Студэнт гістфака Аляксандр Перагудаў, вядомы сваімі графічнымі дызайнерскімі праектамі, выклаў у Facebook другую частку праекта «Сустрэча стагоддзяў». Гэта выстава фотамантажоў, дзе спалучаныя сучасныя здымкі Гродна і выявы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

«Першая частка праекта, якая выйшла ў 2014 годзе, далёка не поўнасцю раскрыла тэму страчанай спадчаны, — піша Аляксандр. — Будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі вуліцы, плошчы Гродна і былі маўклівымі сведкамі многіх падзей з гісторыі горада, зараз страчаныя ў часе. Вір стагоддзяў не заставіў ім шанцаў захавацца — горад перабудоваўся і змяняў свой твар».

Аўтар кажа, што праект «Сустрэча стагоддзяў» дае мажлівасць літаральна стаць падарожнікамі ў часе і прайсціся па вуліцах даўняга Гродна.