Пасля ўзвядзення палаца Стэфана Баторыя і перабудовы ўсяго замкавага комплексу ў стылі рэнесансу ў канцы XVI ст. гісторыя эвалюцыі Старога замка толькі пачыналася. У першай палове XVII ст., пры каралях з дынастыі Вазаў, замак зведаў нязначныя змены аб’ёмна-планіровачнай структуры, аднак на сур’ёзныя змены вобліка моцна паўплывалі войны сярэдзіны XVII і пачатку XVIIІ стст. За няпоўнае стагоддзе воблік Старога замка мяняўся ажно тры разы!

Блогер supron-licvin апісвае наяўныя графічныя крыніцы па гэтым помніку архітэктуры і спрабуе на падставе іх уявіць, як выглядаў некалі Стары замак.

Воблік першы. Замак Баторыя

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Унікальнай графічнай крыніцай, якая паказвае замак і панараму горада ў цэлым на момант 1600 г., з’яўляецца гравюра Тамаша Макоўскага. Яна дазваляе збольшага ацаніць маштаб і характар забудовы замкавага комплекса. У навуковай літаратуры часта прыходзіцца сустракаць інфармацыю, што гравюра адлюстроўвае ледзь ці не з фатаграфічнай дакладнасцю панарамны выгляд Гродна пачатку XVII ст., і падчас яе аналізу многія даследчыкі без асаблівай крытыкі выкарыстоўваюць графічныя вобразы для характарыстыкі тых або іншых архітэктурных аб’ектаў, паказаных на ёй. Аднак тут варта ўсвядоміць дзве рэчы.

[irp posts="15 243″ name="Праблемы аднаўлення палаца Баторыя абмеркавалі на «Сустрэчы сяброў музея""]

Па-першае, гравюра — гэта адбітак на паперы, выкананы пры дапамозе спецыяльнай формы-матрыцы. Гэтую форму (з дрэва або металу) стварае майстар-гравёр з эскізнага малюнка, прычым часта ў спрошчаным і скажоным выглядзе. Гэта значыць, што на аснове малюнка Макоўскага ў 1600 г. была створана форма, хутчэй за ўсё з дрэва, для адбітку будучай гравюры. Самае важнае тое, што мы не маем арыгіналу эскізаў аўтарства Макоўскага, які быў бы больш дакладны і дэталізаваны.

Па-другое, усе графічныя матэрыялы тыпу гравюры з’яўляецца суб’ектыўнай крыніцай. Тамаш Макоўскі, седзячы на супрацьлеглым ад горада беразе Нёмана і робячы эскіз панарамы Гродна, менш за ўсё турбаваўся аб дакладнасці якіх-небудзь асобных дэталяў. Можна ўспрымаць гравюру як унікальную графічную крыніцу па выгляду горада ў цэлым, але ні ў якім разе яго асобных элементаў.

Мы правялі дэтальны аналіз гравюры і супаставілі тры архітэктурныя аб’екты на ёй з арыгінальнымі будынкамі (Стары замак, Фара Вітаўта, Бернардынскі касцёл). І вось што мы даведаліся.

[irp posts="13 486″ name="Альтэрнатыва Бачкову: Павел Татарнікаў намаляваў браму Старога замку, якой яе варта было б аднавіць"]

Не так даўно з часткі фасада Старога замка знялі слой тынкоўкі, што дае магчымасць прааналізаваць характар і маштаб перабудоў, а таксама даведацца, дзе і як пачаткова размяшчаліся вокны палаца.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Пры першым позірку на аголеную кладку ў вочы кідаюцца дзве закладзеныя нішы з паўкруглым завяршэннем, якія знаходзяцца прыкладна на адным узроўні - рэшткі былых вокнаў палаца часоў Баторыя (існуючыя прамавугольныя вокны і нішы-ілжэвокны, відавочна, былі прабіты ў сяр. XVIIІ ст.). Згаданыя два вялікіх вакна пазначаны на плане першага паверху будынка 1735−1737 гг.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

