Telegram. Паведамленне ад блізкага з прапановай пагаварыць — панічная атака, новае пакаяннае відэа — жывёльны страх таго, што на ім будзе хто-небудзь з тваіх знаёмых. Шмат каму сняцца затрыманні. Але перастаць тузацца — гэта значыць перастаць жыць рэальнасцю Беларусі.

Страх прабраўся нават у сэкс. Мне няёмка пра гэта казаць, але апошні год у Беларусі я магла мастурбаваць толькі ў цемры і пад коўдрай. Пасля гісторыі аднаго блогера, сэкс якога знялі на камеру і распаўсюдзілі па праўладных Telegram-каналах з мярзотнымі з’едлівымі каментарамі. Мой сябар аднойчы не застаўся ў мяне начаваць са словамі «А раптам раніцай прыйдуць сілавікі». Сяброўка прапаноўвала падарыць мне сэкс-цацку, а я адмовілася са словамі «потым на „Жоўтых злівах“ апублікуюць».

Выбар паміж эміграцыяй або турмой

Некаторыя псіхолагі сцвярджаюць, што страх — гэта кропка росту. Я думаю, яны нічога не ведаюць пра сапраўдны пастаянны страх, які паралізуе цябе. У некаторыя дні ўсе сілы сыходзілі на тое, каб баяцца.

У такім рэжыме жыве вельмі і вельмі шмат людзей. У нас не было ілюзій: выбар паміж эміграцыяй або турмой кожнаму трэба было б зрабіць рана ці позна. Усё, што мы чулі на профільных для журналістаў канферэнцыях: «З'язджайце». Пасля кожнай паездкі разам са штампам у пашпарце атрымлівалі асабісты дагляд на мяжы і скачок ціску па вяртанні ў краіну.

За апошні год насельніцтва Беларусі афіцыйна зменшылася на 94 121 чалавека і па стане на 1 студзеня 2022 года склала 9 255 524 чалавекі. Рэальныя лічбы міграцыі складана ацаніць.

Кожны дзень жыцця ў Беларусі аплачаны стрэсам

Вонкава накшталт жыццё не змянілася. У Беларусі адкрываюцца рэстараны, на вуліцах відаць людзей, якія гуляюць, на месца адных грамадскіх ініцыятыў быццам бы прыходзяць іншыя. Але ўвечары ты прыходзіш у бар, а чарговы знаёмы будзённа паведамляе аб хуткай эміграцыі. Хтосьці сабраўся да мужа, другі - на працу, трэці - таму што з’язджаюць двое першых і ўсе астатнія. Прыходзіш на квіз, а там кагосьці не хапае — ён затрыманы. П’еш з кімсьці каву, а ўжо праз тыдзень сам адпраўляеш яму паштоўку ў СІЗА.

Мне складана растлумачыць, у чым каштоўнасць Радзімы, але людзі плацяць за гэтую каштоўнасць свабодай. «Адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін — меншая пакута, чым развітацца з Радзімай», — сказаў асуджаны на шэсць гадоў калоніі супрацоўнік «Свабоды» Андрэй Кузнечык. Дарагі Андрэй, ды калі б можна было пайсці на такую здзелку з імі. Асуджаным могуць дадаць тэрмін, пакуль яны знаходзяцца ў турме, як журналістцы Кацярыне Андрэевай. Або бясконца затрымліваць пасля адбыцця пакарання, як Іллю Міронава. Ці зноўку судзіць, як Юрыя Касцюка.

За кожны дзень жыцця ў Беларусі апошнія два гады мы плацілі стрэсам. Але гэта каштавала таго, каб мець магчымасць шчыра фіксаваць рэальнасць ўнутры. Журналістаў даўно пазбавілі магчымасці працаваць па прынятых стандартах. Але яшчэ паўгода таму мы хадзілі ў суды, фіксавалі дзівацтвы на гарадскіх святах і размаўлялі з неабыякавымі беларусамі, якія не хочуць з’язджаць. Не менш важным было стаць сведкамі ўзмацнення жорсткасці сітуацыі, ступень якой стала зразумелая толькі пасля ад’езду.

Сапраўдная Беларусь нікуды не з’ехала

Тыя, хто кажуць, што з Беларусі з’ехалі ўсе лепшыя людзі, не маюь рацыі. Я бачыла цудоўных, моцных і прынцыповых беларусаў кожны дзень. Сапраўдная Беларусь засталася ў Беларусі. Нідзе такой сілы не мелі налепка Пагоня, БЧБ-стужка, беларуская мова і лозунг «Жыве Беларусь!», як у Беларусі ў 2022. Гэта пратэст, гата заява, гэта смеласць, якая мяжуе з неразважлівасцю.

Цяпер мне сніцца мой горад. Заплюшчыўшы вочы, я магу ўспомніць пах Нёмана летам, пачуць звон гадзінніка на Фарным касцёле і адчуць шурпатасць бруку на Савецкай вуліцы, па якой ходзяць дарагія мне людзі. Я спадзяюся, у іх усё будзе добра і хутка мы з імі сустрэнемся на гэтай самай вуліцы.