Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Беларуска працуе ў Польшчы рэпетытарам па хіміі

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў Беластоку і дапамагае школьнікам, што ў апошнія гады пераехалі ў Польшчу, справіцца з хіміяй на польскай мове. Для канала «Тётя Ира разрешила» Света расказала, хто хімія — гэта не толькі выбухі ў лабараторыі ці рознакаляровыя рэакцыі ў прабірках, але і добрыя адзнакі ў школе і карысныя веды для штодзённага жыцця.

Напрыклад, пра тое, што пры атручанні парацэтамолам антыдотам будзе ACC, ацэцілцістэін — самы звычайны лек ад кашлю, а грэйпфрутавы сок прыводзіць да павышэння сістэмнай канцэнтрацыі лекавых прэпаратаў. Таму не трэба піць грэйпфрутавы сок разам з лекамі. Гэта інфармацыя, на думку Светы, здзіўляе і выклікае цікавасць у дарослых і далёкіх ад хімічнай навукі людзей.

Дзеці любяць пахімічыць

Падлеткаў звычайна больш вабіць магчымасць «пахімічыць» у лабараторыі. З уласнага досведу выкладчыцкай працы ў медычным каледжы самай любімай рэакцыяй усіх студэнтаў Света называе сінтэз флуарэсцэіну.

«Гэта субстанцыя свеціцца пры ўльтрафіялетавым святле. У залежнасці ад колькасці рэагентаў яны свяціліся рознымі колерамі ад светла-жоўтага да зялёнага. Суперкласна было, калі лаба праходзіла ўвечары. Мы выключалі святло і ў цёмным пакоі флуарэсцэнцыя яшчэ яскравей выглядае.

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

«Вучні любілі рабіць здымкі і відэа флуарэсцэнцыі для сваіх сацсетак і прасілі зрабіць рэакцыю па некалькі разоў. Гэта не складана — займае 5−10 хвілін часу для награвання на звычайнай плітцы да 100 °C».

Рэпетытарствам Света пачала займацца, калі яшчэ сама была школьніцай — дапамагала малодшым рыхтавацца да алімпіяд па біялогіі.

«Потым з калегамі абменьваліся досведам. Зараз праводжу заняткі па хіміі на польскай мове, па польскіх падручніках і праграме. Дапамагаю падрыхтавацца да паступлення ў медыцынскі каледж альбо на хімічны факультэт універсітэта».

Сінтэз азафарбавальніка:

«Лабараторная рэакцыя. Вучні заўсёды самі яе выконваюць. Праводзіцца пры пакаёвай тэмпературы, альбо на лёдзе пры 0 °C. Сінтэз займае 2−3 хвіліны. У працэсе сінтэзу азафарбавальнік паступова змяняе колер ад светла-жоўтага да чырвонага. Азафарбавальнікі выкарыстоўваюцца для фарбавання тканіны, паперы, гумы, дрэва, пластыкаў, прадуктаў харчавання і лекавых злучэнняў».

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

Пачала з гербарыяў

Для Светы хімія і біялогія былі самымі цікавымі прадметамі ў школьнай праграме і самымі цікавымі рэчамі і з’явамі ў навакольным асяроддзі.

«Калі была яшчэ зусім малая, рэзала розныя травы і кветкі на кавалкі, выціскала сок з ягад і розных пладоў, усё гэта змешвала ў гліняным посудзе і рабіла лекавыя сумесі. Падлеткам збірала расліны на гербарыі, рабіла з іх аплікацыі. А ў старэйшым узросце падрабязна чытала падручнікі па біялогіі, дадатковыя матэрыялы для алімпіяд. Прыходзіла ў лабараторыю глядзець у мікраскоп розныя прэпараты, клеткі раслін і жывёл, бактэрыі і грыбы. У старэйшых класах і ўніверсітэце зацікавілася лекавымі прэпаратамі. Чытала англамоўныя артыкулы па тэме, адзначала для сябе, калі выкладчыкі распавядалі цікавыя факты».

Агонь да столі і чорны дым — бывае і так

Аднойчы працавалі з калегамі і вучнямі ў лабараторыі. Кожны праводзіў свой сінтэз. У адной рэакцыі ў якасці растваральніку выкарыстоўваўся бензол — вельмі гаручае рэчыва. Пры награванні колба ўзарвалася. Шкло разляцелася. Пачаўся вялізарны пажар — агонь да столі і чорны дым. Адна калега хутка зрэагавала. Накінула на вогнішча шклотканіну. Полымя адразу згасла. Потым праветрывалі і прыбіралі лабу.

