Сёлета ў Гродне будзе адзначацца 35-годдзе мясцовай незалежнай журналістыкі. Дата досыць умоўная — яна вядзецца ад першых самвыдатаў, якія з’явіліся ў горадзе напярэдадні вялікіх перамен ва ўсёй краіне. HrodnaMediaRoom вырашыў нагадаць пра гэта цыклам інтэрв'ю з вядомымі журналістамі, якія шмат зрабілі для станаўлення свабоды слова ў Гродне.

Суразмоўцам HrodnaMediaRoom стаў Вітаўт Руднік, адзін з заснавальнікаў вядомага не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі ГА «Цэнтр Трэці сектар». У пачатку 1990-х ён актыўна займаўся журналістыкай, а пасля стварыў вядомую Школу маладога журналіста.

Мы паразмаўляем пра тое, ці патрэбна журналісту журналісцкая адукацыя, тым больш — нефармальная, ці з’яўляюцца сённяшнія беларускія ўніверсітэты інтэлектуальнымі турмамі, і чаму першыя наборы ШМЖ выпускалі ў прафесію дзясяткі чалавек, а сёння такіх — адзінкі.

«Гэта быў час, калі людзі верылі, што могуць змяніць штосьці да лепшага, а ва ўладаў не было ўстаноўкі закрыць усім рот»

Вітаўце, як і калі ты зацікавіўся журналістыкай?

Гэта быў хіба год 1982, калі ў школе я пачаў удзельнічаць у розных журналісцкіх конкурсах і зразумеў, што мне гэта прафесія цікавая. Прафесійны інтарэс да журналістыкі з’явіўся ў канцы 1980-х, калі, паступіўшы ва ўніверсітэт, я пачаў пісаць для розных выданняў. Спачатку ў фармаце «ліст у рэдакцыю» — мой першы артыкул быў надрукаваны ў «Звяздзе». Затым пачаўся актыўны перыяд супрацы са спартыўнай прэсай у пачатку 90-х. І лагічным крокам стала сталая праца ў рэдакцыі газеты «Пагоня».

Наколькі я ведаю, «Гродзенская праўда» тады і зараз — гэта дзве розныя рэчы. Якімі былі газеты, з якімі супрацоўнічаў ты? Тая ж «Звязда», напрыклад.

Варта памятаць, што канец 1980-х — гэта быў перыяд так званай галоснасці і перабудовы. Таму гэтыя газеты былі, па сённяшнім меркам, дастаткова дэмакратычнымі. Мой ліст, які быў надрукаваны ў «Звяздзе», быў прысвечаны вострым гістарычным тэмам — рэпрэсіям, БНР і г. д. Думаю, сённяшняя «Звязда» такі артыкул не надрукавала б.

Гэта былі газеты цікавыя, паколькі ў той час яны разам з тэлебачаннем былі адзінымі крыніцамі інфармацыі. Плюс быў вялікі выбар: нехта купляў «Звязду», нехта «ЛіМ», іншыя выданні. Была рэальная канкурэнцыя паміж выданнямі за інтарэс з боку чытачоў.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціцьТы займаўся футболам. У цябе адтуль інтарэс менавіта да спартыўнай журналістыкі?

Заняткі спортам былі аматараскага характару. Хаця ў 15−16 гадоў я рэальна марыў, што паступлю ў інстытут фізкультуры. Інтарэс да спартыўнай журналістыкі звязаны з гэтым, а таксама з маім інтарэсам да гісторыі футбола, футбольнай статыстыкі.

Усё гэта было навеяна рамантыкай перамогі мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце Савецкага Саюза ў 1982 годзе. Плюс у мяне была сяброўская кампанія, якая таксама цікавілася гэтымі тэмамі, таму я рабіў тое, што мне падабалася. Выданні «Прэсбол» і «Футбол Беларусі» з’явіліся на пачатку 1990-х і мелі патрэбу ў аўтарах. Карты склаліся: быў мой інтарэс і інтарэс з боку выданняў у аўтарах, у тым ліку такіх як я.

Такіх як ты — што ты маеш на ўвазе?

Маладых, галодных да тэмаў, гатовых дзень і ноч працаваць з лічбамі і фактамі, шукаць цікавую інфармацыю. Гэта было рэальнае захапленне. Калі праца становіцца захапленнем, гэта вельмі крута, гэта адбіваецца на якасці матэрыялаў і якасці журналісцкай працы.

