За рамонт вадаправода 89-гадовая гродзенка Марыя Ківер атрымала ад Гроднавадаканала рахунак на 1877 рублёў. Жанчына аддала ўсе свае грошы, але не змагла аплаціць яго цалкам Зараз гэтую справу разбіраюць у судзе Кастрычніцкага раёна. Вадаканал патрабуе пагасіць доўг. Абаронца пенсіянеркі гаворыць, што дагавор заключылі з парушэннямі, і разлічвае знізіць суму. На дадзены момант Марыі Ківер трэба аддаць за рамонт 977 рублёў.

«Плакала цэлу ноч, як узнала цэну. Што мне рабіць, дзе грошы адшукаць? Каб малодша была, то, можа, адалжыла б. А так людзі думаюць: сёння жыве, а заўтра памрэ», — распавядае Hrodna.life Марыя Ігнацьеўна. У доме ў 4 Далёкім завулку, што на Палестыне, яна жыве адна. Муж Аляксей памёр сем гадоў таму, дзяцей у іх не было.

Аварыя, з-за якой пачаўся суд, здарылася ў кастрычніку 2019 года. На праезнай частцы з’явілася вада, яна падтапіла ўчастак суседа. Той звярнуўся ў Гроднавадаканал. Пасля раскопак высветлілася, што цячэ труба, якая вядзе да дому Марыі Ігнацьеўны. Грошаў на дарагі рамонт у пенсіянеркі не было, і працаўнікі вадаканалу перакрылі ваду. Бабуля распавядае, што ёй прапанавалі хадзіць на калонку на суседняй вуліцы.

«Сем месяцаў была ў хаце без вады. Ой, сколько я ўплакала. Ні памыцца, ні напіцца — нічога. Вазьму бутылачку і іду кіламетр. Прынясу, суп звару. Я ж вядро не дацягну з гэтай палкай».

«Няма такога механізму, каб спісаць гэты доўг». Гроднавадаканал судзіцца з 89-гадовай бабуляй з-за недаплаты за рамонт трубы
Калонка спачатку была зламаная. Пасля звароту ў пракуратуру яе адрэмантавалі. Да гэтага ваду з Каробчыц прывозіла пляменніца Наталля. Фота: Наталля Старавойт

З просьбай аднавіць водазабеспячэнне 89-гадовая гродзенка звярталася ў пракуратуру, гарвыканкам, Міністэрства ЖКГ і адміністрацыю прэзідэнта. Ва ўсіх адказах чыноўнікі патлумачылі, што рамантаваць трубу, па законе, жанчына павінна за свае грошы.

«Труба пацякла не ў мяне, а ў праезнай часці, чаму я далжна атвечаць за гэта? Тут жа аўтобус ходзіць, фуры гружоныя, зямля асела», — здзіўляецца Марыя Ігнацьеўна. І разважае, што спраўна плаціць за ваду, а значыць, і за працу вадаканала.

«Пазваніла інжэнеру, гавару: скока вы будзеце нада мной іздевацца без вады? А он сказал: пішыце заяўлене. І вот яны тады прыехалі ўжо, правялі, пусцілі воду».

«Няма такога механізму, каб спісаць гэты доўг». Гроднавадаканал судзіцца з 89-гадовай бабуляй з-за недаплаты за рамонт трубы
Марыя Ігнацьеўна — інвалід другой групы, ветэран працы, 23 гады працавала на абутковай фабрыке

Рамонт вадаканал рабіў у траўні 2020 года. Па словах Марыі Ківер, яна разумела, што гэта будзе дорага, але не ведала дакладную суму. Разлічвала, што зможа аплаціць палову, таму што ў яе ёсць зніжка за камунальныя.

«Я ж не віжу нічога, што яны там напісалі. Два гады адвучылася — у дзярэўні была школа, первые і вторые класы. А патом нада было пяць кілометраў хадзіць пяшком, дзе ж я магла хадзіць. Шэсцера дзяцей было ў хаце, якое там абразаване».

Марыя Ігнацьеўна распавядае, што вырасла ў вёсцы, працаваць пайшла ў 16 гадоў, бо сям’я была бедная. У Гродна пераехалі ў канцы 50-х. Муж працаваў грузчыкам на заводзе, а яна — у клеевом цэху на абутковай фабрыке.

«23 года адмалаціла на той абувной. І благадарнасці былі. Пешком туда бегала, тут было поле, аўтобусаў не было». Дом Ківеры пабудавалі самі ў 1963 годзе. У 80-я на Палестыну правялі ваду, а пазней і каналізацыю.

«Ну вот цяпер, кажаццца, ужо бы жыць, так вот вада начала рваць». Па словах пенсіянеркі, гэта не першая аварыя. У 2001-м муж мяняў трубы. У 2015 годзе вадаправод зноў пацёк, тады яго проста перавязалі.

«Няма такога механізму, каб спісаць гэты доўг». Гроднавадаканал судзіцца з 89-гадовай бабуляй з-за недаплаты за рамонт трубы
Кожны дзень пенсіянерка спускаецца ў склеп, каб праверыць новую трубу. Узімку накрывала яе старой вопраткай: уваход зрабілі на метр вышэй, чым раней, і Марыя Ігнацьеўна перажывала, каб труба не прамерзла

«Пенсія мая 400 рублей. Заплачу за услуги, накупляю лекарства і еле дажыву. Другі раз дажэ не астаецца 200 рублей на еду. За камунальныя 118, на лекартсва — да 100 рублей. Ад даўленя таблеткі, ад сэрца, ад печані. А ногі…»

Восенню 2020 года Марыя Ігнацьеўна аплаціла частку доўгу — 900 рублёў. Вырашыла аддаць усе грошы, якія збірала на сваё пахаванне. З пенсіі на аплату рамонту атрымоўвалася адкладаць па 10−20 рублёў. «Ну што я магу з гэтай хаты прадаць? Кавёр? А хто яго купіць? Як рабілі, то хрусталяў панакуплялі - можа, хрусталь?»

