«Яны самі стварылі гэтую сітуацыю на роўным месцы, яе магло і не быць. Я проста б пайшоў дадому і ўсё», — кажа гродзенец Уладзімір Навумік пасля 42 дзён зняволення. Яго, як і Васіля Баброўскага, 9 ліпеня выпусцілі з мінскага СІЗА № 1. Ім змянілі меру стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе.

Гродзенцаў затрымалі разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня на Савецкай плошчы падчас пікету па зборы подпісаў. Васілю Баброўскаму і Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама яны падазраваныя па арт.
364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Праваабаронцы прызналі гродзенцаў палітвязнямі.

«Дзякуй усім за падтрымку, — кажа Уладзімір Навумік. — Там можна было цярпець, нічога асаблівага. Першы час было маральна цяжка, але вельмі дапамагалі паштоўкі і лісты. Яны прыходзілі не толькі ад гродзенцаў. Праўда, затрымліваюцца. Першы ліст ад родных я атрымаў праз 20 дзён. Незнаёмыя людзі слалі перадачкі. Сукамернікі дзяліліся ежай і адзеннем».

Чытайце таксама: Политзаключенному Владимиру Наумику дополнительно присудили 10 суток

Вінаватым гродзенец сябе не лічыць. Кажа, усім і так усё зразумела.

«Ішоў па торт — прыйшоў на Валадарскага. Я не быў ніколі радыкальным, звычайны чалавек. Яны самі стварылі гэтую сітуацыю на роўным месцы, яе магло б і не быць. Я проста б пайшоў дадому і ўсё. У СІЗА больш за ўсё не хапала волі. Сумаваў па сям'і і да апошняга моманту не ведаў, што мяне выпусцяць», — распавёў Hrodna.life Уладзімір.

Чытайце таксама:

«Ішоў па торт - прыйшоў на Валадарскага». Палітвязні з Гродна вярнуліся дадому
Сям’я Уладзіміра сустракае яго на гродзенскім аўтавакзале

Васіль Баброўскі 29 траўня на Савецкай плошчы апынуўся выпадкова — перасаджваўся на транспарт і затрымаўся. З Уладзімірам Навумікам ён пазнаёміўся толькі на аўтавакзале ў Мінску, калі садзіўся на маршрутку ў Гродна.

«Мы не былі знаёмыя і я не быў палітычна актыўным. Зрабілі мяне такім. Захацелі зрабіць героем, — распавядае Hrodna.life Васіль Баброўскі. — Адпусцілі нечакана. Не патлумачылі чаму. Я наогул не думаў, што траплю туды, ды і наогул, за што мяне туды забіраць? Усё нармальна, цяпер галоўнае з сям’ёй убачыцца. У зняволенні ёсць час падумаць. За гэтыя дні прачытаў тры кнігі. Задумаўся пра жыццё: што зрабіў, а чаго яшчэ не».

«Ішоў па торт - прыйшоў на Валадарскага». Палітвязні з Гродна вярнуліся дадому
Васіль Баброўскі з сям’ёй

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.