На супрацьлеглым фасадзе вокны размяшчаліся аналагічна. Больш за тое, на ўзроўні другога яруса на адлегласці ў адзін метр ад края маецца закругленне (пазначана сінім колерам), што можа быць сведчаннем размяшчэння тут эркера.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

А ля гэтага месца падчас нядаўніх прац па даследаванні муроў было выяўлена сграфіта.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

На гравюры Макоўскага два вакна, якія мы ўпаміналі вышэй, пазначаны таксама. Аднак пры параўнанні фасаду палаца Старога замка з малюнкам гравюры відавочны значныя несупадзенні. Так, два вакна Макоўскі размясціў на другім паверсе, а на першым паказаны ажно чатыры меншыя па памеры прамавугольныя вакенцы, якіх у рэальнасці, хутчэй за ўсё, не існавала.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Акрамя таго, вежа Фары Вітаўта на гравюры паказана як пяціярусная, хоць у сапраўднасці яна мела чатыры ярусы (частка чацвёртага яруса паказана на абмерным малюнку 1803 г.). Асаблівай увагі заслугоўвае выступ ля ўваходнага партала касцёла (да ўзроўня сярэдзіны другога яруса), замаляваны на гэтай графічнай крыніцы, які быў трактаваны некаторымі даследчыкамі як контрфорса, аднак дзякуючы літаграфіі 1861 г. мы бачым, што выступаючай часткай быў першы ярус вежы. Памыліўся Макоўскі таксама і з колькасцю вокнаў на паўднёвым фасадзе будынка. У сапраўднасці іх было пяць, а не сем.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

З Бернардынскім касцёлам аналагічная сітуацыя: на паўднёвым фасадзе размешчаны пяць вокнаў, а не шэсць, як паказана на гравюры (на фотаздымку ніжэй мы прадставілі паўночны фасад, так як паўднёвы ў значнай ступені засланяе вежа, прыбудаваная у сяр. XVIIІ ст.).

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Як бачым, гравюра Макоўскага змяшчае памылкі, прытым грубыя. Яно і відавочна, бо мастак, які рабіў эскізы для будучай гравюры, знаходзіўся на значнай адлегласці ад прыведзеных вышэй аб’ектаў, таму не мог іх добра разгледзець, і, што вынік, дакладна намаляваць на паперы. Больш за тое, пры вырабе формы для будучай гравюры мастак-гравёр таксама мог дапусціць некаторыя памылкі пры перадачы дэталяў. Таму, зыходзячы з вышэйпрыведзеных доказаў, мы можам сцвярджаць, што Стары замак на гравюры Макоўскага паказаны недакладна і згаданы графічны дакумент не можа разглядацца ў якасці бясспэчна надзейнай крыніцы.

[irp posts="12 475″ name="Стары замак: злачынства пад выглядам аднаўлення""]

Немалаважнай графічнай крыніцай па гісторыі замка з’яўляюцца дзве мазайкі з дамініканскай гімназіі. Яны не захаваліся да нашага часу, аднак іх фотакопіі былі апублікаваны Я. Арлоўскім у «Гродненской старіне» у 1910 г. Відавочна, што час іх узнікнення — XVIIІ ст., калі быў перабудаваны Дамініканскі касцёл і ўзнік будынак самой гімназіі - і ствараліся мазайкі на аснове ранейшых невядомых нам малюнкаў.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Першая мазайка паказвае Стары замак у момант паміж 1600 і 1655 г. з боку Каложы. На ёй мы бачым: 1) палац Стэфана Баторыя, 2) паўночная прыбудова да палаца, 3) т.зв. «казематы», 4) вежа-брама з купалам і прыбудовай для герсы (магчыма, вежа-брама з вежай над Нёманам), 5) вежа з боку Нёмана з часткай галерэі (магчыма, гэта паказаны будынкі, якія знаходзяцца па-за замкам, напрыклад Прачысценская царква), 6) верагодна, Фара Вітаўта, 7) сінагога, 8) царква на Падоле (магчыма, Васкрасенская царква на месцы Новага замка). На пярэднім плане мы бачым пабудовы каложскага манастыра, з правага боку ў нізіне — Нёман.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Як бачым, малюнак мазайкі паказвае Стары замак у спрошчаным і значна скажоным выглядзе. Незразумелым дагэтуль з’яўляецца тое, ці існавала ў сапраўднасці вежа, якая як быццам бы «вырастае» з палаца, а таксама пабудова, якая знаходзіцца паміж брамай-вежай і вежай з боку Нёмана. Пытанняў тут больш чым адказаў, аднак відавочным з’яўляецца той факт, што мазайка стваралася на асновы рэальнага графічнага дакумента, аўтар якога ўжывую бачыў Стары замак у п.п. XVII ст.

