Валерыя Латаш надзела на вяселле белы касцюм, узяла чырвоныя ружы і сама купіла два залатыя заручальныя пярсцёнкі. Муж прыйшоў на ўрачысты роспіс у швэдры і спартыўных штанах. Яшчэ раніцай 5 траўня ён не ведаў, што ў гэты дзень у яго будзе вяселле. Палітвязень Міхаіл Юдзін выйшаў з камеры халастым, а вярнуўся жанатым. Яго чакае чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Валерыю і дзвюх дачок пары — чатыры гады чакання. Журналістка Hrodna.life запісала гісторыю адносін пары і іх незвычайнага вяселля.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Валерыя і Міхаіл разам ужо 15 гадоў. «Жылі і жылі. Не грузіліся пячаткай у пашпарце. Зараз гэта стала неабходна чыста юрыдычна, — распавядае Валерыя. — Інакш у калонію не прымуць ад мяне перадачы і нам не дазволяць спатканні».

Валерия и Михаил вместе уже 15 лет. До ЗАГСа они так и не дошли. Пока Михаил не оказался в тюрьме. Фото из семейного архива Валерии Латош
Валерыя і Міхаіл разам ужо 15 гадоў. Да ЗАГСа яны так і не дайшлі. Пакуль Міхаіл не апынуўся ў турме. Фота з сямейнага архіва Валерыі Латаш

За што асуджаны Міхаіл Юдзін

Міхаіла Юдзіна, Міхаіла Яфімовіча, Вадзіма Хіжнякова і Андрэя Севертоку судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 27 верасня. Гэты працэс у Гродне называлі «справай Галактыкі».

Юдзіна абвінавацілі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Абодва пацярпелыя міліцыянты звярнуліся ў суд з просьбай разглядаць справу, не паказваючы іх.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» 7 красавіка прызнаў усіх чацвярых асуджаных па «справе Галактыкі» палітычнымі зняволенымі.

Ад заручын да вяселля

Зараз на безыменным пальцы Валерыі - залаты заручальны пярсцёнак. Побач — іншы, з каменьчыкамі. «Яго Міша падарыў на маё 30-годдзе, калі прасіў у маіх бацькоў „рукі і сэрца“». Цяпер і яна надзела на яго руку пярсцёнак. Праўда, яго давялося пасля рэгістрацыі забраць назад. У камеру пайсці c пярсцёнкам не дазволілі.

расписаться в тюрьме с политзаключенным
З 5 траўня ў Валерыі два пярсцёнкі на правай руцэ. Аднаму ўжо больш за 10 гадоў. Міхаіл падарыў яго ў гонар заручын. Другі - шлюбны. Фота: Ірына Новік

На ўсю папяровую валакіту сышло каля двух тыдняў, узгадвае Валерыя. На шлюб трэба было прасіць дазволу ў суддзі. Гэты дакумент перасылалі ў турму. Адтуль дадзеныя адправілі ў ЗАГС і толькі пасля гэтага ад Валерыі прынялі заяву на рэгістрацыю шлюбу.

Распісвалі пару ў турме. «Мабыць, гэта памяшканне, дзе зняволеныя стасуюцца з адвакатамі», — распавядае Валерыя. Там не было звыклых ужо перагародак і тэлефонаў за шклом. Проста невялікі кабінет, і ў ім «клетка». Прыкладна метр на метр шырынёй, з кратамі ад падлогі да столі. «Калі я ўвайшла, Міша стаяў у гэтай клетцы. Пакойчык, клетка і ён у гэтай клетцы, разумееце? Падышла, за руку яго ўзяла, праз краты. Потым прыйшоў дзяжурны, адкрыў, выпусціў. Пакуль дакументы запаўнялі, пагаварылі трошкі».

Свидетельство о браке, которое семье вручили за воротами тюрьмы. Фото: Евгений Бузук, свадьба в тюрьме Гродно
Пасведчанне аб шлюбе, якое сям'і ўручылі за брамай турмы. Фота: Яўген Бузук

У астатнім, лічыць Валерыя, адносіны застануцца ранейшымі: «Не будзе нейкага пераломнага моманту. Я і так заўсёды казала, што ён мой муж. Ён таксама называў мяне жонкай. Паміж намі нічога не памянялася. Проста сёння ў нас свята».

Прыехаў, выбары, і вось…

Валерыя распавяла і пра тое, што Міхаіл — майстар спорту па плаванні. Са спорту сышоў праз траўму, але майстарскі значок захоўваецца дома да гэтага часу. «Званне Міша атрымаў, калі бела-чырвона-белая сімволіка была дзяржаўнай. Яго значок з БЧБ».