Ты захапляўся футболам, пачынаў першыя крокі ў журналістыцы, але тым не менш паступіў на гістфак.

У нейкі момант я зразумеў, што можна на аматарскім узроўні займацца футболам, не скончыўшы інстытут фізкультуры і не становячыся фізруком у школе. Я падумаў, што было б добра атрымаць гуманітарную адукацыю, і ніколі не пашкадаваў, што скончыў гістарычны факультэт, хоць з выкладчыкамі было па-рознаму.

Але гэта былі канец 80-х — пачатак 90-х, час, калі можна было спрачацца, даказваць, быць самім сабой, не баяцца, што цябе за гэта адлічаць. Гэта была выдатная школа, якая мне пасля не раз дапамагала, у тым ліку ў журналістыцы.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць
Праца ў Пагоні
Мая прага да беларускасці пачалася менавіта ва ўніверсітэце, яшчэ на першым курсе, калі я сустрэўся з новымі сябрамі, з тым жа Міхасём Ткачовым, тымі людзьмі, якія паказалі шлях у «Паходню», дзе я патрапіў у асяродак, дзе хацелася заставацца, таму што, як па мне, там збіраліся самыя разумныя, прыгожыя, таленавітыя і здольныя людзі.

У 1990-х гадах ты працаваў на гродзенскім тэлебачанні, вёў спартыўныя выпускі навін. Раскажы пра гэты свой досвед, якім было тады мясцовае тэлебачанне?

Мяне пазваў туды падпрацаваць Валера Задаля. Гродзенскае тэлебачанне было больш цікавым з пункту гледжання зместа — былі публіцыстычныя, дыскусійныя праграмы. Я памятаю, як тэлебачанне нават судзілася з грамадскімі актывістамі. Гэта быў нармальны жывы працэс.

Мы каментавалі футбол з гродзенскага стадыёна, у тым ліку некалькі разоў для нацыянальнага тэлебачання. Часам я вёў нейкія рэкламныя выпускі. Была рознага фармату праца, не скажу, што гэта было тое, што я вельмі любіў рабіць. Газетная праца мне ўсё ж больш падабалася.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць
Праца ў Пагоні
Пачатак 90-х гадоў быў часам грамадскага аптымізму, калі з’яўлялася шмат СМІ і грамадскіх арганізацый. Чым табе запомніўся гэты час?

У першую чаргу ён запомніўся тым, што было рэальна шмат цікавых падзей. Была рэальная палітыка — гэта значыць рэальныя выбары, на якіх была канкурэнцыя розных палітычных партый, сілаў.

Прадстаўнікі ўлады не адчувалі, што яны маюць істотныя прэферэнцыі ці перавагі ўжо на старце. У пачатку 90-х выбарчыя камісіі лічылі галасы справядліва, было шмат грамадскіх дзеянняў і актыўнасцяў, шмат розных гістарычных фактаў упершыню з’яўлялася на паверхні, і людзі былі галодныя да такой інфармацыі.

Паўставала шмат культурніцкіх ініцыятываў. Гэта быў час, калі людзі верылі, што маюць магчымасць змяніць штосьці да лепшага, а ва ўладаў не было ўстаноўкі закрыць рот і зрабіць так, каб усе рабілі тое, што хочацца ім. Думаю, дзякуючы гэтаму паўсталі такія газеты, як «Свабода» ў Мінску, «Пагоня» ў Гродне. І многія грамадскія арганізацыя паўсталі дзякуючы гэтай веры людзей у тое, што яны рэальна могуць змяніць нешта да лепшага.

«За кожную хвіліну пікета я атрымаў па сутках»

Газета «Пагоня» стала сімвалам таго часу. Раскажы пра працу там і ці памятаеш свой першы працоўны дзень?

Я больш-менш добра памятаю, як я туды перайшоў працаваць. Я тады працаваў у музеі рэлігіі і аднойчы на вуліцы Савецкай сустрэў Міколу Маркевіча. Ён прапанаваў мне перайсці стала працаваць у «Пагоню». Да гэтага я пісаў туды матэрыялы, у асноўным на спартыўную тэматыку, але не толькі.