Яшчэ адной цікавай крыніцай па гісторыі Старога замка з’яўляецца адзін з малюнкаў лавы Езуіцкага касцёла. Час яго стварэння — 1720−30-я гг. На малюнку паказана сцэна цудоўнага выратавання Жаляроўскага і двух дзясяткаў іншых шляхціцаў з «маскоўскага палону». Яны былі асуджаныя захопнікамі і заточаны ў замку, дзе сядзелі ў чаканні пакарання смерцю. Асуджаныя звярнуліся з малітвай да абраза Маці Божай («Кангрэгацкай») і 2 жніўня 1661 г. ім неверагодным чынам удалося збегчы з няволі, разабраўшы частку муроў.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

На малюнку на трэцім плане ў правым верхнім куце прадстаўлены абрысы Старога замка з паўкруглай вежай, адкуль анёлы вызваляюць асуджаных шляхціцаў, адразу за імі - аркападобная канструкцыя белага колеру (магчыма замкавы мост), з левага боку паказаны Нёман, а за ім — занёманская частка горада.

Паколькі малюнак на лаве касцёла быў зроблена праз больш чым паўстагоддзя пасля апісаных на ім падзей, Стары замак на ёй адлюстраваны вобразна. Пасля руска-польскай вайны 1654−1667 гг. замак быў моцна разбураны, таму мастак, хутчэй за усё, не ведаў як ён выглядаў да гэтага. Прынамсі, ні археалагічныя, ні пісьмовыя дадзеныя не пацвярджаюць факт наяўнасці вежы круглай у плане формы на тэрыторыі замку. Акрамя таго, стан захаванасці згаданага малюнка вельмі дрэнны, паколькі лава касцёла была пашкоджана падчас пажару, які адбыўся ў Фарным касцёле ў ліпені 2006 г.

Воблік другі. Перабудова Паца

Прыблізна ў 1676−1681 гг. Стары замак перабудоўваецца пад кіраўніцтвам вялікага канцлера літоўскага і гродзенскага старасты Крыштафа Паца. Да нашага часу захаваўся план першага яруса (створаны ў інтэрвале 1735−1737 гг.) і інвентар замка 1680 г., якія фіксуюць тыя змяненні аб’ёмна-планіровачнай структуры комплекса, аднак пры адсутнасці якіх-небудзь дакладных графічных крыніц зрэканструяваць воблік замка вельмі складана. На шчасце, мы можам у пэўнай ступені ўявіць, як выглядаў Стары замак у самым к. XVII — пач. XVIIІ, і дапаможа нам у гэтым другі малюнак мазайкі з дамініканскай гімназіі. Варта сказаць, што Я. Арлоўскі лічыў, што згаданы малюнак паказвае замак на момант пач. XVII ст., аднак мы лічым, даследчык памыліўся ў даціроўцы на некалькі дзесяцігоддзяў.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