Валерия с друзьями у тюрьмы в день свадьбы, 5 мая. Фото: Евгений Бузук, раписаться с тюрьме с политзаключенным
Валерыя з сябрамі ля турмы ў дзень вяселля, 5 траўня. Фота: Яўген Бузук

Пра Міхаіла яна кажа больш за ўсё. Распавядае, што ён ўмее рабіць літаральна ўсё — увесь дом трымаецца на яго залатых руках. «Плітку пакласці, вокны памяняць — ён усё ўмее. Дзеці былі маленькія — памперсы мяняць, пераапрануць — без праблем. Я прыйшла дадому стомленая — сам вячэру прыгатуе. Дзесьці з сябрамі сабраліся — Мішы не відаць — а ён ужо ўсіх дзяцей сабраў і ў футбол з імі гуляе».

Михаил Юдин дома, с рыжим любимцем семьи. Фото из семейного архива Валерии Латош
Міхаіл Юдзін дома, з рудым улюбёнцам сям'і. Фота з сямейнага архіва Валерыі Латаш

Некалькі апошніх гадоў Міхаіл працаваў за мяжой, у Швецыі. «Планавалі адрамантаваць дзядулін дом, трэба было зарабляць грошы», — кажа Валерыя. У Гродна Юдзін вярнуўся ў час пандэміі. «Прыехаў, застаўся, потым выбары — і вось…»

«Вядома, на цырымоніі мяне на слязу прабіла трошкі», — узгадвае Валерыя. Так прыгожа ўсё было, такія прыгожыя словы нам рэгістратар казала. Я вельмі сентыментальная. Трымалася толькі праз макіяж. Калі б не гэта, разревелася б".

У выхода из тюрьмы Валерию поздравляют гродненки. Фото: Евгений Бузук
Ля выхаду з турмы Валерыю віншуюць гродзенкі. Фота: Яўген Бузук

Пра свае падрыхтоўкі да вяселля Валерыя распавядае, як пра шэраг падарункаў і прыемных сюрпрызаў. Аднакласніца, візажыстка, як даведалася пра вяселле, сама патэлефанавала, прапанавала зрабіць вясельны макіяж. Яе калега зрабіла манікюр. Нават вясельны букет ёй перадалі ў падарунак. «Калі ішла ў турму на роспіс, там нас таксама чакалі людзі - віншавалі. Дзякуй гродзенцам за гэтае свята».

З несвяточных зменаў у жыцці Валерыі - страта працы. У лютым з ёй не працягнулі кантракт. Яна была юрысткай у адной з гродзенскіх паліклінік. Пасля выбараў 2020 года выйшла з прафсаюзу. «Я амаль 19 гадоў прапрацавала ў ахове здароўя і зараз засталася без месца. Сказалі - рыхтуецца скарачэнне, для паліклінікі два юрысты — гэта занадта шмат. Але праз некалькі месяцаў ўзялі іншага чалавека».

З дзяцінства жылі ў суседстве

Валерыя і Міхаіл у дзяцінстве жылі ў суседстве і хадзілі ў адну школу. Нават першая настаўніца ў іх была адна і тая ж. «У нас розніца ў чатыры гады. Гражына Уладзіміраўна клас Мішы выпусціла і ўзяла наш», — кажа Валерыя. Але пазнаёміліся яны ўжо пасля школы. Сустракаліся кароткі час, а потым шляхі разышліся. У Міхаіла была іншая сям’я, потым развод. З Валерыяй яны зноў сталі сустракацца ўжо дарослымі.

Адно жаданне на ўсіх

Дома Валерыю чакалі з віншаваннямі дочкі Маша і Даша. Старэйшай зараз 12, малодшай 8. «Мы ад іх нічога не ўтойваем, — кажа Валерыя. — Дзеці ведалі, і што мама з татам не распісаны, і што тата ў турме. Брала кожную з іх з сабой да яго на спатканне».

«Вядома, дзяўчынкі сумуюць без таты», — распавядае Валерыя. Яны пішуць яму лісты і майструюць самаробныя паштоўкі. На Новы год, які ў гэты раз сустракалі толькі з маці, яны загадалі па два аднолькавыя жадання: каб выпусцілі тату і каб дазволілі ўзяць сабаку з прытулку. «Астатняе ў нас усё ёсць», — дадала старэйшая з дзяўчынак, Маша.

Валерыя прызнаецца — у яе сілах было выканаць толькі адно жаданне. Цяпер у іх ёсць сабака Моніка, па-хатняму Моня. Тата застаецца ў турме. «Мы падалі на апеляцыю, цяпер чакаем суда».

Валерия у стен тюрьмы, в день свадьбы 5 мая
Валерыя ля сцен турмы, у дзень вяселля 5 траўня

— Сапраўднае вяселле ў нас будзе з вянчаннем, — сказаў Міхаіл Валерыі на развітанне. — Ужо на волі.

— А што вы сказалі ў адказ?

— Люблю, цалую, што табе прынесці.

Чытайце таксама:


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай.

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.