[irp posts="41 591″ name="Мікола Маркевіч: «У мяне дагэтуль пытаюцца, калі вернецца «Пагоня""]

Так на вуліцы я атрымаў прапанову прафесійнай працы ў рэдакцыі. Я не вагаўся зусім, гэта была праца мары, і я з задавальненнем акунуўся туды з галавой. Я там амаль дняваў і ночыў, нягледзячы на тое, што ў хаце было малое дзіцё, стараўся рабіць вялікі аб’ём працы, таму што гэта было ў кайф.

Ты часам рабіў цэлыя выпускі газеты?

Выпускі цалкам даводзілася рабіць на 90% дакладна, бо Мікола быў дзейсным дэпутатам Вярхоўнага Савета і часам з’язджаў у Мінск, і ў рэдакцыі заставалася паўтара чалавека.

З пункту гледжання фінансаў часы былі не самыя лепшыя. Мой рэкорд — 24 ці 25 матэрыялаў у адным нумары. Нягледзячы на тое, што гэта было зроблена за тыдзень, і можа быць гэта не надта ўражвае ў сённяшнія часы, але тады падрыхтаваць такую колькасць матэрыялаў было дастаткова складана.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць
Праца ў Пагоні
Але гэта быў момант асалоды: калі ты бачыш газету, у якой столькі тваіх матэрыялаў, асабліва калі яны добра чытаюцца, маюць добрыя водгукі, гэта было цікава.

А колькасць на якасці ніяк не адбівалася?

Мне здаецца не, бо калі ты робіш нумар газеты, твая задача зрабіць рознага фармату матэрыялы. З гэтых 26 большасць былі навіны па вялікім рахунку. Некаторыя з іх рабіліся ў апошнія гадзіны перад здачай нумара, таму што трэба было заняць вольнае месца ў газеце.

У 2002 годзе, калі распачалася крымінальная справа супраць галоўнага рэдактара «Пагоні» Міколы Маркевіча і журналіста газеты Паўла Мажэйкі, у Гродне адбыліся пікеты ў іх падтрымку, у якіх удзельнічаў таксама і ты. Тады адбыліся бадай першыя пасадкі журналістаў на суткі. Міжнародная амністыя назвала гродзенскіх журналістаў, якія ўдзельнічалі ў тых пікетах, вязнямі сумлення. Раскажы, як гэта было, як табе сядзелася, і які сэнс быў у такой праяве салідарнасці?

У тыя часы мы не задавалі сабе такога пытання — які гэта мела сэнс. Гэта было цалкам натуральна, калі калегаў, з якімі ты шмат гадоў працаваў разам і якіх ты добра ведаеш, хочуць пасадзіць. Пры гэтым мы разумелі, што магчыма нават на пару гадоў.

Тады на пікеты выйшла вельмі шмат журналістаў. Мы стаялі каля аблвыканкама і прастаялі можа хвіліны тры, то мне за кожную хвіліну атрымался па сутках. Памяць ужо сцерла некаторыя непрыемныя моманты, але для многіх з нас гэта быў шок, бо мы не былі гатовыя, што ўсе апынемся на сутках. А калі стала зразумела, што будзем сядзець, расслабіліся, бо сядзелі ў адной камеры, кампанія была добрая.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць

Тым больш я не наракаю, бо я і Дзіма Ягораў атрымалі тады найменш, па трое сутак, іншым хлопцам дасталося больш, асабліва тым, хто не першы раз трапляў пад раздачу — іх не шкадавалі.

Салідарныя дзеянні вельмі важныя і сёння, бо гэта адзіны спосаб паказаць уладзе, што людзі, якіх яна прасуе, не застаюцца сам на сам, што хтосьці іх падтрымлівае, рызыкуючы сабой, сваёй волей, няхай і на некалькі дзён. І шкада, што пазней, калі такія выпадкі сталі вельмі частыя ў дачыненні да журналістаў, такіх праяваў салідарнасці больш у інтэрнэце, чым у афлайне.

Ці было нейкае асаблівае стаўленне міліцыянтаў да журналістаў?

Я разумею, што для многіх з іх гэта было не надта прыемна, бо яшчэ ў 90-я многія журналісты з ліку тых, каго садзіла міліцыя, спакойна сустракаліся разам на нейкіх мерапрыемствах, віталіся, многія былі ў нармальных адносінах.