На пярэднім плане мазайкі з правага боку паказаны руіны нейкага будынка, а па цэнтру — слуп, які з’яўляецца завяршэннем замкавага моста. На другім плане размешчаны мост, уязная брама, замкавы палац. На трэцім плане — вакольны горад. Пры больш падрабязным вывучэнні крыніцы, удалося высветліць, што эскіз для стварэння мазайкі (а мы перакананы ў гэтым) маляваўся з узроўня другога яруса будынка, размешчанага на тэрыторыі супрацьлеглага ад замка пагорка (суч. Новы замак) прыкладна ў 25 м па левы бок ад моста.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Пры супастаўленні малюнка з планам горада 1753 г. удалося дакладна злакалізаваць аб’екты, паказаныя на трэцім плане. У прыватнасці, масіўны будынак у самым дальнім правым вуглу (выдзелены чырвоным колерам) — гэта сінагога, вуглавы будынак замкнёнай канфігурацыі (зялёны колер) — падворак мітрапаліта (або «папоўскі»). Ніжэй узроўню абрыва паказана, хутчэй за усё, званіца (жоўты колер), узгадкі аб якой нам пакуль не ўдалося адшукаць у літаратуры, аднак, факт існаванне яе ў мінулым часткова пацвярджае план.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Чаму згаданую мазайку, а дакладней, эскіз (малюнак), на аснове якога яна была створана, мы датавалі канцом XVII ст. Уся разгадка крыецца ў браме. Як вядома з інвентара 1712 г., брама завяршалася двухсхільным дахам, які ў інвентары 1730 г. названы «старым». Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, ён быў узведзены ў к. XVII ст. Возьмем гэта за ніжнюю дату. Як вядома, замак моцна пацярпеў у ходзе Паўночнай вайны ў пач. XVIIІ ст., у прыватнасці, у самым канцы 1705 г. англійскі дыпламат Ч. Уітварт ахарактарызаваў яго стан як «стос смецця», што можа азначаць, што будынкі комплексу моцна пацярпелі падчас шведскай кампаніі 1702 г. Возьмем гэта за верхнюю дату.

Ёсць яшчэ адна немалаважная дэталь на гэтай мазайцы: вялікае вакно на фасадзе палаца. Як мы ўжо адзначалі вышэй, яно сапраўды там існавала, аднак падчас перабудоў 1740-х гг. было, відаць, закладзена. Лявей вакна мы бачым нейкую квадратную цёмную пляму і дзіўны пераход фасада палаца ў браму. На аснове археалагічных дадзеных і інфармацыі з інвентароў мы ведаем, што ў гэтым месцы праходзіла дадатковая галерэя і размяшчаўся эркер. Магчыма, яны і адлюстраваны на мазайцы.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Значна цяжэй даказаць наяўнасць аб’ёма, які выступае на ярус вышэй за палац і размешчаны за ім. Можа быць, гэтая інжынерная канструкцыя знаходзілася на месцы выступа з паўночнага боку палаца, які захаваўся да нашых дзён?

На даху палаца, які мае ламаную канфігурацыю, мы бачым мансардныя вокны. Падобныя завяршэнні палацаў мы сустракаем у заходнееўрапейскай архітэктуры таго часу.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Такім чынам, зыходзячы з праведзенага вышэй аналізу, мы можам смела сцвярджаць, што згаданы малюнак мазайкі з дамініканскай гімназіі ствараўся на аснове глыбокіх ведаў аб гарадской архітэктуры і ландшафце к. XVII — пач. XVIIІ стст., але, разам з тым, ён мае шэраг яўных недакладнасцяў. У прыватнасці, брама замка паказана нібы павернутай улева, мост мае нехарактэрную паўкруглую выгнутасць сваёй формы, а дах палаца ўвогуле паказаны вельмі непрапарцыйна будынку. Падобнага роду скажэнне дэталяў - храктэрная асаблівасць у выяўленчым мастацтве эпохі барока.

Яшчэ адной графічнай крыніцай па гэтаму перыяду Старога замка з’яўляецца саксонскі план горада пач. XVIIІ ст. (у літаратуры сустракаецца інфармацыя, што ён быў створаны ў 1705 г.). Перад тым як разглядаць непасрэдна замак, ахарактарызуем увесь план.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

У цэнтральнай частцы малюнка плана прадстаўлены панарамны выгляд Гродна з фіксацыяй усіх архітэктурных дамінант. Апазнаўшы некаторыя з якіх (Каложа, Стары замак, Фара Вітаўта, Бернардынскі мужчынскі касцёл), мы вызначылі прыблізнае месца на карце, з якога быў зроблены эскіз для стварэння згаданага плана (кропка насупраць сучаснага Новага замка), а затым нам удалося зідэнтыфікаваць усе астатнія дамінанты.

