У пачатку ліпеня падчас рамонту даху ў сярэдняй школе № 6 у Гродне будаўнікі знайшлі старадаўнія рэчы. Будынак школы адкрылі ў 1930 годзе і некаторыя знаходкі адлюстроўваюць яе амаль векавую гісторыю.

Будаўнікі знайшлі шыльды на польскай мове, бутэльку ад гарэлкі, пачак запалак і абрыўкі дакументаў. Як кажа дырэктар школы Павел Ушкевіч, больш за ўсё яго ўвагу прыцягнулі таблічкі, якія віселі на дзвярах кабінетаў у міжваенны час.

а адной з таблічак напісана «V a» (5 «А») — так пазначалі класы ў 1930−40-х. На другі таблічцы надпіс: «Kancelaria Kierownika» (канцылярыя кіраўніка). Таблічкі, верагодна, віселі ў школе да верасня 1939 года, пакуль Заходняя Беларусь не была захоплена савецкімі войскамі.

У кожнага класа быў бант свайго колеру

Гродзенка Алена Барэвіч (1931 г. н.) вучылася ў школе ў канцы 1930-х гадоў. Яе ўспаміны апублікаваныя ў кнізе «Горад адзін, успаміны розныя».

«У 1930-х гадах у нас у школе вучыліся розныя дзеці. Сёння іх называюць беларусы, а раней — праваслаўныя. Да іх бацюшка прыходзіў на рэлігію, а да нас каталіцкі святар. Я памятаю ў мяне была школьная сяброўка Хмяльніцкая, так у яе была змяшаная сям’я і сястра яе хадзіла год да праваслаўных, а пасля да каталікоў. Былі і такія выпадкі.

У школе ў нас была форма: у малодшых класах шэрыя фартухі, у старэйшых — чорныя, таксама абавязкова белы каўнерык і бант. У кожнага класа быў бант свайго колеру. Кожную раніцу ў клас прыходзіла пані гігіеністка і глядзела рукі і галаву вычняў. Так было асабліва ў малодшых класах. У нас былі дзеці з не вельмі добрых сем’яў, недамытыя — рабілі іх бацькам заўвагу. А ў класе на такіх дзяцей заўсёды коса паглядалі. Агулам у школе была дысцыпліна і ганаровыя вучні на лінейцы, бывала, раніцай чыталі патрыятычныя вершы і ўздымалі сцяг".

Таблічкі, бутэлька і запалкі. Глядзіце, што знаходзяць на даху найстарэйшай школы горада
У час афіцыйнага адкрыцця школы ў 1930 годзе ў ёй было каля 30 класных кабінетаў, памяшканні для малявання, капліца, унутраная гімнастычны зала, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю ў навучальных установах. Школа магла змясціць 1000 вучняў, а на мансардзе былі зробленыя памяшканні-кватэры для настаўнікаў

Пачак запалак і бутэлька

Акрамя таблічак на даху школы будаўнікі знайшлі пачак запалак з гербам Польшчы. Магчыма, ён быў выпушчаны на Гродзенскай запалкавай фабрыцы.

Таблічкі, бутэлька і запалкі. Глядзіце, што знаходзяць на даху найстарэйшай школы горада
Такія (ці падобныя) запалкі выпускалі ў міжваенным Гродне

Таксама на даху былі абрыўкі розных этыкетак і дакументаў на польскай мове і бутэлька міжваеннага перыяду «Wodka Czysta». Такіх бутэлек сёння шмат на інтэрнэт-аўкцыёнах.

Таблічкі, бутэлька і запалкі. Глядзіце, што знаходзяць на даху найстарэйшай школы горада
Бутэлька міжваеннага перыяду з этыкеткай «Wodka Czysta»

Найстарэйшая школа горада

Школа № 6 — самая старая школа ў Гродне. Школа была пабудавана ў перыяд з 1925 па 1929 гады на вуліцы Ліпавай (сёння Гарнавых). Да гэтага, з 1924 года, заняткі праходзілі ў іншым месцы, хутчэй за ўсё — у прыватным будынку, які не захаваўся. Афіцыйна школа называлася «Szkoła powszechna nr 7 im. S. Żeromskiego» (Агульнаадукацыйная школа № 7 ім. С.Жэромскага). У 1930−31 навучальным годзе тут навучаліся 422 вучня. Дырэктарам быў Мар’ян Буда.

У школьнай праграме пачатку 1930-х былі: польская мова, алгебра, геаметрыя, рэлігія, батаніка, фізіка, хімія, гісторыя, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, музыка і фізічная культура. Вучні па нацыянальнасці: 85% палякі, астатнія беларусы і рускія, яўрэйскіх дзяцей у школе не было. 80% - дзеці рабочых, 15% - служачых і ваеннаслужачых, 5% - гандляроў.

Таблічкі, бутэлька і запалкі. Глядзіце, што знаходзяць на даху найстарэйшай школы горада
Фота школы ў 1940 годзе

З прыходам Чырвонай Арміі ў 1939 годзе школы ў Гродне былі рэарганізаваны паводле савецкай сістэмы. Школа № 7 была ператворана ў рускую няпоўную сярэднюю школу (НСШ) № 6.

Па стане на студзень 1940 года тут навучалася 645 дзяцей. Іх колькасць павялічылася галоўным чынам за кошт вучняў 1−4 класаў. З-за моцных маразоў, адсутнасці абутку і адзення, а таксама з-за дэпартацыі шмат каго з гродзенцаў ва ўсходнія вобласці СССР, да канца навучальнага года каля 150 дзяцей пакінулі школу.

Чытайце таксама: Вартая таго, каб унеслі ў спіс спадчыны. Гісторыя самай старой школы Гродна

Падчас нямецкай акупацыі школа была зачынена і ператворана ў фабрыку па выпуску і рамонце нямецкай зброі. У 1947−48 годзе тут працавала адразу некалькі школ: беларускамоўная № 9 на першым паверсе, рускамоўная № 6 на другім, рабочая школа № 2 працавала ў вячэрні час.

На канец навучальнага 2019 года ў школе вучылася 380 вучняў.