Некаторых з тых, хто нас забіраў, я памятаў як студэнтаў са студэнцкіх часоў. Я бачыў, што ім не надта гэта работа падабалася. Пазней для іх гэта стала звыклай справай, але тады гэта было ўпершыню не толькі для нас.

«У ШМЖ у нас было мала промахаў у людзях. Але сёння знайсці людзей, якія рвуцца ў журналістыку, вельмі цяжка»

У 1997 годзе ты разам з аднадумцамі ствараеш грамадскую арганізацыю «Цэнтр «Трэці сектар». Наколькі складана было зрабіць выбар паміж журналістыкай і грамадскай дзейнасцю? Тым больш, ты казаў, што праца ў «Пагоні» была працай мары.

З 1995 года я актыўна працаваў у грамадскім аб’яднанні «ВІТ», яшчэ да гэтага браў удзел у розных грамадскіх кампаніях, адукацыйных мерапрыемствах розных арганізацый, і разумеў, што гэта сфера мне таксама вельмі цікавая.

У канцы 1996 года я зразумеў, што ў мяне намячаецца сур’ёзны выбар: з аднаго боку, прафесійна ісці ў грамадскую сферу, разумеючы для чаго я туды іду, таму што тады была рэальная патрэба ў такіх арганізацыях, якія маглі б адукацыйна і інфармацыйна дапамагаць іншым, гэта была вольная і вельмі запатрабаваная ніша.

Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць
Праца ў Пагоні
З другога боку была журналістыка, якая была справай сэрца. Выбар быў даволі складаны і зроблены не з першай спробы. Але я ўсё ж зрабіў выбар на карысць грамадскай дзейнасці, але разам з тым пакінўшы сабе нішу ў журналістыцы праз Школу маладога журналіста.

Затым многія праекты і праграмы арганізацыі былі вельмі шчыльна звязаныя з журналістыкай. Думаю, «Трэці сектар» у многіх сёння асацыюецца са Школай маладога журналіста, фестывалямі журналістыкі, іншымі медыйнымі праграмамі. Такім чынам я змог сабе забяспечыць выбар «два ў адным».

Як выпускніца ШМЖ магу сказаць, што гэта была сапраўдная школа грамадзянскай актыўнасці. Для мяне гэта таксама быў трамплін у прафесійную дзейнасць. Чым ШМЖ была для цябе?

Для мяне ШМЖ была многім. Гэта была сфера, у якой я рэалізаваў свае прафесійныя інтарэсы, гэта было месца, дзе я рабіў рознага кшталту адукацыйныя мерапрыемствы менавіта як адукатар, распрацоўваючы методыку правядзення заняткаў, спрабуючы тыя ці іншыя фарматы навучання. І гэта было месца, дзе я мог рэалізаваць свае грамадскія мэты — старацца зрабіць наша грамадства больш інфармаваным, старацца зрабіць людзей, якія прыходзілі ў Школу, больш сацыяльна актыўнымі.

З гэтага пункту гледжання школа сапраўды ў тыя часы — канец 1990-х — першай палове 2010-х — свае мэты выконвала. З яе выйшла вельмі шмат людзей, якія можа нават не пайшлі ў журналістыку, але якія засталіся менавіта грамадска актыўнымі - у грамадскай дзейнасці ці ў сваёй прафесіі, якая можа быць не звязаная з журналістыкай. Гэтыя людзі ўсё роўна стараліся быць актыўнымі, неабыякавымі да вострых сацыяльных праблем.

Якую мэту вы сабе ставілі - хто павінен быў выйсці выпускніком з гэтай школы?

Былі задача максімум і мінімум. Задача максімум — гэта была падрыхтоўка журналістаў-прафесіяналаў, якія маглі па сканчэнні школы адразу пайсці працаваць у любую рэдакцыю і пры мінімальным дадатковым навучанні хутка ўліцца ў гэту рэдакцыю і спакойна з ходу рабіць журналісцкія матэрыялы.

Задача мінімум была зрабіць так, каб людзі, якія выйдуць са Школы, нават калі яны не пойдуць у журналістыку, былі грамадзянска адукаванымі і падкаванымі, арыентаваліся ў тым, што адбываецца ў грамадстве, якія там ідуць працэсы, умелі б адрозніваць дабро ад зла.