Вадаканал: няма механізму, каб спісаць гэты доўг

Аварыя у 2019 годзе здарылася на ўчастку, які вядзе ад цэнтральнага вадаправода да прыватнага дома. Паводле беларускіх законаў, даглядаць і рамантаваць такія трубы павінен сам спажывец. Вадаканал адказвае за цэнтральную сетку, растлумачыў Hrodna.life галоўны інжынер прадпрыемства Алег Саковіч.

Супрацоўнікі Гроднавадаканала, са свайго боку, спрабавалі адшукаць выйсце. Прапаноўвалі зрабіць растэрміноўку на год, хоць па правілах яе даюць на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, не выстаўлялі пеню.

«Мы ж разумеем яе сітуацыю, гатовыя ісці насустрач. Хацелі прывезці ў двор бочку з вадой, калі перакрылі вентыль. Але яна адмовілася». Ваду адключылі ў тым ліку каб пазбегнуць уцечкі, якую таксама прыйшлося б аплачваць бабулі.

«Няма такога механізму, каб спісаць гэты доўг, — тлумачыць Алег Саковіч. — Для арганізацыі гэта пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. Ад нас патрабуюць такіх запазычанасцяў не дапускаць. Калі не прымаць ніякіх мер — таксама будуць пытанні. Ад гэтага залежаць зарплаты і прэміі. У канчатковым выніку матэрыяльная адказнасць ляжа на нашых работнікаў «.

Гронавадаканал накіраваў у адрас Марыі Ківер прэтэнзію. Не атрымаўшы аплаты, вымушаны быў падаць у суд.

«Ніякіх парушэнняў з нашага боку я не бачу. Была заява, дагавор падпісалі, працы выканалі. Нічога лішняга не прыпісвалі, кошты не завышалі», — кажа Алег Саковіч.

Што ўвайшло ў рахунак на 1877 рублёў

Сума ў дагаворы складаецца з кошту матэрыялаў і выкананых работ. Работнікі Гроднавадаканала замянілі старую трубу, усталявалі на ўрэзцы калодзеж, аднавілі разбураны падчас рамонту асфальт. Таксама ў гэтую суму ўвайшлі транспартныя выдаткі і аплата дазволу гарвыканкама на правядзенне земляных работ.

Юрыст: цана ў дагаворы завышаная

Гроднавадаканал падчас рамонту парушыў правы спажыўца, лічыць старшыня Таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор» Алег Калінкоў. Ён прадстаўляе ў судзе пенсіянерку. На яго думку, сума ў дагаворы выстаўлена неабгрунтавана, паколькі бакі не згадзіліся па цане. Пра гэта, у прыватнасці, кажа тое, што на частцы дакументаў, у тым ліку на першай старонцы дагавора (дзе напісана сума), няма подпіса Марыі Ігнацьеўны.

Калінкоў адзначае, што першапачатковая смета складзеная на меншую суму — 1503 рубля. Пасля ў дагавор дадалі выдаткі на аднаўленне асфальту. У такіх выпадках, па законе, трэба пісьмова папярэдзіць спажыўца аб павелічэнні кошту.

У некаторых работах, на думку юрыста, не было неабходнасці. Напрыклад, можна было не вывозіць грунт з участка. «Вадаканал не думаў пра тое, як эканоміць грошы для бабулі, як зрабіць так, каб пазбегнуць лішніх выдаткаў. Ёй на даступным узроўні не патлумачылі, што менавіта будуць рабіць, якія для гэтага патрэбныя матэрыялы і колькі гэта каштуе».

Алег Калінкоў падаў сустрэчны пазоў да Гроднавадаканалу, у якім просіць суд паменшыць доўг і выплаціць пенсіянерцы маральную кампенсацыю.

Прадстаўнікі Гроднавадаканала на судзе не пагадзіліся з прэтэнзіямі. Азначылі, што імкнуліся рабіць рамонт эканомна. Вусна тлумачылі жанчыне віды і парадак работ. Пра цану паведамілі загадзя, але пенсіянерка некалькі разоў мяняла рашэнне. Спачатку не хацела аплачваць, потым пагадзілася, а пасля рамонту зноў адмовілася.

Чым можа дапамагчы дзяржава?

У цяжкіх жыццёвых абставінах пенсіянеры маюць права на матэрыяльную дапамогу, патлумачыла Hrodna.life загадчыца аддзялення адраснай сацыяльнай дапамогі і падтрымкі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Таццяна Адаменя. Выплату могуць зрабіць не часцей аднаго разу на год. Па заканадаўстве яна не павінна перавышаць адзін бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (262 рубля 87 капеек). У выключных выпадках — да трох бюджэтаў.

Каб атрымаць дапамогу, трэба напісаць заяву ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і абгрунтаваць, чаму ўзнікла неабходнасць, дадаць дакументы. Прымаць рашэнне будзе камісія. Грошы вылучаюць з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пры наяўнасці сродкаў.

«Для нас у першую чаргу мае значэнне, ці гэта самотны чалавек, ці ёсць у яго інваліднасць», — кажа Таццяна Адаменя. Паводле яе, у Марыі Ігнацьеўны ёсць падставы звярнуцца па дапамогу нават калі суд вынесе рашэнне на яе карысць.