Пасля таго, як Hrodna.life распавёў пра гродзенца Алексанра Свідэрскага, які сцвярджае, што на вуліцы Валковіча яго дзед пасля вайны закапаў нямецкі БТР, да нас звярнуўся яшчэ адзін гродзенец, які запэўнівае ў праўдзівасці ягонай гарадской легенды. Уладзімір Фрыдрыхсан жыве ў Вільні. Ён таксама ведае адно месца ў Гродне, дзе закапана нямецкая тэхніка. Дакладнага месца Уладзімір раскрываць пакуль не хоча. Маўляў, чакае зручнага моманту.
Адзіны чалавек, хто ведае пра матацыкл
Уладзімір Фрыдрыхсан — дзіця вайны, нарадзіўся ў Расіi, але ў пасляваенныя гады апынуўся ў Гродне. Ён вельмі добра памятае тагачасны горад.
«Жылі мы на вуліцы Талстога, што каля Горкага і гасцініцы „Беларусь“. Дзяцінства ў нас было незвычайнае — знаходзілі зброю, розную ваенную тэхніку, — распавядае пенсіянер. — Аднойчы мой сусед Тадэвуш Сасiмовiч распавёў мне дзіўную гісторыю: нібыта яго сваякі зацягнулі да сябе на ўчастак нямецкі матацыкл, які пасля закапалі, а ў будучыні планавалі адкапаць. Але гэтага не адбылося, бо яго сям’я пераехала ў Беласток. Сам ён ужо памёр, а я, хоць і жыву ў Вільні, але застаюся адзіным чалавекам, хто ведае гэтую незвычайную гісторыю i гэтае месца ў Гродне».
Пакуль матацыкл закапаны — гэта проста гарадская легенда
Пасля пераезду Сасімовічаў у Беласток, дом дастаўся іншым людзям, але Уладзімір лічыць, што матацыкл за гэты час нiхто так і не выкапаў.
«У Гродна я часта прыязджаю, бо тут у мяне ёсць участак. Доўгі час я спрабаваў купіць дом, дзе раней жылі Сасімовічы і я. Але ўладальнік прадаваць яго мне не захацеў. Цяпер там ужо новы гаспадар. Знаёмыя распавядалі, што былы ўласнік перад продажам перакапаў усю тэрыторыю ў пошуках чагосьці. Магчыма, і ён ведаў пра гэты нямецкі матацыкл?»
«Магчыма, ад матацыкла ўжо нічога не засталося. Але я ўпэўнены, што нешта будзе. Калі даведаюся пра дакладнае месца, паспрабую абследаваць тэрыторыю адмысловымі апаратамі. А пакуль закапаны матацыкл — гэта проста легенда пасляваеннага горада».
Долары «амерыканскага» шахцёра спалілі ў двары на Горкага
Пенсіянер перакананы, што ў Гродне мноства таямніц і сакрэтаў, але яны на тое і існуюць, каб раскрывацца толькі ў патрэбны момант. Адну з цiкавых гісторый свайго дзяцінства Уладзімір вырашыў расказаць.
«Мы жылі на ўскраіне горада. Я быў маленькі і памятаю, як у нас у агародзе апынуўся чамадан з доларамі. Нехта з дзяцей знайшоў на гарышчы старога дома схаваны чамадан і вынес яго на вуліцу. Мая мама як убачыла грошы, адразу ж распаліла вогнішча і ўсё пачала спальваць.
Уладзімір лічыць, што грошы маглі належаць сям'і «амерыканскага» шахцёра. Да вайны на месцы гасцініцы «Беларусь» стаяў вялікі двухпавярховы чорны дом гэтага чалавека, які ездзіў на заробкі ў Штаты. Побач з яго катэджам быў яшчэ адзін дом, але пасля прыходу савецкай улады пабудовы былі канфіскаваныя, а сям’я не змагла ці не паспела забраць свае грошы.