Вось як размешчаны будынкі з панарамнага выгляду: A — Каложская царква, B — Стары замак, C — Дамініканскі касцёл, D — Фара Вітаўта, E — магчыма, Прачысценская царква, F — Езуіцкі касцёл, H — Бернардынскі жаночы касцёл, I — Брыгіцкі касцёл, J — Бернардынскі мужчынскі касцёл. Намаляваўшы панараму горада, аўтар гэтай графічнай выявы дамаляваў геаграфічныя аб’екты: раку (fluvius), дарогу ў Літву (weg.nach Litauen), дарогу на Польшчу (weg.nach Pohlen), а затым нанёс на план аб’екты, якія не ўпісаліся ў панарамны выгляд: G — палац Агінскага, L -Францысканскі касцёл, K — занёманскі палац Радзівілаў.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Спосаб падачы архітэктурных аб’ектаў, пазначаных на плане, з’яўляецца даволі ўмоўным, аднак многія дэталі на ім могуць запоўніць белыя плямы гісторыі архітэктуры горада. У прыватнасці, шпілі на вежах Езуіцкага касцёла паказаны ў выцягнутай форме, што пацвярджае праўдзівасць малюнку п.п. XVIIІ ст. гэтага ж аб’екта на прыалтарнай лаве касцёла, а таксама наяўнасць падобнай формы купала ў Бернардынскім жаночым касцёле.

Вежа Фары Вітаўта паказана як чатырох’ярусная, што дадаткова пацвярджае нашу гіпотэзу наконт гэтага, але яна не мае купала, што можа быць растлумачана як вынік разбурэнняў часоў Паўночнай вайны. Палац Агінскага мае вежы па баках, што пацвярджаюць планы пач. XVIIІ ст., а яго воблік падобны да абарончых палацаў таго ж перыяду ў іншых месцах ВКЛ. Ён жа вельмі падобны на занёманскі палац Радзівілаў, знешні воблік якога супадае з планамі горада пач. XVIIІ ст.

Каложская царква мае сферычнай формы купал, што можа дапамагчы нам зрабіць рэканструкцыю яе знешняга выгляду ў гэты час. З правага боку ад царквы паказаны манастырскія будынкі, што дадаткова пацвярджае праўдзівасць мазайкі з дамініканскай гімназіі.

Аднак ёсць на плане і спрэчныя моманты: Дамініканскі касцёл і Прачысценская царква. Першы аб’ект, паводле многіх даследчыкаў, быў пабудаваны пасля 1708 г., калі згарэў першапачатковы драўляны будынак касцёла. Магчыма, на плане адлюстраваны менавіта той першы Дамініканскі касцёл, выгляд і памеры якога, паводле гэтага малюнка, былі вельмі падобныя пазнейшаму цаглянаму.

Прачысценская царква апынулася ў моцным заняпадзе пасля руска-польскай вайны і была разабрана ў пач. XVIIІ ст. Тут ёсць два варыянты: або царква пасля вайны 1654−1667 гг. была парамантавана і зноў разбурана ў ходзе Паўночнай вайны, або на плане паказаны іншы аб’ект, які размяшчаўся на тым жа вектары, што і будынак царквы.

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Як бачым, саксонскі план горада пач. XVIIІ ст. даволі падрабязна, але, адначасова з тым, схематычна адлюстроўвае панарамны выгляд Гродна. Гэта ж датычыць і выгляду Старога замка, дзе на першым плане — трох’ярусная вежа з боку Нёмана, якая мае чатырохсхільны дах, верх якога завершаны двума шпілямі. Цікава, што ў інвентары 1712 г. паведамляецца, што гэтая вежа мела на даху дзве бляшаныя зорачкі. З правага боку ад вежы ідзе галерэя ў бок брамы, якая паказана з двухсхільным дахам. Інвентар 1712 г. таксама фіксуе факт завяршэння вежы двухсхільным дахам.