З гэтага пункту гледжання мне здаецца ў нас было мала промахаў у людзях. Бо з тых людзей, што мы адбіралі, я ведаю, што ёсць адзінкі, якія атрымаліся на выхадзе ні першым, ні другім. Але з большага, працэнтаў на 90, гэта людзі, якія сталі прафесіяналамі ў журналістыцы, або неабыякавымі, актыўнымі, цікаўнымі грамадзянамі сваёй краіны і горада.

ШМЖ напачатку была школай грамадскай актыўнасці, дзе будаваліся каштоўнасныя падмуркі. Зараз Школа змяніла фармат і, як мне падаецца, грае сёння іншую ролю. І калі напачатку Школа выпускала дзясяткі людзей у журналістыку і грамадскую дзейнасць, сёння такіх людзей адзінкі. З чым ты гэта звязваеш?

Ёсць два фактары: вельмі моцна змянілася сама журналістыка і змяніліся рамкі, у якіх журналістыка функцыянуе. Возьмем просты прыклад: калі ў канцы 90-х — пачатку 2000-х у горадзе было адразу некалькі незалежных выданняў, што мы сёння можам прапанаваць у якасці месца для стажыроўкі, дзе людзі будуць непадцэнзурна практыкавацца ў падрыхтоўцы журналісцкіх матэрыялаў? Фактычна нічога не засталося, поле выкашана, зачышчана.

Змянілася стаўленне да журналістыкі з боку ўладаў, таму што яны зноўку, як у савецкія часы, пачалі трактаваць журналістыку выключна як месца прапаганды і агітацыі. З іх пункту гледжання журналістыка павінна альбо абслугоўваць іх інтарэсы, альбо ў адваротным выпадку журналісты становяцца ворагамі. Адпаведна ва ўладаў устаноўка душыць тых, хто непадкантрольны, хто не агітуе за іх.

Змянілася стаўленне да СМІ і журналістыкі з боку патэнцыйных журналістаў, яны перасталі ставіцца да гэтай прафесіі як да нечага рамантычнага. Я памятаю, як яшчэ ў пачатку 2000-х прыходзілі людзі, якія разлічвалі, што з дапамогай журналістыкі будуць ездзіць у Аўстраліі, рабіць інтэрв'ю з зоркамі і гэтак далей. Сёння ўсё больш людзей разумеюць, што журналістыка — гэта хапуны, суткі, штрафы. І канешне, ісці ў такую прафесію не кожны захоча, і не кожнага мама пусціць.

Таксама змянілася медыйнае поле. Цяпер пры вялікімі жаданні кожны можа стаць журналістам без усялякіх школ журналістыкі. Калі мы паглядзім на папулярных сёння блогераў, мы бачым, што гэта далёка не журналісты па адукацыі, а аўдыторыі маюць шматтысячныя. Таму нехта вырашае — навошта мне ісці кудысьці вучыцца, калі я магу сам зрабіць прамую трансляцыю ночы з супермаркета, дзе застануся ночыць, і на раніцу прачнуся зоркай.

Калі дадаць да гэтага, што інфармацыйныя войны апошніх гадоў спарадзілі аграмадную колькасць фэйкаў, калі паглядзець на ўсе гэтыя нізкаякасныя шоў, якія асабліва ідуць на расейскім тэлебачанні - і гэта тое, што таксама называецца журналістыкай. А ад такой журналістыкі часта хочацца два пальца ў рот і за кут.

Адпаведна знайсці ў такой сітуацыі людзей, якія рвуцца ў журналістыку, рвуцца вучыцца асновам гэтай прафесіі вельмі цяжка. Таму апошні год наша Школа журналістыкі ўвогуле не працавала.

Мы шукаем найперш для сябе адказы, што мы можам зрабіць у такой сітуацыі, каго і як мы павінны рыхтаваць. І можа быць у гэтым годзе мы адновім школу, але гэта будзе хутчэй новы фармат.

«Калі можна нешта зрабіць па-беларуску, то гэта трэба рабіць»

У 2007 годзе пры ШМЖ быў створаны сайт «Твой стыль», які напачатку быў пляцоўкай для практыкі навучэнцаў. З цягам часу сайт развіваўся, і сёння трансфармаваўся ў паўнавартасны гарадскі партал Hrodna Life, дзе выходзяць якасныя аўтарскія матэрыялы на беларускай мове. Сёння партал — адзіны беларускамоўны ў рэгіёне. Беларускасць — гэта твая прынцыповая пазіцыя?

