З абавязковых прадуктаў для сняданку 18 красавіка патрэбныя гарбуз, кукурузная мука, яйкі, ёгурт, бананы, замарожаныя ягады і гародніна для салаты. Выдаткаваць на прыгатаванне не больш за паўгадзіны атрымаецца, калі адразу аптымізаваць чарговасць прыгатавання. Кніга, з якой рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік рэкамендуе правесці дэгустацыю сняданку і наступны тыдзень — «Мая школа» ад настаўніцы і пісьменніцы Ганны Севярынец.

Сняданак папасуе тым, хто прытрымліваецца безглютэнавай дыеты. Таксама тут няма дададзенага цукру і солі.

Гатуй хутка, еш павольна. Панкейкі з гарбуза і ягадны смузі для нядзельнага сняданку
Прыкладны набор прадуктаў: гарбуз, кукурузная мука, ёгурт, гародніна і мацарэла для салаты, замарожаныя ягады і бананы для смузі. На фота няма яек — недапрацовачка. Трэба два

Галоўнае — прыдумаць

Прыдумаць сняданак — гэта амаль як прыдумаць школу, падумала я, пачынаючы чытаць кнігу Ганны Севярынец. Аўтарка піша — спачатку трэба прыдумаць дырэктара, бо любая школа з яго пачынаецца і ім сканчаецца. «Я б прыдумала не дырэктара, а дырэктарку. І напрыклад, яе б звалі Соф’я. А тады б я прыдумала для яе і школу. Маёй Соф'і лепш за ўсё падыдзе школа ў невялікім мястэчку — няхай яно завецца Чарэпіты».

Для сняданку перш за ўсё трэба прадумаць чарговасць гатавання, каб нідзе не губляць часу.

Тайм-менеджмент: паспець за паўгадзіны

Найперш чысцім гарбуз ад скуркі і семачак, рэжам на кавалачкі і ставім на агонь.

Пакуль гарбуз варыцца, робім смузі. У мяне будзе сняданак на дваіх і смузі з розных ягад. Адзін — малінавы, другі - смуродзінавы.

Прадукты для смузі (на 1 порцыю)

1 банан, парэзаны кавалачкамі

100 г замарожаных ягад

100 г грецкага ёгурту

Пачатак канца сняданку гатовы. А гераіню кнігі дырэктарка ўжо ўзяла на працу: «Клас вам не даю, няма чаго галаву дурыць, бярыце рускі ў дзясятым, адзінаццатым „А“ і для душы — пяты. Астатняе даб’ем факультатывамі. Урокаў вядзіце колькі хочаце, а больш вам нічога i не трэба.»

«Адкуль яна здагадалася тады, што я акрамя ўрокаў нічога ў школьных справах не цямлю, — таямніца», — прызнаецца гераіня. А я ўслед за ёй прызнаюся — я мала што разумею ў складанні рэцэптаў. Затое ўмею сачыць за часам. Гарбуз ужо гатовы. Трэба зліць ваду і даць яму астыць. А мы пакуль прыгатуем салату. З ім усё проста — жменя зеляніны, гародніна, сыр, арэхі і алей. Такія салаты выкладваю адразу на талеркі.

Гатуй хутка, еш павольна. Панкейкі з гарбуза і ягадны смузі для нядзельнага сняданку
Да панкейкаў пададзім салату з рукалы, памідораў-чэры і мацарелы. Для запраўкі - грэцкія арэхі, лыжка абляпіхавага алею і паўлыжкі бальзамічнага воцату. Колькасць і суадносіны прадуктаў тут не прынцыпова. Пакуль рабілі салату, гарбуз астыў, і можна гатаваць панкейкі

Рэцэпт панкейкаў і прагнозы алімпіяднікаў - не збоўтваць і не змешваць

Самае складанае — узважыць ці хаця б на вока ацаніць, колькі чаго трэба ўзяць.

Пра той жа «боль» піша Ганна: «Яшчэ бяроза не пачала жаўцець, яшчэ толькі заўтра прыйдзе Ілля і накідае ў ваду гнілля, а ўжо, бывае, скаланаешся, як атрымаеш ў вайберы паведамленне ад завуча: „Запыт абласнога ўпраўлення: колькі стабальнікаў вы падрыхтуеце ў гэтым годзе? Адказ тэрмінова ды вечара. дзякуй за разуменне“. Няма за што дзякаваць, дзе ж яно, тое разуменне: як гэта я магу спрагназаваць стабальнікаў? Але ж гэта дурная справа прагназавання для нас звыклая: ці гэта не я кожны верасень пішу прагназаваных пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд на пяць гадоў наперад?»

Але я пастараюся і напішу рэцэпт панкейков.

Прадукты для гарбузовых панкейкаў

Вараны гарбуз — 400 г

Кукурузная мука — 1 шклянка

Яйкі - 2 шт.

Грэцкі ёгурт — 1 пакунак (230 г)

Сода або пякарскі парашок — палова чайнай лыжкі

Аліўкавы алей для смажання — 1−2 ст. л.

Грэцкія арэхі - 1−2 ст. л.

Гатуй хутка, еш павольна. Панкейкі з гарбуза і ягадны смузі для нядзельнага сняданку
Спачатку блэндарам змяшаць гарбуз з яйкамі і ёгуртам. Потым усыпаць соду і муку і яшчэ раз узбіць блэндарам. Засталося выкласці лыжкай на разагрэтую патэльню

Сняданак са «званком». Паспелі!

А ў кнізе ў Ганны закружвается сюжэт — завуч Агурцова ўпарта праводзіць лінейкі і зборы, астранаміцу дзеці клічуць «Зоркай Венерай», фізрук водзіць усіх у паходы, а выпускнікі «маладыя тыгры» усім «даюць джазу».

Гатуй хутка, еш павольна. Панкейкі з гарбуза і ягадны смузі для нядзельнага сняданку
Сняданак гатовы. Смачна есці!

Спойлерыць далей кнігу не буду. Можна за сняданкам і да абеду спакойна пачытаць.

Сняданак і кніга — з мастацкай выдумкай

Ганна піша ў прадмове, што гэта не ўспаміны, не настаўніцкі дзённік і нават не блог у Facebook. Гэта — мастацкі твор з усімі адпаведнымі атрыбутамі. У першую чаргу — з мастацкай выдумкай. Мне вельмі сымпатычны такі падыход. Да гатавання сняданкаў я таксама стаўлюся з мастацкай выдумкай. І вы паспрабуйце. І «Маю школу» абавязкова пачытайце.

Чытайце таксама:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]