Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

"Парк Жылібера месца не для забаў, а для навучання і ціхага адпачынку”. 5 ідэй як вярнуць каштоўнасць старому парку ў Гродне - Hrodna.life - навіны Гродна

Сёння стары парк Жылібера падзяляецца на тры часткі: Швейцарская даліна, публічны парк, дзе спрабуюць адрадзіць батанічны сад, а таксама парк атракцыёнаў. Ландшафтны дызайнер Яна Марчук на лекцыі ў Цэнтры гарадскога жыцця 15 верасня паспрабавала расказаць гродзенцам, як можна вярнуць каштоўнасць старога парка ў Гродне.

Парк Жылібера — прадмет аховы і турботы пра яго

За доўгія гады iснавання парк істотна змяніўся. На працягу двух з паловай стагоддзяў ён перажыў некалькі этапаў грунтоўнай трансфармацыі. Цяперашні выгляд парку амаль нічым не нагадвае пра яго доўгую гісторыю і вялізнае навуковае значэнне, якое ён калісьці меў.

«Гісторыя парку ў цэнтры Гродна пачынаецца з часоў Антонія Тызенгаўза, які ў другой палове 18 стагоддзя заклаў Гарадніцу. У цэнтры Гарадніцы за палацам было адведзенае месца для прагулачнага парку, але сведчанняў, ці быў пабудаваны гэты парк, мы не маем, — распавядае Яна Марчук. — Вядома, што паплечнік Тызенгаўза запрасіў у Гродна прафесара ліёнскага медыцынскага коледжа Жана Эмануэля Жылібера. Неўзабаве навукоўца стварыў на тэрыторыі Гарадніцы батанічны сад — у той час найлепшы ў краіне і адзін з найлепшых у ва ўсёй Еўропе. Сад займаў большую частку тэрыторыі сучаснага парка. Паводле гісторыкаў, у ім было сабрана ад 1500 да 2000 відаў раслін. Калі батанічны сад аднавіць паводле міжнародных правілаў рэстаўрацыі, ён зробіцца вялікай цікавосткай і для гараджан, і для турыстаў-замежнікаў».

Працягнуць адраджэнне батанічнага саду

У апошнія гады гродзенскім краязнаўцам Наталляй Канюк была прадпрынята вялікая колькасць спробаў адрадзіць батанічны сад у парку Жылібера. Наталля Рыгораўна высадзіла мноства новых раслін і кустоў, якія ў свой час былі і ў садзе Жылібера. Але з-за адсутнасці аховы, справа Наталлі Канюк была на мяжы правалу. Нечаканая смерць краязнаўцы ў студзені 2017 года і зусім прыпыніла адраджэнне батанічнага саду.

Чытайце яшчэ:  Справу Наталлі Канюк працягнуць: у батанічным садзе высадзяць яшчэ 7 раслін
Сёння зацікаўленыя ў працягу справы Наталлі Канюк гродзенцы шукаюць спосабы развіцця батанічнага саду ў парку Жылібера, але без належнага ўмяшання гарадскіх уладаў саду проста не выжыць.
Чытайце яшчэ:  Працягнуць справу бабулі: унук Наталлі Канюк з многімi гродзенцамі папоўніў батанічны сад новымі раслінамі
«Памкненні спадарыні Наталлі Канюк аднавіць калекцыю Жылібера неабходна працягваць, і ні ў якім разе нельга страціць тое, што яна напрацавала. На маю думку, ідэю можна пусціць нават вышэй: цалкам аднавіць батанічны сад 18 стагоддзя — але толькі калі будзе дастаткова гістарычных сведчанняў. Дакладна вызначыць планіроўку батанічнага сада дазволяць археалагічныя раскопкі (вядома, калі рэканструкцыі не знішчылі цалкам слой 18 стагоддзя). Таксама патрэбна сістэматызаваць вядомыя архіўныя матэрыялы і адшукаць дадатковыя, каб дакладна ведаць, якія расліны вырошчваў Жылібер у Гродна. Гэта доўгая і карпатлівая праца, але вартая высілкаў і часу, я лічу».

