Кінуць паліць, пахудзець, вывучыць англійскую — падобны спіс жаданняў з’яўляецца шмат у каго перад Новым годам. Але навагодняя ноч праходзіць, а цуд не адбываецца. Псіхолаг Кацярына Буча расказала Hrodna.life, як настроіць сябе на пазітыўныя змены і ці варта для гэтага чакаць чарговага 1 студзеня.

Новы год — гэта казка для дарослых

Новы год — гэта надзея на тое, што ў адыходзячым годзе застануцца праблемы, і распачнецца новае жыццё. Гэта змена, адчуванне чагосьці новага. Можа, гэта ілюзія. Але ілюзія прыемная, тая, што натхняе і дае сілы жыць. Надзея, што з 1 студзеня ты распачнеш новае жыццё — гэта натхненне, якое робіць нас мацнейшымі, адкуль мы бярэм энергію для нашага жыцця.

Пачаць новае жыццё з Новага года — гэта як пачаць новую кнігу з чыстага ліста, таму што з боем курантаў ты адпускаеш сваё мінулае і ўсміхаешся сваёй будучыні. Гэта мара быць шчаслівым. Гэта кропка абнулення — калі мінулае адыходзіць і надыходзіць запаветная будучыня. Людзі ў гэты момант радуюцца! Яшчэ 31-га ўсе напружаныя, спяшаюцца ўсё паспець купіць — прадукты, падарункі, лаюцца, а пасля бою курантаў выходзяць на вуліцу, выбухаюць салюты, радуюцца і віншуюць адзін аднаго з пачаткам новага жыцця — жыцця з новага ліста.

novyi-god-novae-zhyitstsyo-1

Гэта казка для дарослых, якую яны прайграюць кожны год. Гэта казка, якая праз выкананне традыцый (мандарыны, ёлка, шампанскае) сімвалізуе стабільнасць, а праз вызваленне ад мінулага пад бой курантаў - радасць. І не важна, што можа нічога не змяняцца… важна само адчуванне, прадчуванне новага жыцця!

Сістэмныя заняткі, разуменне і дэтальная «разведка»

Каб усё ж такі нешта змяніць у сваім жыцці, трэба ўцяміць пэўныя рэчы. Па-першае — варта зразумець, навошта і для чаго ты гэта робіш. Гэта жаданне тваё ці навязанае грамадствам?

Па-другое, патрэбна разуменне, што гэта сістэма, а не на некалькі дзён. Напрыклад, чалавек прыходзіць у трэнажорную залу. «Хачу, каб у мяне былі біцэпсы, каб я быў прыгожы». І хапае самы вялікі аб’ём «жалеза». Ён думае, што калі «сотку» пракачае, у яго адразу вырастуць біцэпсы. Гэта вялікая праблема людзей — яны хочуць усё і адразу, думаючы, што пстрык — і ўсё адбудзецца.

Ты не можаш узяць адразу 100 кілаграм, калі ты не гатовы. Бо замест біцэпсаў ты атрымаеш міжпазваночную грыжу, пацягнеш спіну, сарвеш мышцы ці атрымаеш траўму. Пачынаць трэба з прымальнай вагі, вучыцца, як правільна рабіць практыкаванні. Ёсць інструктары, у якіх можна пракансультавацца і выпрацаваць для сябе сістэму падрыхтоўкі. Важная не вялікая вага, а тое, што ты займаешся сістэматычна.

novyi-god-novae-zhyitstsyo-7

Тое ж самае са звычкамі ў паўсядзённым жыцці. У трэціх, варта ўсё прадумаць і дэтальна даведацца, перш чым нешта змяняць. Важна знайсці спецыяліста, які дапаможа вырашыць пытанне. Напрыклад, калі хочаш пахудзець, варта знайсці таго, хто ў гэтым разбіраецца — дыетолага. Ён вывучыць твой арганізм, падбярэ метады пахудзення, каб не пашкодзіць арганізму. У чацвёртых, каб пазбавіцца шкодных звычак, варта іх замяняць добрымі і карыснымі.

Матывацыя на кожны дзень

Самае важнае — гэта фіксаваць свае дасягненні. Каб ты бачыў, дзе ты быў, а дзе знаходзішся зараз. Калі пра пахудзенне, то адсочваць аб’ём таліі ці вагу цела. У працэсе ты глядзіш на сябе ў люстэрка і нічога не заўважаеш, а цябе сустракаюць і кажуць: о, ты так змянілася. У канцы года людзі часта інтуітыўна аналізуюць, як яны правялі год, падводзяць вынікі, што атрымалася, што не. Сам факт таго, што ты гэта бачыш, матывуе і натхняе.

novyi-god-novae-zhyitstsyo-6

Не скажу, што ў гэтай справе ўсім патрэбна дапамога псіхолага. Але калі ты некалькі разоў спрабуеш змяніць жыццё, а не атрымліваецца, ёсць сэнс звярнуцца да спецыяліста. Ён дапаможа разабрацца ў плане дасягненя мэтаў: чаго вы хочаце і кім будзеце. Я называю гэта «раскласці па палічках».

Не варта пачынаць новае жыццё менавіта з 1 студзеня. Жыццё — гэта працэс, пастаянныя змены, у ім пастаянна нешта адбываецца. Нават сустрэча з выпадковым чалавекам можа змяніць шмат у тваім жыцці. А прывязаць сябе да даты — гэта паставіць абмежаванне.