Уладальнік крамы «АвтоЗапчасти» Віктар Рукша некалькі месяцаў судзіўся з Камітэтам дзяржкантролю і абскардзіў рашэнні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці. Усе рашэнні былі прынятыя не на яго карысць. 17 лютага яго фірму ТАА «Рукша» ліквідавалі праз суд. 22 лютага Віктара арыштавалі.

58-гадовы Віктар Рукша — уладальнік крамы аўтазапчастак на вул. Гарнавых, 6. У жніўні 2020 года ён напісаў скаргу на дзеянні сілавікоў. 11 жніўня яны забеглі ў памяшканне і затрымалі ўнутры аўтара Hrodna.life Руслана Кулевіча і двух супрацоўнікаў крамы. У скарзе Рукша апісаў сітуацыю і папрасіў правесці праверку аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікамі.

Пасля скаргі да Віктара прыйшлі з упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (УДФР КДК), магазін апячаталі, а падатковая падала іск аб ліквідацыі фірмы.

У дачыненні да Віктара ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі».

Суды

Суды пачаліся ў снежні 2021 года. Працэс прыпынілі па просьбе адваката: павінна была ўступіць у сілу пастанова па іншай заяве ТАА «Рукша». Віктар прасіў прызнаць несапраўдным рашэнне УДФР КДК па Гродзенскай вобласці ад 25 жніўня 2021 года, якое і з’яўляецца асновай для ліквідацыі.

Паводле версіі Рукшы, супрацоўнікі УДФР узялі за аснову рашэння не бухгалтарскую праграму, а аператыўна-складскую, якой карысталіся менеджары для ўліку тавараў па складзе.

Файл з табліцамі «Заказная книга», які быў інфармацыйным, ва УДФР узялі як «расход». Але гэта не аб’ектыўны бухгалтарскі дакумент: ён служыў для збору папярэдняй інфармацыі з тэлефонных званкоў і месенджараў ад пакупнікоў. Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прыняў рашэнне на карысць УДФР.

Чытайце таксама:

Штраф — больш за 100 000 рублёў

У студзені 2022 Віктар стаў удзельнікаў яшчэ двух судовых працэсаў. Ён абскардзіў два рашэнні КДК: па ч. 1 арт. 12.18 КаАП «Парушэнне парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў за наяўны разлік» і ч. 2 13.7 КаАП «Невыкананне або выкананне не ў поўным аб’ёме абавязку па ўтрыманні і (або) пералічэнню сумы падатку».

Па абодвух справах суддзя Сяргей Лях прыняў рашэнне не на карысць прадпрымальніка. Штраф па двух адміністрацыйных артыкулах склаў больш за 100 000 рублёў. На адным з гэтых пасяджэнняў суддзя прыгразіў Віктару штрафам у 20 базавых (640 рублёў), калі той спрабаваў растлумачыць сваю пазіцыю.

Ліквідавалі фірму гродзенца, які паскардзіўся на сілавікоў. Ён чатыры разы абскарджаў рашэнні дзяржкантролю
Суддзя эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Сяргей Лях. Фота: court.gov.by

Адвакат: рашэнне суда не пацвярджаюць матэрыялы праверкі

1 лютага 2022 года суд разгледзеў апеляцыю Віктара Рукшы і ТАА «Рукша» на пастанову эканамічнага суда ад 24 снежня. Уладальнік крамы абскардзіў складзены акт праверкі УДФР. Суд праігнараваў хадайніцтва аб выпатрабаванні з крымінальнай справы, не прыняў да ўвагі паказанні менеджэраў-сведак, і зрабіў няправільную выснову аб тым, што нерэалізаваныя тавары ляглі ў «ўтоеную выручку», заявіла адвакат.

З боку Віктара Рукшы хацелі заявіць сведку — Віктара Мойшу, якога падчас папярэдняга разгляду справы не было ў горадзе. Паводле звестак у «Заказной книге», ён закупляў у Рукшы запчасткі. Суддзя не дазволіў гэтага зрабіць, бо ён не быў заяўлены сведкам раней.

УДФР аб канфіскацыі праграмы: «Такая ўдача не так часта здараецца»

Супрацоўнікі УДФР не пагадзіліся з довадамі ТАА «Рукша». «А тое, што гэта ["Заказная книга» — Hrodna.life] - неафіцыйная праграма, мне дзіўна чуць ад іншага боку. А што, для ўліку выручкі павінна быць афіцыйная праграма? Нам і так пашанцавала, што мы яе паспелі выняць і далі ацэнку. Такая ўдача не так часта здараецца". Высновы зробленыя правільна, ацэнка судом першай інстанцыі была аб’ектыўнай, сказаў супрацоўнік УДФР ў судзе.

У выніку судовая калегія пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без змянення, апеляцыйную скаргу — без задавальнення.