У сінтэзе было ўсё зроблена без памылак. Гэта выпадак, які немагчыма было прадбачыць, яны здараюцца ў хімічных лабараторыях з-за тэхнічных непаладак альбо пашкоджання посуду. Мы згадваем той выбух са смехам, таму што ўсё скончылася добра і без ахвяр. За гэта трэба дзякаваць прафесіяналізму калегі. Таму хімікам патрэбны не толькі тэарэтычныя веды, але і хуткая рэакцыя ды смеласць.

Хочаш логіку — вучы хімію

На думку Светы, прыгожыя рэакцыя і цікавосткі хіміі магчымы толькі пры добрым тэарэтычным багажы ведаў.

«Хімія — гэта навука, у якой вельмі важныя логіка, веды заканамернасцяў і сістэмнасць. Таму на маіх занятках па хіміі паказваю вучням спосабы вырашэння задач і рэакцый, якія можна прымяніць да любых формул і рэчываў, а не патрабую зубрыць кожную рэакцыю. Трэба ведаць асноўныя формулы і заканамернасці хіміі, тады будзе вельмі лёгка вырашыць любую задачу».

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

Рэакцыя «Хімічныя водарасці» з курса калоіднай хіміі

Яе вельмі проста паўтарыць нават у хатніх умовах:

Патрэбен сілікатны клей і неарганічныя крышталі - розныя солі, напрыклад, солі для ваннаў. Такія водарасці могуць вырасці за пару гадзін. Заўсёды цікава для вучняў разгадаць сакрэт фармавання водарасцей (і вы пагугліце і паглядзіце).

Ці можна навучыць любіць хімію?

Задачу зрабіць так, каб усе вучні палюбілі хімію, Света перад сабой не ставіць. Важней — дапамагчы кожнаму і кожнай вырашыць уласныя задачы:

«Самае галоўнае — адразу дакладна вызначыць мэту заняткаў па хіміі. Для кагосьці - гэта павысіць адзнаку ў школе; для кагосьці - паступіць у медычны альбо хімічны ўніверсітэт, каледж; для кагосьці - каб праводзіць практычныя эксперыменты і даследаванні; для кагосьці - алімпіядны рух. Мэта вызначае праграму і сродкі, з якімі будзем працаваць на занятках. Да кожнага вучня трэба знайсці індывідуальны падыход. Зразумець ход яго думак, знайсці, якімі спосабамі лягчэй засвойваецца матэрыял».

Узнагароды выкладчыцы — дыпломы, адзнакі і душэўныя пасланні вучняў і вучаніц

Вынікамі рэпетытарскай працы Света называе вучнёўскія дыпломы з адзнакай, палепшаныя ацэнкі і паступленні ў каледжы і ўніверсітэты.

«Адна з маіх вучаніц скончыла медычны каледж з адзнакай. Іншы вучань атрымаў матуру з „чырвоным паскам“ у Польшчы [школьны атэстат з адзнакай]. Вельмі прыемна атрымліваць падзякі ад вучняў у асабістыя паведамленні. Вельмі каштоўная рэч для мяне запіска — падзяка ад вучаніцы медычнага каледжа. Захоўваю яе да гэтага часу, разам з важнымі дакументамі».

Што да любові, то, на думку Светы, пачуццям нельга навучыць. Тое, што падабаецца ці не падабаецца, кожны і кожная павінны вырашаць самастойна. «Галоўнае ў жыцці - займацца справай, якая па-сапраўднаму падабаецца і прыносіць пазітыўныя эмоцыі».

Света за працай у лабараторыі
Света за працай у лабараторыі

«У мяне былі вучні, якім увогуле не цікава хімія. Мы адразу дамаўляліся на шэраг простых заданняў, якія яны рабілі, каб проста атрымаць мінімальную адзнаку ў школе ці атрымаць залік. На рэпетытарстве ў мяне, у асноўным, вельмі таленавітыя вучні, якіх па-сапраўднаму цікавіць хімія. Альбо вучні, якія паставілі дакладную мэту павысіць адзнаку па хіміі і разабрацца з прабеламі ў школьнай праграме. Рэпетытарства — гэта дадатковыя заняткі, таму не бачу сэнсу прымушаць вучняў. Працую з тымі, каму гэта насамрэч патрэбна».