Правей брамы знаходзіцца замкавы мост, знешні выгляд якога мала змяніўся з тых часоў. З левага боку ад нёманскай вежы паказаны працяг галерэі з выступаючымі канструкцыямі. За згаданымі пабудовамі паказаны замкавы палац з чатырохсхільным дахам. З першага погляду, малюнак замкавага комплексу змяшчае значную недакладнасць, а менавіта тое, што вежа з боку Нёмана выступае значна вышэй над узроўнем палаца. Але калі ўспомніць, што дадзены аб’ект, як і ўсе панарамныя дамінанты, маляваўся з занёманскай часткі горада, магчыма, з нізіннай мясцовасці ля берага ракі, дзе наднёманская вежа знаходзілася ў найбліжэйшай перспектыве, то візуальна яна падавалася вышэйшай за палац.

Воблік трэці. Саксонскі праект

У 40—50-х гадах XVIII ст. комплекс Старога замка канчаткова страціў сваё становішча як каралеўскай рэзідэнцыі і быў перабудаваны саксонскімі архітэктарамі. Замак набыў больш кампактны выгляд. Да нашага часу захаваўся чарнавы варыянт праекту перабудовы замкавага палацу, а менавіта заходняга і ўсходняга фасадаў, а таксама план замкавых пабудоў (1 і 2 паверх).

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Згодна з праектам, фасады палаца павінны былі абрамляцца пілястрамі з барочнымі картушамі, вокны — набыць прамавугольную форму і абрамляцца фігурнымі ліштвамі, дах — займець чатырохсхільную форму. План карэктаваўся алоўкам, у прыватнасці на заходнім фасадзе (на прадстаўленым малюнку ён паказаны злева) зменена размяшчэнне, форма і колькасць мансардных вокнаў (замест дзевяці пакінулі тры), а таксама размяшчэнне вокнаў і пілястраў на фасадзе будынка.

Тое, што паказаны праект быў зрэалізаваны — у нас не ўзнікае сумнення. Доказам таму — малюнак 1845 г., дзе паказаны Стары і Новы замкі. На ім мы бачым заходні фасад палаца, аналагічны малюнку з праекта (у папраўленым алоўкам варыянце).

Як выглядаў Стары замак у XVII-XVIIІ стст.?

Цягам ХІХ ст. у будынках Старога замка размяшчаліся ў розны час афіцэрскі сход, казармы, склады і інш., і сур’ёзных змяненняў аб’ёмна-планіровачнай структуры тут не назіралася, пакуль у 1848 г. у замкавым палацы з-за працякання даху не адвалілася значная частка тынкоўкі ўнутры памяшканняў, «едва не придавив присутствующих», пасля чаго было вырашана правесці капітальны рамонт будынка: пазбіваць дэкаратыўную тынкоўку з вонкавага боку палаца (а пілястры і ліштвы былі выкананы на сценах менавіта метадам двухузроўневай тынкоўкі), панізіць дах. У пач. ХХ ст. да былога палаца быў прыбудаваны трэці паверх, што дазволіла стварыць двухсвятловыя залы.

Такім чынам, апошні з трох ахарактарызаваных намі воблікаў Старога замка найбольш дакументалізаваны. Сённяшні будынак былога каралеўскага палаца на замкавым дзядзінцы — гэта, па-сутнасці, будынак сяр. XVIII ст., узведзены на руінах каралеўскага палацу і нязначна зменены цягам апошніх двух стагоддзяў. У апошні час стала актуальнай тэма вяртання замку нібыта першапачатковага выгляду на к. XVI — пач. XVII стст., хоць, як мы ўжо ўпэўніліся, дакладных графічных матэрыялаў для рэалізацыі гэтага праекта няма, а гравюра Макоўскага, якая была ўзята за аснову стварэння праекта перабудовы змяшчае шэраг недакладнасцяў. Разам з тым, дзеля перабудовы замка плануецца знішчэнне амаль усіх пазнейшых архітэктурных напластаванняў і узвядзення спрэчных аб’ектаў на тэрыторыі замкавага комплексу, што выклікае хвалю абурэння сярод некаторых даследчыкаў.