Выручка, якой няма

15 лютага судовы працэс аб ліквідацыі арганізацыі аднавілі. Ісцом па справе была інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Кастрычніцкім раёне Гродна. Ліквідавалі фірму на падставе акта праверкі УДФР за сістэматычныя парушэнні заканадаўства. Гаворка ідзе аб парушэнні закона ў частцы выплаты падаткаў і парушэнні працы з касавым абаротам.

 — У фірмы ўсяго чатыры парушэнні, — адзначыла суддзя Наталля Карых.

 — Але яны з’яўляюцца тыпавымі і сістэматычнымі, — адказаў на гэта супрацоўнік падатковай.

Апісаць запчасткі са склада ва ўлік аплаты запазычанасці прадстаўнікі падатковай адмовіліся, бо маёмасці «шмат» і ідэнтыфікаваць яе «не ўяўляецца магчымым». Віктар не згодны: па яго словах, у яго ўсё прамаркавана — усё «па ячэйках, стэлажам, нумарах». Фірма падала скаргу на дзеянні падатковай і вышэйстаячая інспекцыя пагадзілася: ІМПЗ па Кастрычніцкім раёне доўгі час не давала магчымасці для аплаты доўгу наяўных маёмасцю.

Падчас судовага пасяджэння аказалася, што ў акт праверкі УДФР ад 25 жніўня 2021 года ўнеслі дапаўненні. Сума, на думку падатковай, «нязначна» паменшылася — на 19 947 рублёў. Згодна з дакументамі, запазычанасць фірмы падаткаў складае 496 481 рубля 20 капеек, пеня — 154 143 рублі 90 капеек. У суму ўносілі змены пасля пераліку адваката прадпрымальніка.

Ліквідавалі фірму гродзенца, які паскардзіўся на сілавікоў. Ён чатыры разы абскарджаў рашэнні дзяржкантролю
Фота візіту сілавікоў паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. Скрыншот Hrodna.life

«Пахаваецца справа ўсяго жыцця»

Прадстаўнікі ТАА «Рукша» былі катэгарычна не згодныя з інспекцыяй. У іх выпадку па падатковаму заканадаўству маёмасць, гэта значыць рэшткі са склада, павінны былі арыштаваць і ўзяць у выплату доўгу. Ліквідацыя ў судзе жа з’яўляецца «выключнай мерай уздзеяння» за парушэнні заканадаўства. Да таго ж, у Віктара маецца тавар, а праца крамы будзе спрыяць пагашэнню запазычанасці.

«Ліквідацыя не будзе спрыяць рэальнаму выкананню падатковага абавязальніцтва ТАА „Рукша“. А проста пахаваецца справа ўсяго жыцця дырэктара, заснавальніка — адным росчыркам пяра. Толькі таму, што падатковы орган палічыў немэтазгодным правядзенне арышту. < … > Ён хоча працягваць сваю дзейнасць. Ён хоча заплаціць у бюджэт пэўныя сумы і будзе паралельна абскарджваць. Але дайце працаваць! Калі бізнэс будуецца ўсё жыццё — гэта тое ж самае, што забіць — прабачце мяне — дзіця сваё», — лічыць адвакат.

 — Колькасць даналічаных падаткаў - 20% ад той выручкі, што ў вас маецца. Навошта такім складаным спосабам [аплаціўшы доўг пакінутымі на складзе запчасткамі - Hrodna.life] вы спрабуеце ліквідаваць [запазычанасць]? Якія перашкоды ў прадпрыемства цяпер часткова пагасіць [запазычанасць] і працягнуць працу? Атрыманыя чатыры мільёны, — спытала суддзя.

 — Дык няма гэтай выручкі! — спрабаваў растлумачыць Віктар. — Вы ўяўляеце, што такое зарабіць 1,5 млн за год з нацэнкай у 30%?

 — Для таго, каб зарабіць такую суму, яму трэба было ўсталяваць гандлёвую ацэнку 600%. Гэта сведчыць аб тым, што УДФР неабгрунтавана правёў разлік, — лічыць адвакат.

Цяпер дзейнасць крамы афіцыйна прыпыненая. Працу немагчыма працягваць з-за таго, што памяшканне крамы апячатанае. Супрацоўнікі падатковай адказваюць, што будынак апячаталі, каб забяспечыць захаванасць тавару.

Суддзя выслухала пазіцыі і прыняла рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Абавязацельствы па ліквідацыі ўсклалі на Віктара Рукшу. Ён збіраецца абскардзіць акт УДФР, на падставе якога фірму ліквідавалі, у Вярхоўным судзе. Пасяджэнне яшчэ не прызначана.

22 лютага следчы па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да прадпрымальніка, па прозвішчы Качан выклікаў Віктара ў Следчы камітэт. Бізнэсмэна заключылі пад варту. Па словах жонкі, гэта звязана з тым, што Віктар адмовіўся быць адказным за ліквідацыю фірмы.