Маладая гррдзенская сям’я ўжо два гады жыве ў Беластоку. У пятніцу 13 сакавіка яны прыехалі ў Гродна на юбілей да сваяка. А потым без асаблівых праблем вярнуліся. Для Hrodna.life Дзмітрый і Іна распавялі, як выглядае праходжанне мяжы і каранцін у Польшчы.

Калі яны ехалі ў Беларусь, межы ўсё яшчэ былі адкрыты. Толькі праз некалькі гадзін прэм’ер-міністр Польшчы аб’явіў аб іх закрыцці.

«Мяжу [ў бок Беларусі - рэд.] праехалі ў звычайным рэжыме, як заўсёды аформілі часовы ўвоз на аўто і ўсё. Больш не было ніякіх дадатковых анкет і яшчэ чаго-небудзь. Тэмпературу ніхто не вымяраў ні на адным з бакоў. Адзінае, што адрознівала гэты дзень ад іншых — супрацоўнікі хадзілі ў масках і пальчатках».

Сям’я вярталася ў Польшчу ў панядзелак, калі мяжа ўжо была зачынена. На польскім баку, акрамя іх, было яшчэ два аўто на беларускіх нумарах, якія ехалі ў Польшчу.

«Разумееце, што паедзеце на каранцін?»

«Памежніца запрасіла нас на еўрапейскі канал. Перш за ўсё спытала: ці разумеем мы, што едзем на каранцін? Мы сказалі - так, пасля чаго яна яшчэ раз перапытала, ці сапраўды мы хочам ехаць у Польшчу.

Пры афармленні спыталі адрас, па якім мы збіраемся знаходзіцца ўсе гэтыя дні. Запісалі ўсе дадзеныя і нумары тэлефонаў. У памежнікаў афармленне прайшло хутка. Далі памятку, чаго рабіць нельга".

Пан, да ямы!

Мытнікі адправілі машыну ў бокс для паглыбленага дагляду. Па словах Дзмітрыя, дагляд «на яме» насіў хутчэй фармальны характар.

«Праверылі валізкі, паднялі машыну, пасвяціў ліхтарыкам. Нічога не круцілі. Пагаварылі пра жыццё, каранавірус, каранцін, і пажадалі шчаслівай дарогі».

Тавараў хапае, людзі шпацыруюць, таксі працуе

У самой Польшчы, па словах сям'і, ніякага апакаліпсісу няма. Адразу з мяжы яны заехалі ў краму ў Саколку: на паліцах усё, як і было раней.

«Бум і пустыя прылаўкі былі толькі адзін дзень, калі мне сказалі, што будзе каранцін. На наступны дзень паліцы былі зноў напоўнены таварамі.

Зараз працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі. Абмежаванняў па ўваходзе няма. Людзі ходзяць, шпацыруюць, машыны ездзяць, таксі працуе. Кафэ і рэстараны зачыненыя: працуюць альбо на вынас, альбо з дастаўкай. Перад маім домам ёсць віна-гарэлачны магазін, людзі ў чарзе стаяць".

Як кантралююць каранцін?

Ужо ў першы дзень пасля прыезду ўвечары сям’ю прыйшла правяраць паліцыя.

«Патэлефанавалі, спыталі, куды выходзяць нашы вокны. Мяне і жонку папрасілі выйсці на балкон, памахаць рукой. Дзяцей паказваць не прасілі. Пацікавіліся самаадчуваннем і нагадалі аб адказнасці за парушэнне рэжыму каранціну. На першы раз штраф 5000 злотых. Злосных парушальнікаў чакае да 3 месяцаў турмы, а калі апынецца, што парушальнік быў хворы на каранавірус, пасля лячэння яго чакае год турмы. Праверкі будуць штодзённымі, могуць прыйсці двойчы».

Па словах Дзмітрыя, прадукты харчавання пры неабходнасці даставяць супрацоўнікі сацыяльных службаў альбо валанцёры. Дастаўляюць бясплатна, галоўная ўмова — сума пакупак не павінна перавышаць 200 злотых.


Чытайце таксама:

Польскую і літоўскую мяжу часова можна перасекчы пешшу: працуе некалькі пунктаў

Еўрасаюз забароніць ўезд замежнікаў

Для беларусаў, якія затрымаліся ў Польшчы і Літве, арганізуюць аўтобусы на радзіму

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]