Спадзяюся, не толькі мая. У горадзе павінны быць якасныя беларускамоўныя выданні. І калі мы можам такое зрабіць, чаму б і не, маючы чалавечы і інтэлектуальны патэнцыял.

Гэта мая каштоўнасная пазіцыя. Я сыходжу з таго, што калі можна нешта зрабіць па-беларуску, каб папулярызаваць беларускую мову, то гэта трэба рабіць. Мы заўсёды стараліся рабіць па-беларуску якасныя трэнінгавыя і адукацыйныя матэрыялы, то чаму па-беларуску не можа быць якаснай журналістыкі? Плюс гэта свой твар, свая адметнасць, свой унёсак у беларускасць.

Які можа пакуль не вельмі прыносіць грошы.

Многія рэчы людзям не прыносяць грошы. Нехта лічыць, што быць добрым не акупаецца. Гэта каштоўнасныя рэчы.

На рынку мы ў нечым прайграем, але спадзяюся, што дзякуючы таму, што ў нас ёсць свой твар, мы вылучаемся з кучы шматлікіх інфармацыйных праектаў. Аўдыторыя можа быць і не такая вялікая, як бы хацелася, але, мне падаецца, удзячная ў тым ліку за мову.

«Сённяшнія беларускія ВНУ гэта выключна педагогіка гвалту і двудушша»

Сёння бракуе прафесійных кадраў у журналістыцы, асабліва ў рэгіёнах. Ці можа рэгіянальная журналістыка ў Беларусі быць прэстыжнай?

Журналістыка можа быць прэстыжнай у любым месцы. Нават калі паглядзець на адну з апошніх гучных медыйных справаў пра салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у Печах — яе па вялікім рахунку раскруцілі менавіта рэгіянальныя журналісты.

І вельмі шмат ёсць выпадкаў, калі журналісты ў рэгіёнах падымаюць нейкія тэмы, якія потым падхопліваюцца нацыянальнымі медыямі і становяцца мэйнстрымам. Таму не важна, чалавек працуе ў рэгіёне ці ў Мінску. Калі ён таленавіты, валодае важнымі для журналіста кампетэнцыямі, ён спакойна можа раскручваць сваё імя, выданне, на якое ён працуе.

Таму для мяне правінцыйная ці сталічная журналістыка — пытанне не важнае. Ясная справа, што ў сталіцы больш магчымасцяў, але ты можаш развіваць сябе ў любым месцы, нават у вёсцы.

Некаторыя людзі, у тым ліку журналісты, якія навучаюцца нефармальна, займаюцца грамадскай дзейнасцю і бачаць альтэрнатыву, пасля не могуць знайсці сабе месца ў Беларусі для працы і жыцця, і таму з’язджаюць. Атрымліваецца, з аднаго боку мы вучым людзей, паказваем альтэрнатыву, нармальнае насычанае жыццё, якім павінны жыць нармальныя людзі, але разам з тым гэтыя людзі з’язджаюць. Што рабіць у такой сітуацыі? Ці лепей іх не трымаць і няхай яны рэалізуюцца дзесьці яшчэ?

Мы дакладна ніколі не ставілі перад сабой мэты, каб людзі заставаліся ў Беларусі. На гэта ўплывае грамадная колькасць фактараў, не толькі звязаных з журналістыкай.

Для нас важна, каб чалавек добра арыентаваўся ў тым, што адбываецца ў краіне, стараўся прафесійна рабіць сваю работу, напрыклад, журналісцкую. Але калі ён адчувае, што не мае тут прасторы для самарэалізацыі, альбо тут кепска яго сям'і, калі ёсць пагроза яго свабодзе…

Я ніколі не папракну нікога з тых, хто з’ехаў, таму што гэта іх уласны выбар. Можа быць, яны калі-небудзь вернуцца, можа быць за мяжой яны робяць не менш, чым многія з тых, хто застаўся тут. Гэта прыватны выбар чалавека, і мы ніколі да канца не будзем ведаць матывы, якія падштурхнулі яго з’яхаць.

Канешне, хацелася б, каб усе засталіся тут, каб усе добра працавалі, пры патрэбе выходзілі на пікеты і баранілі сваіх калегаў па прафесіі, калі іх душаць. Але, на жаль, такога не адбываецца.

