Днямі гродзенскі гісторык Генадзь Семянчук адшукаў у архіве план капліцы ў Падароску, у якой хавалі апошніх уладальнікаў маёнтка — сям’ю Бохвіцаў. Дзякуючы знаходцы магчымасць аднавіць гэтую важную частку сядзібы стала рэальнай. Адбудоўваць яе плануюць новым для Беларусі спосабам.

Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску, гісторыя якой вядзецца ад XVI стагоддзя, яшчэ ў 2013 годзе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. З таго часу тут займаюцца аднаўленнем маёнтка і рыхтуюцца да адкрыцця музея беларускай шляхты і турыстычна-рэкрэацыйнага цэнтра. Рэшткі фамільнай капліцы месцяцца метрах у 400−500 ад будынка сядзібы.

Такога ў Беларусі яшчэ не рабілі. Гістарычную капліцу ў Падароску адрэстаўруюць шклом
Планы капліцы, знойдзеныя ў архіве

— Пра гэтую каплічку я ведаў ад пачатку працы ў Падароску, мы расчышчалі яе разам з валанцёрамі з Таварыства аховы помнікаў ад зараснікаў і смецця, — расказаў Андрэй Колас, гісторык і дырэктар комплексу Падароск.

Цяпер цяжка вызначыць дакладную дату пабудовы капліцы. Як мяркуе Андрэй Колас, гэта можа быць 2-я чвэрць XIX стагоддзя. Каплічка была мураваная, таму лагічна меркаваць, што яна паўстала разам з мураваным маёнткам у 1830-х гадах, ці крыху пазней (1835 ці 1850 гг.). Другая верагодная дата — 1872 год: у 1870-х маёнтак перабудоўваўся, і, верагодна, цэглу выкарыстоўвалі і для іншых аб’ектаў.

Такога ў Беларусі яшчэ не рабілі. Гістарычную капліцу ў Падароску адрэстаўруюць шклом
Андрэй Колас. Фота Алены Кавальчук

«Зараз яна амаль разбураная, але, дзякуй Богу — месца захавалася: мясцовы СПК не заараў яго, пры пабудове трансфарматарнай падстанцыі (на задах катакомбы) яе не зачапілі таксама» — напісана на старонцы маёнтка Падароск у facebook.

Зямля, на якой знаходзяцца рэшткі капліцы, цяпер належыць калгасу, і ўласнікі адноўленага маёнтка не маюць права на ёй нешта рабіць. Больш за тое, паводле дакументаў землеўпарадкавальнай службы, на афіцыйных планах капліцы наогул няма. Гэта ўскладняе пераафармлення гэтага лапіку зямлі.

Такога ў Беларусі яшчэ не рабілі. Гістарычную капліцу ў Падароску адрэстаўруюць шклом
Так выглядала капліца да расчысткі. Фота novychas.by

Але ў планах гаспадароў - звяртацца да дзяржавы, каб гэты ўчастак выдаткавалі для арганізацыі турыстычнага пункта.

«Ужо сто гадоў дзяржаве нецікава»

Гэтую капліцу, ці, дакладней, склеп, разрабавалі саветы яшчэ ў 1939 годзе, а парэшткі ўладальнікаў маёнтка выкінулі вонкі. У 1950-я гады былі знятыя пліты з даху на каўгасныя патрэбы, а смецце, якое скаплівалася ў ёй, ніхто тады не прыбіраў.

Як расказаў Андрэй Колас, да цяперашняга часу ўжо былі створаны эскізы і распрацоўкі для аднаўлення капліцы. Але апошняя знаходка ў архіве — план капліцы — мусіць цалкам змяніць праект, хаця першапачатковая ідэя аўтарскай рэканструкцыі захаваецца. Яна палягае ў тым, каб закансерваваць захаваныя парэшткі, а страчаныя часткі капліцы ўзвесці са шкла і металу. Сэнс такога дызайну ў тым, каб паказаць, якой формы была капліца, не хаваючы аўтэнтычных частак і таго, што яна была страчана.

Чытайце таксама: «Тут ёсць геній месца». Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск

Са шкла мяркуюць зрабіць дзверы, сцяну і дах. Памяшканне не будзе замкнёным, каб не ствараць унутры ўласную атмасферу, якая можа разбурыць захаваныя рэшткі. На адшуканых планах няма памераў, таму аднавіць так, як было дакладна, немагчыма.

«Зробім надбудову празрыстай, і калі даць падсветку ў цёмны час, мусіць выглядаць вельмі цікава. Гэта будзе першая ў Беларусі спроба аднавіць усыпальніцу такім чынам. Будзем старацца інтэрпрэтаваць нашую спадчыну новымі формамі і новай падачай», — паабяцаў Андрэй Колас.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]