Гродзенка Васіліса Маслава заснавала сваю ролер-школу Grodno Slalom Team і вучыць дзяцей катацца на роліках. А яшчэ яна — чэмпіёнка свету па фрыстайл-слаламе. Пры гэтым пачынала трэніравацца на звычайных паркоўках. Пра шлях да поспеху Васіліса расказала «Вячэрняму Гродна».

Ролер-школа Васілісы Маславай Grodno Slalom Team у Гродне
Ролер-школа Grodno Slalom Team ў Гродне. Крыніца: «Вячэрні Гродна»

Падабалася фігурнае катанне, але магчымасці займацца не было

Васілісу Маславу выхоўвалі ў дзіцячым доме. З чатырох гадоў дзяўчыне падабалася фігурнае катанне, яна ведала розныя элементы гэтага віда спорту. Але магчымасці займацца ў яе не было.

Таму дзяўчына займалася бегам і пачала катацца на роліках. Усе рухі Васіліса прыдумвала сама, а калі даведалася, што ёсць ролер-спорт, то зацікавілася і выступіла на спаборніцтвах.

Пачынала з парковак ля крамаў

У 10 гадоў Васіліса даведалася пра фрыстайл-слалам. Пляцовак для трэніровак у Гродне не было, таму дзяўчына трэніравалася на паркоўках ля крамаў. 

Фрыстайл-слалам - від ролер-спорту, у якім на роліках трэба выконваць тэхнічна-артыстычныя элементы пад музыку. Элементы выконваюцца на пляцоўцы, дзе размешчаны спецыяльныя лініі і конусы.

“Падыйшла жанчына, сказала, што я добра катаюся, і папрасіла ўзяць дзіцёнка. Педагагічнага вопыту тады не было, усё трымалася на энтузіязме. Паспрабавала папрацаваць з чатырохгадовай дзяўчынкай - Валерыя Кірвовіч дагэтуль у школе, яна найлепшая ў Беларусі і адна з наймацнейшых спартсменак у Еўропе”, - сказала Васіліса Маслава.

На роліках па 10 гадзін у дзень

Зараз Васіліса праводзіць на роліках па 10 гадзін у дзень. Яна - у складзе найлепшай каманды свету, а таксама мае спонсарскі кантракт з вытворцам ролікавых канькоў. Гэтая ж фірма прадастаўляе экіпіроўку.

Freestyle Slalom World Champion Vasilisa Maslova
by u/mute_annuity in toptalent

Ад Пышкоў да сваёй залы на Пестрака

Васіліса ездзіла на спаборніцтвы, навучалася ва ўніверсітэце. Калі яна пазней працавала ў школе, то зразумела, што хоча займацца спортам. Тады і заснавала ролер-школу Grodno Slalom Team.

Спачатку яна арганізоўвала трэніроўкі ў лесапарку Пышкі. Уласную пляцоўку для заняткаў шукалі доўга — і знайшлі залу на 400 кв.м. у будынку былой тэлефоннай станцыі на вуліцы Пестрака.

Гэта самая вялікая зала для ролікаў у Беларусі. Там ёсць некалькі сцежак, рампа для прыжкоў і неабходнае абсталяванне для трэніровак. Рамонт у ёй рабілі самі.

Ролер-школа Васілісы Маславай Grodno Slalom Team у Гродне
Васіліса Маслова з вучаніцамі у Grodno Slalom Team ў Гродне. Крыніца: «Вячэрні Гродна»

Зараз у школе навучаюцца больш за 100 чалавек

У школе навучаюцца больш за 100 дзяцей і дарослых. Большасць з іх — дзяўчыны. Катацца на роліках няпроста, кажа Васіліса. На вывучэнне аднаго трука ў дзяцей сыходзіць паўгода. Патрэбны каардынацыя і цярпенне. «Самае складанае — усталяваць сувязь паміж мазгамі і целам, каб імпульсы дазволілі целу зрабіць трук».