Пітэр Джэксан ужо ўпісаў сваё імя ў гісторыю кінематографа, стварыўшы велічнае палатно пра Міжзем'е. Яго імя стала знакам якасці. І калі сталі з’яўляцца першыя трэйлеры «Хронік драпежных гарадоў», нічога акрамя прозвішча Джэксана не прымушала звярнуць увагу на нікому невядомую стужку. Але, здаецца, знакаміты рэжысёр проста праходзіў побач.

Змучаны хобітамі

Пітэр Джэксан выкупіў правы на экранізацыю серыі кніг у 2008 годзе і задумаў паставіць першы фільм. Але ў сваіх інтэрв'ю ён прызнаваўся, што праца над двума трылогіямі пра прыгоды хобітаў так змучыла яго, што ён пакінуў за сабой толькі напісанне сцэнарыя і прадзюсарскія функцыі.

У выніку рэжысёрам «Харонік драпежных гарадоў» стаў невядомы Крысціян Рыверс, які асіставаў Джэксану ў яго папярэдніх працах. У знакамітага новазеландца і раней назіралася цяга давяраць маладым і неспрактыкаваным аўтарам. Успамінаецца адразу Ніл Бломкамп, які зняў «Раён № 9» пры садзейнічанні Джэксана.

Манументальнасць, дзе няма месца асобе

«Хронікі драпежных гарадоў» падчас прагляду трэйлера чапляюць архаічнай манументальнасцю і дзікім гігантызмам. Постапакаліптычны свет будучыні паўстае арэнай для гладыятарскіх баёў вялікіх населеных пунктаў на колах. Чалавек як асоба больш не існуе, ён маленькі вінцік у сістэме велізарных перасоўных агламерацый.

На знежывелых прэрыях умоўнага Захаду дамінуе Лондан, які быццам драпежнік з’ядае дробных субратаў дзеля неабходных матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. Гэты велічэзны перасоўны горад будзе патрабаваць усё больш, але адна патрыётка ўстане на шляху захопу свету.

www.youtube.com/watch?v=ZRwGFSYihvI

Яшчэ адна моладзевая антыўтопія?

Візуальны размах уражвае, спецэфекты льюцца ракой з экрана. Вар’яцкія гарады ўзорваюць зямлю ў пагоні адзін за адным, нябачаныя лятальныя апараты кружацца ў небе. Патрэбны пастаяннае рух, каб выжыць любой цаной.

Вакол гэтай бессэнсоўнай дынамічнай мітусні дзяўчынка спрабуе адпомсціць, як і дзясяткі іншых падобных гераінь з падобных фільмаў жанру моладзевай антыўтопіі. У іх таксама прысутнічае бяздарны злыдзень з намерамі захопу свету. Толькі навошта яго захопліваць? У ім не засталося нічога карыснага. Але антыгерой абавязаны палохаць сваім разадзьмутым эга, каб глядач не сумаваў.

Сюжэт: чым хутчэй, тым лепш?

«Драпежныя горада» першапачаткова бралі сваёй эпічнай унікальнасцю, але апынуліся вар’яцкімі гонкамі па бездаражы, дзе акрамя пары знаёмых акцёрскіх твараў чалавецтва прадстаўлена шумным збродам. У фільме спрэс адсутнічае цікавы сюжэт, ён будуецца выключна на паскоранай змене лакацый, але затое надзвычай прыгожых.

Цяжка паверыць, што Пітэр Джэксан прымаў важны ўдзел у вытворчасці дадзенага фільма. Застаецца пачуццё, што ён быў звычайным тварам для прома-кампаніі і завабліваў людзей прозвішчам на афішах кінатэатраў.

Але якая розніца хто прадзюсар, колькі народу загінула ў фільме і ці былі планы на працяг, калі кіно атрымалася шчыра сярэднім? Застаецца толькі надзея, што ў будучыні за экранізацыю возьмецца нехта іншы, бо сусвет «Драпежных гарадоў» вельмі цікавы.