Чарговы выпуск з цыклу кароткіх відэаэкскурсій па Гродне прысвечаны будынку, які пасля дзесяцігоддзяў запусцення дачакаўся рэканструкцыі.
Чытайце таксама: Чаму вежы на доме купца Мураўёва пафарбавалі ў блакітны колер?
Так званы дом купцоў Мураўёвых пабудаваны паміж 1892 і 1899 гадамі.
Пляцам, дзе ён стаіць, на канец ХІХ стагоддзя валодалі купцы Мураўёвы. Згодна з Інай Соркінай, у 1886 годзе ім валодаў купец Іван Мураўёў, у 1910 годзе — купцы Васіль Іванавіч і Мікалай Іванавіч Мураўёвы.
Магчыма, будынак праектаваў той самы архітэктар, які аднаўляў пасля пажару вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай — Маісей Любіч.
![Экскурсія (вакол) аднаго дома. Дом купца Мураўёва](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2018/12/7.-shkola-heure-alshyih.-praektnyi-plan-1900-g..jpg)
Пад будынкам знаходзяцца шматузроўневыя падвалы, якія адносяць да больш ранніх часоў.
Будынак быў багата аздоблены звонку і ўнутры. На вежках знаходзіліся гербавыя шчыты (відаць, гіпсавыя). Адзін са шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў. Уздоўж даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х.
Багатым было і ўнутранае аздабленне: некалькі кафляных печак, ляпніна, каваныя дэталі.
![Экскурсія (вакол) аднаго дома. Дом купца Мураўёва](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2018/07/intereryi-doma-kupca-murauyova.-1980-ya-gg-2.jpg)
Дом Мураўёвых ад моманту пабудовы да нядаўняга часу быў пафарбаваны ў чырвоны колер.
Доўгі час, каля 40 гадоў, у будынку месцілася абласная бібліятэка, якая ў 90-х гадах пераехала ў Новы замак.
З таго часу будынак знаходзіцца на рэстаўрацыі. На жаль, за гэты час было страчана амаль усё шыкоўнае ўнутранае аздабленне дома.
![Экскурсія (вакол) аднаго дома. Дом купца Мураўёва](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/ru/wp-content/uploads/2020/05/%D0%B4%D0%BE%D0%BC_4-1024x683.jpg)
Зараз дом купцоў Мураўёвых перабудоўваюць пад гатэль. Спадзяемся, новыя гаспадары зробяць добрую рэканструкцыю будынка, які ўпрыгожвае цэнтр горада.