Паўсотні жыхароў дома № 42 па вуліцы Ажэшкі 2 сакавіка сустрэліся з прадстаўнікамі гарвыканкама. Яны абмяркаўвалі магчымае будаўніцтва кафэ на прылеглай вуліцы Ціміразева. Жыхары дома не жадаюць бачыць у двары ніякага кафэ. Маўляў, ім за 20 гадоў хапіла чабурэчнай. Улады кажуць, што будаўніцтва прадугледжана генпланам.

Уладальнік былой чабурэчнай выбраў участак у двары

Жыхары дома, побач з якіх хочуць пабудаваць кафэ, адпраўлялі калектыўную скаргу ў розныя дзяржаўныя інстанцыі. Менавіта таму прадстаўнікі гарвыканкама прыязджалі да іх на сустрэчу. Але нармальнага дыялогу на вуліцы не атрымалася.

«А што нам з імі размаўляць? Чыноўнікі нам нічога не паказалі і сказалі, што зямля гарадская і там прадугледжана кафэ, — распавядае жыхар дома Аляксандр. — У нас ужо было адно кафэ „У старога млына“. Яго знеслі, бо будуць працягваць дарогу. За прычыненую шкоду ўласніку кафэ далі свабодны выбар новага ўчастка, вось ён і выбраў месца ў нашым двары, літаральна некалькі метраў ад пад’езда. Меркавання жыхароў, ці жадаюць яны ў сябе пад домам бачыць кафэ, ніхто не пытаў. Бізнесмену будзе добра, а вось жыхарам двухсот кватэр неяк не вельмі».

Замест чабурэчнай ля заапарку пабудуюць новае кафэ. Жыхары Ажэшкі супраць
Жыхары дома спрабуюць наладзіць дыялог з прадстаўнікамі гарвыканкама

Ніхто з жыхароў не ведаў пра новае кафэ

Жыхары дома адзначаюць, што калі ў канцы 1990-х будавалася чабурэчная, то тады прадстаўнікі розных гарадскіх службаў хадзілі і пыталі меркаванне жыхароў. Зараз такога няма.

«Нам абяцалі, што чабурэчная будзе часова каля нашага дома, а яна прастаяла да канца 2017 года. Там у іх прыбіральні не было і ўсе хадзілі да нас пад пад’езды. Мы пастаянна скардзіліся, — распавядае жыхарка дома Ванда Гайдук. — Сёння нам яшчэ адно кафэ хочуць зрабіць і яно будзе значна бліжэй. Летась у двары сметніцы паставілі, а ў гэтым годзе хочуць пабудаваць яшчэ і кафэ.

Навошта нам гэта трэба? Нашым дзецям i так гуляць няма дзе. Ніхто з жыхароў нават не ведаў, што ў двары будзе кафэ, пакуль не пачалі спілоўваць дрэвы. Толькі тады мы даведаліся, якія планы ў горада. На сустрэчы з прадстаўнікамі гарвыканкама мы сказалі, што не дазволім ім будаваць кафэ. Вось куды яны будуць будаваць, калі пад нашым дваром цячэ Гараднічанка? А дзе будуць гуляць нашы дзеці і дзе мы будзем ставіць машыны? Гэтыя пытанні чамусьці чыноўнікаў не цікавяць".

Замест чабурэчнай ля заапарку пабудуюць новае кафэ. Жыхары Ажэшкі супраць
Прыблізнае месца пабудовы кафэ

Па генплане — кафэ павінна быць

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Кухцюк адзначае, што будаўніцтва кафэ прадугледжана генпланам. Установа размесціцца ў 30 метрах ад шматкватэрнага дома.

«Быў зварот, мы выязджалі на месца, каб пагутарыць з жыхарамі. У горадзе пры выбары любой тэрыторыі пад будаўніцтва заўсёды ўсім нельга дагадзіць. На Ціміразева плануецца будаўніцтва будынка грамадскага прызначэння, які прадугледжаны генпланам 2003 года. Гэта будзе кафэ-кандытарская. Плошча будзе такая ж, як была ў чабурэчнай.

Зямлю пад будаўніцтва не забіраюць у людзей, яна гарадская. У інвестара сёння толькі аформлены акт выбару тэрыторыі, што дае права праектавання аб’екта. Натуральна, ніхто над рэчкай будаваць не збіраецца. Прыбіральня ў новым будынку будзе прадугледжана, таму жыхарам дома не варта турбавацца", — адзначыў Андрэй Кухцюк.