Зараз за мяжой у прынцыпе ёсць варыянты, як інфармацыйна можна ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Радыё Рацыя, іншыя выданні, якія ў нас ёсць, яны таксама робяць добрую журналіскую працу.

Канадскі філосаф Маршал Маклюэн казаў аб амерыканскай адукацыі ў 60-х, што гэта — інтэлектуальныя турмы. Ці можна падобнае азначэнне прымяніць да сучасных беларускіх ВНУ? І як ты лічыш, ці патрэбна сёння журналісту менавіта журналісцкая адукацыя? Ёсць меркаванне, што лепей журналісту атрымаць нейкую профільную адукацыю, напрыклад, эканамічную, а пасля ісці ў журналістыку.

Прафесійная адукацыя — гэта тое, дзе ты атрымліваеш асновы прафесіі. У дачыненні да журналістыкі на маю думку не важна, дзе ты атрымаеш гэтыя асновы — ва ўніверсітэце ці ШМЖ, ці прышоўшы з завода ў самой рэдакцыі. Важныя прафесійныя кампетэнцыі, якімі трэба валодаць.

Я персанальна нікому не рэкамендую беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы, у маім разуменні гэта выключна педагогіка гвалту і двудушша. А так вучыцца канешне трэба, журналістыка патрабуе наяўнасці вельмі сур’ёзных кампетэнцый: крытычнага мыслення, прагназавання, уменняў вясці дыялог і вырашаць канфліктныя сітуацыі, і гэтак далей. Гэтаму можна і трэба вучыцца, а дзе — не так важна.

«Калі б мы думалі пра самацэнзуру, мы былі б нічым у параўнанні з тым, чым мы ёсць сёння»

Дзяржава зараз па вялікім рахунку ігнаруе ініцыятывы трэцяга сектара. Ці можаш параўнаць гэту сітуцыю з 90-і? Ці было нейкае іншае стаўленне ўладаў да грамадскіх арганізацый і ініцыятыў?

Стаўленне было безумоўна іншае, нават у канцы 90-х гадоў улада разглядала грамадскія ініцыятывы як рэсурс, як нешта, з дапамогай чаго можна ўплываць на грамадзян, жыхароў гэтай краіны.

Я добра памятаю форумы моладзевых ініцыятываў Гарадзеншчыны, апошні мы рабілі ў 2001 годзе разам з аддзелам па справах моладзі аблвыканкама, гэта было мерапрыемства, у якім бралі ўдзел больш за 700 чалавек, і ўлада там была адным з рэальных партнёраў у арганізацыі.

Тады яшчэ не было гэтай ідэалогіі і ідэолагаў, якія выстаўляюць рамкі. Мы маглі спакойна на этапе планавання вызначаць, якая будзе праграма, прапаноўваць, каго можна запрасіць у якасці гасцей, і ніхто не выкрэсліваў прапановы з нашага боку.

Але ўсё пачало мяняцца з пачатку 2000-х, калі з’явілася ўстаноўка, што мы — ўлада, мы ведаем куды трэба ісці і што рабіць, хто за нас — добра, можа быць будзеце мець нейкія прэферэнцыі, хто супраць нас — спрабуйце выжыць, калі атрымаецца.

Гэта ўстаноўка вельмі кепская, і ў першую чаргу — для самой ўлады, бо яна губляе сувязі з рэчаіснасцю. Уся карцінка свету, якая ў іх ёсць, гэта карцінка, якая даносіцца зверху, альбо фармуецца тымі медыямі, якія імі падкантрольныя. А гэта вельмі скажоны свет.

«Цэнтр «Трэці сектар» існуе ўжо 20 гадоў. У гэтым годзе ты сышоў з пасады кіраўніка арганізацыі. За ўвесь гэты час ці адчувалі вы ціск з боку ўлады, можа, цябе выклікалі на дыван да чыноўнікаў ці ў органы?

Мяне не выклікалі ніколі ні да ўладаў, ні ў КДБ, але было вельмі шмат фактаў ціску на людзей, якія працавалі ў арганізацыі, якія прыходзілі ў нашы адукацыйныя праграмы, у тым ліку ў ШМЖ. Гэта і ціск праз адміністрацыю ўніверсітэтаў, гэта і ціск на працы.

