Ігар Мядзведзеў піша музыку да трэцяй ночы, валодае многімі інструментамі і можа граць без падрыхтоўкі. Ён працаваў джазавым піяністам у Чэхіі, на яго выступы ў Адэсе ехалі з іншых гарадоў, а жыць ён хоча ў Гродне. Тут, на яго думку, «ідэальная культура». Карэспандэнткі Hrodna.life даведаліся, што прыцягнула яго ў Гродна.

У Адэсе беглі на выступ, а ў Гродне ганяла міліцыя

«А вы мяне фатаграфаваць будзеце? Я ў такім непрацоўным выглядзе. Непрыгожа», — пераймаецца Ігар.

Ігар рэпетуе па 5−6 гадзін на дзень, а да трэцяй ночы піша музыку на кампутары. Кожны дзень — новая праграма. «Мне трэба ведаць розныя інструменты і разбірацца ва ўсіх партыях», — кажа ён. Мядзведзеў - прафесійны музыка. Вучыўся ў музычнай школе і скончыў музвучэльню па класе баяна. Выкладаў у музычнай школе. Грае на фартэпіяна і электрагітары. Выконвае класіку, займаецца вакалам, але больш падабаецца рок-музыка і джаз.

Ігар можа сыграць любую мелодыю без падрыхтоўкі, на слых. «Навушнік устаўляючы ў адно вуха, а другое — свабодна, каб чуць. І так граю» — кажа музыкант. Галасавы дыяпазон дазваляе яму спяваць і жаночыя партыі.

Любіць рок, джаз і Гродна. Вулічны музыка знайшоў "ідэальную культуру" і хоча застацца тут
Ігар Мядзведзеў - прафесійны музыка. Раней граў у розных гарадах і краінах. Зараз ездзіць па Беларусі і грае на вуліцах

Сваю скрадзеную гітару знайшоў у інтэрнэце

Да каранціну Ігар працаваў у розных гарадах і краінах. У Чэхіі - джазавым піяністам. Кажа, там больш грашовая публіка. Атрымліваў каля 1500−2000 кронаў на дзень (каля $ 100. — Заўв. Hrodna.life). У Гродне заробак у разы меншы.

У студзені Ігар жыў у Адэсе і карыстаўся поспехам у слухачоў. Людзі бачылі, як ён грае і «беглі» слухаць ужывую. У асноўным музыка выступаў на Дзерыбасаўскай пад дахам былога кафэ і на Прыморскім бульвары. «Куды вы збіраецеся? Мы прыехалі вас паслухаць з іншага горада», — успамінае Ігар, як да яго падыходзілі адпачывальнікі. А ў Гродне каля ЗАГСа на Віленскай мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю, бо ім замінала музыка.

Любіць рок, джаз і Гродна. Вулічны музыка знайшоў "ідэальную культуру" і хоча застацца тут
Часцей за ўсё Мядзведзеў грае рок. Любую мелодыю можа падабраць на слых

Пасля аднаго вулічнага выступу ў Ігара скралі гітару «Ibanez». Мясцовыя жыхары падказалі, каб ён паглядзеў аб’явы на фэйсбуку. Праз пяць дзён інструмент знайшоўся ў адной з аб’яў і неўзабаве вярнуўся да гаспадара.

Калегі не супраць

На думку Аляксандра Краўчука, гродзенскага гітарыста і джазмена, зараз многія прафесіяналы выходзяць граць на вуліцы. «Я сам граў у пераходзе ў Мінску студэнтам цэлых два гады. У Гродне я быў першым, хто выцягнуў джаз на вуліцы горада. У пачатку 2000-х мы з хлопцамі (саксафон, кантрабас, гітара, барабаны) вельмі часта на святах і гуляннях гулялі на вуліцы Савецкай».

Чытайце таксама: Зачем беларусам слушать джаз? Алекс Кравчук сыграет в Гродно о жизни, любви, звёздах и пингвинах

Краўчук называе сябе піянерам вулічнай і духавой музыкі ў Гродне. Яго радуе, калі тут можна пачуць адукаваных і прафесійных музыкаў.

«Я зусім не супраць вулічнага мастацтва, калі яно выглядае годна. Але калі чую і бачу людзей, якія гарлаюць міма нотаў і ад якіх пахне гарэлачкай, і яшчэ за гэта цягнуць грошы з людзей, працягваючы шапку, я пачынаю ставіцца адмоўна».

У Мінску — дарагое жыллё, а ў Гродне — ідэальная культура

Цяпер музыка падарожнічае па Беларусі і шукае месца, дзе зможа «асесці». Ігар раней жыў у Смалявічах Мінскай вобласці, але там не склалася. Прадаў кватэру і пераехаў у Мінск на здымную. Аказалася — дарагое жыллё, вялікі паток людзей і шмат музыкаў: «У Мінску мне свецяць толькі пераходы метро, дзе пастаянныя скразнякі». Адзін з самых запатрабаваных для музыкаў раёнаў - Каменная горка. Але ўсе добрыя кропкі і станцыі там «схопленыя», і музыкі граюць па часе — кожныя два гадзіны мяняюцца.

Любіць рок, джаз і Гродна. Вулічны музыка знайшоў "ідэальную культуру" і хоча застацца тут
У Мінску ўсе добрыя кропкі «схопленыя», а ў Гродне — канкурэнтаў няма

Пошук свайго месца Ігар пачаў з Брэста. Там была «крутая» сцэна — можна падключыць разетку і выйсці з апаратурай. Музыку заўважыў мясцовы блогер і распавёў пра яго на сваім канале.

Любіць рок, джаз і Гродна. Вулічны музыка знайшоў "ідэальную культуру" і хоча застацца тут

Тыдзень таму Мядзведзеў прыехаў у Гродна. Адзначае, што тут любяць рок і горад вельмі радуе сваёй культурай. «Яна ідэальная, як на Захадзе. Дзяўчынкі гуляюць нават позна ўначы, не баючыся. Шмат ветлівых людзей, п’яных няма. Гэта адзін з найлепшых гарадоў Беларусі. Людзі любяць і ўспрымаюць рокавую музыку. І канкурэнтаў у мяне тут няма».

Час — грошы

Ігар кажа, што хацеў бы застацца ў Гродне. Ён прыглядаецца да жылля і шукае сталую працу — для стажу. Як прафесійны музыка, ён марыць пра прадусара або фундатара. Тады на творчасць у музыкі было б больш часу.

Пакуль усё даводзіцца вырашаць самому. Заканчваючы размову, музыка зноў бярэцца за гітару. Для вулічнага артыста час — грошы.