Перанесці атракцыёны

У савецкі час у старым гарадскім парку сталі з’яўляцца першыя атракцыёны, якія прыйшліся па душы шматлікім гараджанам. Але дадзенае новаўвядзенне супярэчыць першапачатковаму прызначэнню парку. Калі раней у парк можна было прыходзіць і адпачываць у яднанні з прыродай, то пасля ўстаноўкі атракцыёнаў ён ператварыўся ў шумнае месца, дзе ўвесь час грае музыка і ідзе гандаль.

"Парк Жылібера месца не для забаў, а для навучання і ціхага адпачынку”. 5 ідэй як вярнуць каштоўнасць старому парку ў Гродне
Адна з кавярняў у парку Жылібера
Яна Марчук лічыць, што атракцыёны са старога парку трэба абавязкова пераносіць.

«За апошні час было шмат выказванняў на гэтую тэму, але атракцыёны да гэтага часу застаюцца ў парку і гэтае пытанне застаецца для чарговага абмеркавання. Яны, безумоўна патрэбныя гораду. На маю думку, найлепей было б пабудаваць новы прасторны парк забаваў з сучаснымі атракцыёнамі, гульнявымі і спартовымі пляцоўкамі, кафэ і разнастайнай вулічнай ежай. А асноўнымі функцыямі парка Жылібера мусяць быць задавальненні, найперш, эстэтычнага і інтэлектуальнага кшталту і, канешне, адукацыя».

Зрабіць парк месцам, куды можна было б прыходзіць і адпачываць

Сёння пры ўваходзе ў парк маецца інфармацыйная табліца з гісторыяй батанічнага сада ў Гродне. Многія гараджане і турысты, якія бываюць у парку, часта звяртаюць на яе ўвагу, і не разумеюць дзе шукаць стары сад. А яго ўжо не існуе. Апошнія старыя дрэвы, якія памяталі Жылібера былі высечаныя зусім нядаўна. А ў свой час як сад, так і парк, служылі месцам адпачынку гараджан. Часта ў старым парку можна было пачуць не толькі спевы птушак і гукі Гараднічанкi, але і класічную музыку.


Стылёвы ТОП-5 птушак з гарадзенскіх назіранняў у парку Жылібера


«Як было б добра пасля працы або шпацыру па цэнтры Гродна знайсці для сябе ціхі куточак у парку, паслухаць птушак, пачытаць кнігу, адпачыць у спакоі пад разгалістымі дрэвамі. Хочацца, каб парк Жылібера асацыяваўся не з шумнымі забавамі, а з багатай гісторыяй горада і краіны. Каб ён быў месцам для роздумаў, гутарак і назірання за прыродай».

"Парк Жылібера месца не для забаў, а для навучання і ціхага адпачынку”. 5 ідэй як вярнуць каштоўнасць старому парку ў Гродне

Выкарыстаць былы палац Чацвярцінскіх

Пасля таго, як з былога палаца Чацвярцінскіх з’ехала ваенная камендатура, ён стаў разбурацца. На сённяшні дзень у старым будынку сур’ёзна падтоплены падвалы. Гарадскія ўлады выставілі гэты аб’ект, які будаваўся як медыцынская акадэмія Жылібера, на аўкцыён. Яго кошт сёння складае 1 мільён 200 рублёў.

Чытайце яшчэ:  Палац канца 18 стагоддзя ў цэнтры Гродна прадаецца з аўкцыёну за 1,2 млн долараў
«Палац Чацвярцінскіх — гэта адзiн з лічаных аб’ектаў Гарадніцы, якiя захаваліся да нашага часу. Былую медычную акадэмію і тэрыторыю вакол яе варта ўключыць у паркавую прастору і адкрыць для гараджан. Было б файна вярнуць будынку яго першапачатковую функцыю — адукацыйную — і стварыць там прастору для семінараў і публічных лекцый, размясціць прыватныя школы і студыі для дзяцей і дарослых.»

"Парк Жылібера месца не для забаў, а для навучання і ціхага адпачынку”. 5 ідэй як вярнуць каштоўнасць старому парку ў Гродне

Даведка

Яна Марчук вырасла ў Гродне. Скончыла Тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску (спецыяльнасць садова-паркавае будаўніцтва), а таксама магістратуру ў Вялікабрытаніі па рэстаўрацыі гістарычных паркаў і культурных краявiдаў. Працуе ландшафтным дызайнерам.