Выклікі ў органы таксама здараліся. Я добра памятаю момант, калі да нас прыехалі партнёры з Нямеччыны, і мы на аўтобусе з раніцы мусілі з імі кудысьці ехаць. Тады павязалі аўтобус, сябраў нашай арганізацыі, якія апекаваліся гэтай групай, кожнага фактычна дапытвалі.

Здараліся пазачарговыя праверкі з боку ўпраўлення юстыцыі, вельмі складанымі былі дзве перарэгістрацыі, якія мы перажылі ў 1999 і 2001 годзе. І быў ціск дробнапакасны, гэта адмова ў прадастаўленні памяшканняў, у тым ліку часта ў апошні момант, калі ўсё ўзгоднена, а пасля аказваецца — раптам кран прарвала. Гэта спроба замкнуць нас у межах гета, межах вуліцы Будзёнага.

Такія моманты былі, але дзякуй Богу, у апошнія гады іх стала менш. З’явілася трошкі разумення на ўзроўні гарадскіх уладаў, што не трэба душыць, а лепш спрабаваць супрацоўнічаць у сферах, дзе мы можам быць адзін аднаму карыснымі.

Гэта ў Высоцкага ёсць у адной песні: «Мы навучыліся цыраваць ветразі і затыкаць прабоіны целамі». Атрымліваецца, што ў грамадскай адукацыі, што ў журналістыцы справа нават не пра тое, каб проста працаваць, але трэба ўвесь час змагацца і выжываць.

Ці адбіваецца гэта на якасці працы? Можа быць, у такіх умовах уключаецца самацэнзура? Зразумела, што добра, калі ты можаш спакойна працаваць у сваёй краіне і ўкладаць усе сілы на вытворчасць якаснага прадукта, а не на нейкія змаганні.

Той, хто ставіць сабе стратэгію выжываць, усё роўна памрэ. Тыя арганізацыі, якія па гэтыму шлях ішлі - любой цаной выжыць, яны зараз альбо нічога не робяць, альбо памерлі.

Таму што ў цябе мазгі заточаныя не на тое, каб рабіць нешта новае і развівацца кудысьці, а каб утрымаць свой статус. А яго ўтрымаць немагчыма, таму што гэта як жыццё: ты можаш колькі заўгодна марыць пра тое, каб быць несмяротным, але ты ўсё роўна памрэш.

Мой жыццёвы прынцып: паміраць збірайся — жыта сей. Мы заўсёды стараліся менавіта сеяць — развівацца, шукаць новыя накірункі, заангажоўваць новых людзей у нашыя праграмы. Нягледзячы на тое, ёсць ці няма грошай, хапае ці не хапае людскіх рэсурсаў, не баючыся эксперыментаваць.

Калі б мы думалі пра самацэнзуру, нейкія такія рэчы, мы былі б нічым у параўнанні з тым, чым мы ёсць на сённяшні дзень. І я персанальна быў бы нічым у параўнанні з тым, кім я сёння ёсць.

Таму стратэгія выжывання не самая лепшая, нават у такіх неспрыяльных умовах, як у нашай Беларусі. Развівацца, думаць пра заўтрашні дзень, думаць, як зрабіць заўтрашні дзень лепшым для сябе, свайго атачэння, сваёй краіны — гэта адзіная прымальная для мяне стратэгія. У тым ліку ў журналістыцы.

Як ты лічыш, сённяшняя незалежная беларуская журналістыка — яна хутчэй мёртвая ці ўсё ж такі жывая?

Канешне жывая. Я ведаю вельмі шмат калегаў, якія імкнуцца рабіць сваю асноўную працу — даносіць праўду, тлумачыць людзям сур’ёзныя пытанні, з якімі яны сутыкаюцца ці могуць сутыкнуцца.

Не важна, ці гэта адбываецца ў фармаце анлайн выданняў, якіх становіцца ўсё больш, альбо ў фармаце незалежных раённых газет, якія яшчэ засталіся ў Беларусі. Важна, што такія людзі ёсць, і тое, што яны робяць.

Іншая справа, што мы зараз знаходзімся на такім раздарожжы, калі не ўсе ясна ўяўляюць нават што здарыцца ў бліжэйшай перспектыве. Але ніхто дакладна не збіраецца паміраць.